Працягваюцца рэпрэсіі супраць удзельнікаў акцый за незалежнасць

Пра гэта паведамляе прэс-служба БХД.
Валерыя Чарнаморцава

Валерыя Чарнаморцава

Актывістка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Валерыя Чарнаморцава атрымала паведамленне з Савецкага раённага суду ў Мінску пра тое, што яе аштрафавалі за ўдзел у акцыі пратэсту супраць паглыблення інтэграцыі Беларусі ды Расіі 8 снежня.

Суд нібыта адбыўся 26 снежня і прысудзіў яе да штрафу ў 30 базавых велічынь. Позву ў суд і паведамленне пра вынік суду Валерыя Чарнаморцава атрымала адначасова.

9 студзеня два пратаколы ў дачыненні да каардынатаркі БХД на Віцебшчыне Таццяны Севярынец будзе разглядаць суд Першамайскага раёну Мінску. Пратаколы складзеныя на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП.

А 20 студзеня Гарадзенскі абласны суд будзе разглядаць скаргу гарадзенскага актывіста БХД Сяргея Верамеенкі, які 20 снежня быў аштрафаваны за пікет супраць інтэграцыі.
 
У Бабруйску дадому да маці актывіста МХД, былога кандыдата ў дэпутаты Змітра Казакевіча 4 студзеня прыйшлі міліцыянты. Актывіст адзначае, што не жыве і не прапісаны па гэтым адрасе ўжо больш за год.
«Распытвалі, дзе я жыву, працую. Казалі, што я ўдзельнічаў у несанкцыянаваных акцыях і за гэта можа быць сур’ёзная адказнасць. Запужалі маці, узнялі нервы ды сышлі. Пайшлі па суседзях распытваць пра мяне ды распавядаць, які я злачынца», — распавёў Зміцер Казакевіч.

Змітра Казакевіча 26 снежня аштрафавалі на 50 базавых велічынь за ўдзел у пратэсце 7 снежня. 18 лістапада яго аштрафавалі за пратэст у Курапатах, па выніках якога актывіста збілі міліцыянты ды пазбавілі рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты.

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: