Працягваецца ціск на гарадзенскага музыку і фрылансера Алеся Дзянісава

Адміністрацыйную справу пачала гарадзенская міліцыя супраць сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, музыкі Алеся Дзянісава.
Па пошце ён атрымаў копію пратакола, дзе яго ўведамляюць, што ён парушыў артыкул 17.11 частка 2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (выраб і/або распаўсюджванне, а таксама захоўванне з мэтай распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства). Алесь Дзянісаў вось так каментуе дасланы яму пратакол:

— Не, гэта не крымінальная справа, хоць, па шчырасці, я не разумеў раней, бо з-за гэтых званкоў было няясна, што там і як, якую справу завялі. Маёй дачцэ падалося, што сказалі пра крымінальную справу, але самі ведаеце, калі дзіцё і не ўсё зразумела. Але зараз мы ведаем, што справа адміністрацыйная: распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі. Я зрабіў перапост са старонкі анархістаў у ВК. 


Зараз гэтая старонка ў сацыяльнай сетцы, адкуль рабіў перапост Алесь Дзянісаў, заблакаваная і праверыць гэта немагчыма. Таму напрошваецца пытанне: па якім фізічна існуючым факце супраць Алеся Дзянісава цяпер вядзецца справа? Журналіст і музыка, здаецца, ведае адказ.

— Можа быць, справа яшчэ трошкі развальваецца. І яны вырашылі завесці яшчэ адну. І каб апаратуру, якую трымаюць ужо трэці месяц, неяк канфіскаваць, больш-менш па законе. Вось яны зараз мяне і прызнаюць экстрэмістам, дадуць штраф і забяруць усю апаратуру — і гэта ўсё будзе паводле закона. У мяне такі прагноз. Я ўпэўнены, што ціск на мяне як на музыку не меншы, чым на журналіста.

Яшчэ два тыдні таму Алесь Дзянісаў адчуваў маральны ціск з боку міліцыянтаў, якія тэлефанавалі да яго сваякоў, а таксама яму асабіста з мэтаю атрымання інфармацыі пра парушэнне законаў. А ў ліпені канфіскавалі ўсю камп’ютарную тэхніку і носьбіты інфармацыі ў яго і яго калегі па працы Алеся Кайрыса.


Паводле racyja.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!