Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода зноў сабраліся на плошчы

23 лютага ў цэнтры Брэста ў чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода, перадае Свабода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.
Паводле праваабаронцы Рамана Кісляка, на плошчу прыйшло 120 чалавек. Міліцыя праз мегафон папярэджвала іх аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаванай акцыі.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі вынікі круглага стала «Аналіз ўздзеяння акумулятарнай вытворчасці на навакольнае асяроддзе і чалавека» з удзелам расійскіх экспертаў. Мерапрыемства было арганізавана ТАА «АйПаўэр» сумесна з грамадзкай арганізацыяй «Экадом».

У пасяджэнні хацелі ўзяць праціўнікі акумулятарнага завода, аднак запрасілі толькі аднаго чалавека, і ён адмовіўся. У якасці экспэртаў у круглым стале прынялі ўдзел намеснік галоўнага лекара Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ў Санкт-Пецярбургу Кірыл Фрыдман і намеснік галоўнага інжынера па экалагічнай бяспецы акумулятарнага завода ЗАТ «Балтэлектра» (Санкт-Пецярбург).

Актывіст з Брэста Алег Вялаў назваў «поўнай лухтой» прапанову Фрыдмана запусціць завод, каб паглядзець, якія выкіды ад яго будуць. «Завод фактычна запускалі — вяліся пусканаладачныя работы. Выкіды былі настолькі катастрафічнымі, што нам нават не далі рэальныя дадзеныя. Вядома, што па адным са шкодных рэчываў зафіксаваныя выкіды, якія перавышаюць запланаваныя ў 178 разоў, па іншым — у 30 разоў», — заявіў Алег Вялаў.

Праціўнікі завода лічаць, што высновы расійскіх экспертаў неаб’ектыўныя, таму што яны былі запрошаныя на круглы стол кампаніяй «АйПаўэр».

Паводле Алега Вялава, «гэты круглы стол не больш чым паказуха». «АйПаўэр» сябе цалкам дыскрэдытаваў і такім чынам спрабуе адмыць сваю рэпутацыю», — заявіў актывіст.

Берасцейка Ніна Бандарэвіч лічыць, што «ніводзін разважны чалавек не скажа, што спачатку трэба запусціць завод, а потым праверыць, ці будуць людзі ад яго паміраць».

Па словах актывісткі Тацяны Фесікавай, «гэтыя запрошаныя экспэрты нават не звярнулі ўвагу на недакладныя дадзеныя ў праектнай дакументацыі завода».

«Перш чым даваць нам парады, хай бы яны разабраліся спачатку са сваімі праблемамі, — сказаў Раман Кісляк. — Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна не маюць намеру станавіцца паддоследнымі трусамі. Мы будзем дамагацца канчатковага закрыцця акумулятарнага завода».

Пасля сустрэчы на плошчы праціўнікі будаўніцтва завода прайшлі па цэнтральных вуліцах — Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра «Беларусь».

Акумулятарны завод ТАА «АйПаўэр» збудаваны на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» брэсцкай свабоднай эканамічнай зоны. На прадпрыемстве плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Мясцовыя жыхары лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

У чэрвені 2019 году Брэсцкі аблвыканкам прыпыніў будаўніцтва завода «да ліквідацыі выяўленых парушэнняў», а абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол прадпрыемству на выкід шкодных рэчываў у атмасфэру. У ліпені праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: