Працоўны кодэкс ператворыць работнікаў у «часова занятых»?

Палата прадстаўнікоў 26 чэрвеня прыняла ў другім чытанні папраўкі ў Працоўны кодэкс. Незалежныя прафсаюзы лічаць, што змены могуць узаконіць пагаршэнне правоў працоўных.

Кантракты і цмокі

Цяпер у закон аб працоўных адносінах уключаюцца нормы дэкрэту № 29 аб кантрактнай форме найму і Дэкрэту №5 аб узмацненні працоўнай дысцыпліны.

Часовыя працоўныя дамовы, уведзеныя дэкрэтам №29 ад 26 ліпеня 1999 года «Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносінаў, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны», сталі адным з самых моцных удараў па прававым становішчы наёмных працоўных. Да гэтага ў Беларусі практыкаваліся бестэрміновыя працоўныя дамовы, атрыманыя ў спадчыну ад савецкага КЗаП. Ад ліпеня 1999 года дамова найму паміж працаўніком і працадаўцам стала заключацца на тэрмін ад аднаго года да пяці. Пад дзеянне дэкрэта траплялі ўсе рабочыя і служачыя Беларусі на прадпрыемствах і арганізацыях усіх форм уласнасці.

Тэарэтычна, у працадаўцы захоўвалася магчымасць заключыць і бестэрміновую дамову. Але, зразумела, на дзяржпрадпрыемствах гэта амаль не практыкуецца — такія гарантыі зусім не ў інтарэсах наймальнікаў.

Дэкрэт №5 ад 15 снежня 2015 года «Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый» працягнуў стратэгію «закручвання гаек» на працоўных месцах. Гэты дэкрэт уводзіў сапраўды драконаўскія меры пакарання ў адносінах да наёмным работнікаў. Персанал дазвалялася караць грашовымі вылікамі на працягу ўсяго года. Пры гэтым фактычныя штрафы маглі сягаць чвэрці гадавога заробку працоўнага. Нават аднаразовае «грубае парушэнне работнікам сваіх абавязкаў» магло выклікаць датэрміновае скасаванне кантракту і звальненне. Таксама працадаўца па сваім меркаванні мог істотна змяняць умовы працы, папярэдзіўшы працаўніка ўсяго за тыдзень.

Для таго, каб гэтыя механізмы рэпрэсіўнага кантролю працавалі напоўніцу, дадатковая адказнасць усталёўвалася і для кіраўнікоў. Згодна з пунктам 6.9, ім таксама пагражала звальненне ў выпадку «ўтойвання фактаў парушэння работнікам працоўных абавязкаў» і не прыцягнення яго да адказнасці.


Паляпшэнне праз узмацненне жорсткасці?

Актывісты рабочага руху ад самага пачатку выступалі супраць кантрактнай формы найму. Лозунгі «Не — кантрактам!», «Кантракты — пятля на шыі працоўных!» гучалі амаль на ўсіх мітынгах і дэманстрацыях на сацыяльную тэму. Ставілася гэтае пытанне і ў Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) пры ААН, у якую ўваходзіць і Беларусь. Пры гэтым айчынныя ўлады звычайна казалі, што дэкрэты — мера часовая. Цяпер жа гэтыя нормы могуць стаць часткай пастаянна дзейнага заканадаўства.

Ужо 26 чэрвеня, адразу пасля галасавання дэпутатаў за прыняцце паправак у Працоўны кодэкс, лідары незалежных прафсаюзаў пачалі біць у званы. Паводле іх дадзеных, гаворка ішла пра безумоўныя ўключэнні ў ПК усіх жорсткіх нормаў дэкрэтаў №29 і №5. У прыватнасці, пра гэта заяўляў старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук у інтэрв’ю Naviny.by і на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. «Цяпер гэта кодэкс, пра які можа марыць любы неаліберал, — сказаў Ярашук. — Цяпер не на ўзроўні дэкрэтаў, але на ўзроўні Працоўнага кодэкса замацавана, што ўсіх работнікаў пераводзяць на тэрміновыя ўмовы найму, і Беларусь становіцца краінай часовай занятасці. Работніка без усялякіх тлумачэнняў прычын і выплаты выхадной дапамогі можна проста выкінуць у сувязі са сканчэннем тэрміну дзеяння кантракту. Яго можна падверг­нуць неймаверным пакаранням, пазбаўляючы да трох чвэрцяў заробку з дапамогай штрафаў за парушэнне працоўнай, вытворчай, выканальніцкай дысцыпліны».

Змены ў Працоўны кодэкс 28 чэрвеня былі зацверджаныя Саветам рэспублікі. Зараз справа засталася за подпісам кіраўніка дзяржавы. Аднак афіцыйна гэтыя папраўкі нідзе не публікаваліся. Адначасова ў афіцыйнай Федэрацыі прафсаюзаў пачалі казаць, што ім удалося дамагчыся ўнясення ў кодэкс нормаў, якія не пагаршаюць, а паляпшаюць прававое становішча беларускіх работнікаў. Пры гэтым нават у лаяльнай ФПБ прызналі, што «непадаўжэннем» кантрактаў працадаўцы ўсіх формаў уласнасці часцяком маскіруюць схаванае скарачэнне персаналу.

Дык што ж адбываецца на самай справе? Новы кодэкс ашчаслівіць або зробіць яшчэ больш бяспраўным гаротнага беларускага работніка?

Сапраўды, зараз у ПК прадугледжана, што з добрасумленным работнікам, які не мае дысцыплінарных спагнанняў, кантракт будзе заключацца на максімальны тэрмін — у межах пяці гадоў, а можа быць заключаны і на няпэўны час. Аднак такія рэкамендацыі былі зробленыя ўжо некалькі гадоў таму. Таксама тэрмін паведамлення пра «істотныя змены ўмоваў працы» ў кодэксе застанецца ранейшым — 30 дзён, а не сем, як было прадугледжана дэкрэтам №29.

Аляксандр Ярашук сказаў «Новаму Часу» пра тое, што незалежныя прафсаюзы «пакуль не бачылі прынятага закона, ён з’явіцца на публіку пасля падпісання кіраўніком краіны». «Верагодна, варта чакаць змякчэння найбольш драконаўскіх нормаў дэкрэтаў №29 і №5. Ва ўсялякім выпадку, мы ўсё рабілі для таго, каб гэта здзейснілася. Але нас, і асабліва работнікаў, гэта не вельмі суцешыць. Сістэму тэрміновых працоўных кантрактаў, як і гільяціну, немагчыма прынцыпова ўдасканаліць. І адно, і другое можна толькі адмяніць. Сумесна з МАП, з міжнародным прафсаюзным рухам, мы будзем на гэтым настойваць, і рана ці позна свайго даможамся», — заявіў прафсаюзны лідар.

Пры гэтым старшыня БКДП лічыць, што нормы дэкрэтаў №29 і №5 па-ранейшаму істотна пагаршаюць прававое становішча працаўнікоў, уводзяць элементы прымусовай працы і ўстанаўліваюць сістэму празмерных пакаранняў за парушэнні дысцыпліны.


Вандроўны персанал

Але варта звярнуць увагу, што, акрамя кантрактаў і ўзмацнення жорсткасці дысцыплінарнай адказнасці, у ПК уносяцца і іншыя палажэнні, якія супярэчаць інтарэсам работнікаў. Напрыклад, артыкул 32 цяпер прадугледжвае, што змены ў чарзе выхаду работнікаў на працу больш не з’яўляюцца зменай істотных умоў працы. Маўляў, такі «гнуткі» падыход дасць наймальніку больш свабоды і аператыўнасці ў арганізацыі вытворчасці, калі нехта захварэў ці не выйшаў на працу. А для чаго людзей перакідваюць па зменах на самай справе?

Аляксандр, які працуе на адным з прыватных шкляных прадпрыемстваў у Гомелі, кажа, што іх часцяком перакідваюць з адной змены на другую. «Такі пастаянны збой стварае сур’ёзныя праблемы для рэжыму сну і адпачынку, і без таго парушанага трохзменным графікам працы. Гэтак жа цяжка запланаваць нейкія сямейныя справы і вольны час — ты сабраўся правесці дзень з дзецьмі, а табе тэлефануюць і выклікаюць на працу. З пункту гледжання вытворчасці, такія перакіданні — таксама мінус, бо губляецца ўзаемадзеянне і зладжанасць у калектыве. Але можна меркаваць, што менавіта гэта і трэба кіраўніцтву — парушыць сувязі паміж людзьмі, каб і гаворкі не магло ісці пра салідарныя дзеянні рабочых па адстойванні сваіх інтарэсаў», — разважае ён.

Новая рэдакцыя артыкула 123 ПК дае наймальніку права перакідваць работнікаў са змены на змену, папярэдзіўшы іх усяго за дзень да гэтага.

Артыкул 32.1 прысвечаны пераводу работніка на іншую працу, у тым ліку і да іншага працадаўцы і ў іншы горад. То-бок, канчаткова легалізуе «лізінг», або, па сутнасці, проста перапродаж персаналу.

Дзеля аб’ектыўнасці варта сказаць, што ў новай рэдакцыі ПК прадугледжаны і некаторыя «плюшкі». Напрыклад, будзе павялічаная выхадная дапамога да аднаго сярэднямесячнага заробку ў выпадку, калі работнік адмовіўся ад працы па прычыне нязгоды з такімі зменамі ўмоў працы, як працоўны тыдзень менш 20-ці гадзін. Груба кажучы — ад пераводу на «двухдзёнку», які падштурхнуў работніка да добраахвотнага звальнення. Таксама ў такім рэдкім выпадку, як звальненне працоўнага пенсіянера з парушэннем наймальнікам працоўнага заканадаўства, пенсіянеру цяпер будзе выплачвацца выхадная дапамога.


«Не падабаецца — звальняйся!»

З якой мэтай у Беларусі былі ўведзеныя і цяпер канчаткова ўзаконеныя кантракты? Акрамя таго, што гэта дазваляе кантраляваць нязгодных, мэта кантрактнай сістэмы — павелічэнне эксплуатацыі наёмных работнікаў.

Галоўная праблема, што хвалюе ўсіх без выключэння рабочых і служачых, — нізкія заробкі. Аднак любыя спробы дамагчыся ад працадаўцы іх павышэнняў цяпер лёгка спыняюцца з дапамогай пагрозы непадаўжэння часовай працоўнай дамовы. «Не падабаецца — звальняйся!» — такую фразу чуў, напэўна, кожны з працоўных нават пры намёку свайму кіраўніцтву пра тое, што «нядрэнна было б дадаць».

Спрошчаная кантрактамі пагроза звальнення дазваляе блакаваць любыя спробы стварэння незалежных прафсаюзаў — галоўнай зброі ў барацьбе работнікаў за годны заробак і паляпшэнне ўмоў працы.

Пры гэтым сёння кантрактная сістэма стала важнай часткай неаліберальнай стратэгіі наступу на правы наёмных работнікаў ва ўсім свеце. Дарэчы, лідар Канфедэрацыі свабодных прафсаюзаў Украіны выказаў занепакоенасць сітуацыяй з кантрактамі ў Беларусі, паказваючы на тое, што ўсе негатыўныя змены ў працоўным заканадаўстве маюць уласцівасць вельмі хутка распаўсюджвацца ў рэгіёне.

Вясной 2017 года, падчас беспрэцэдэнтных масавых пратэстаў супраць дэкрэта №3, гучалі патрабаванні і адмены кантрактнай сістэмы, і павышэння пенсійнага ўзросту. Пад ціскам народа, які нечакана самаарганізаваўся, «падатак на беспрацоўе» быў адменены. Кантрактная сістэма, якая выклікае столькі незадаволенасці і нараканняў, пакуль толькі мадыфікуецца. Адмова ад гэтай адыёзнай практыкі — важны крок да абароны і пашырэння правоў усіх работнікаў Беларусі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!