Прадпрымальніка, што распавёў пра катаванні і згвалтаванні ў РУУС, асудзілі на 5 гадоў калоніі

Суддзя Ленінскага раёна Мінска Марына Запаснік прысудзіла да 5 гадоў калоніі строгага рэжыму 32-гадовага прадпрымальніка Віктара Барушку, які пасля катаванняў у РУУС амаль два тыдні правёў у рэанімацыі.


Віктара Барушку абвінавацілі ў «прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання амапаўцу» (пункт 5 часткі 2 артыкула 147 КК). Барушка распавядаў, што пасля затрымання яго жорстка збілі і згвалцілі дубінкай, перадае mediazona.by.

«Пацярпелы» даваў паказанні ў масцы і пад выдуманым імем, а абвінавачаны настойваў, што з-за траўмы не мог ударыць сілавіка левай нагой, як сцвярджае следства. Нягледзячы на гэта, суддзя Марына Запаснік прысудзіла Барушку да пяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Менавіта такога пакарання прасіў для яго пракурор Аляксандр Рамановіч.

Паводле абвінавачання, 18 кастрычніка 2020 года Віктар Барушка ўдзельнічаў у пратэстнай акцыі на Партызанскім праспекце. Калі амапаўцы паспрабавалі яго затрымаць, Барушка аказаў супраціў і ўдарыў аднаго з іх «целам у цела і нагой у нагу». З-за гэтага амапавец, які фігуруе ў справе як «Ілля Валохаў», атрымаў пералом вялікай галёначнай косткі правай нагі. Судмедэкспертыза заключыла, што гэта пашкоджанне адносіцца да катэгорыі цяжкіх.

У самога Барушкі — іншая версія падзей. Па яго словах, ён вяртаўся дадому з нядзельнага маршу. У раёне завода «Мотавела» на Партызанскім праспекце мужчына ўбачыў сілавікоў і, спалохаўшыся, «пачаў уцякаць». Неўзабаве ён адчуў, што нехта зрабіў яму падсечку «справа ззаду». Ад гэтага ён упаў на спіну і «ўбачыў берац сілавіка». Міліцыянты паднялі Барушка за рукі і заштурхалі ў аўтазак.

Праз некаторы час аўтазак крануўся, але неўзабаве спыніўся: сілавікі шукалі сярод затрыманых чалавека ў сіняй куртцы.

«Пазней мяне апазнавалі па сіняй куртцы яшчэ шэсць разоў. Потым мяне пазначылі — лоб, рукі і байку размалявалі чырвонай фарбай з балончыка», — успамінаў у судзе Барушку.

У Ленінскім РУУС, куды прывезлі затрыманага, яго «адвялі на допыт у «памяшканне, падобнае на душавую». «Сказалі, што ў іх ёсць відэа маіх удараў у дачыненні да міліцыянта. Я папрасіў адваката. Спыталі на камеру імя і прозвішча, Ці ёсць пытанні і прэтэнзіі да супрацоўнікаў міліцыі. Адказаў, што няма», — распавёў падсудны.

Далей, па сцвярджэнні Барушкі, у памяшканне зайшоў мужчына ў масцы, а яму самому надзелі на галаву мех.

«Білі, дубінку ў дупу засоўвалі. Пасля гэтага я правёў 12 дзён у рэанімацыі БХМД. Ногі былі такія апухлыя, што не мог зняць джынсы. Калі мяне білі, я бераг левую нагу. Мне мянялі звязкі на левай назе, я не мог ёю ўдарыць», — настойваў ён.

Заявы на сілавікоў Барушка не пісаў — не бачыў у гэтым сэнсу: ніводнай крымінальнай справы аб міліцэйскім гвалце са жніўня так і не распачалі.

Сведка Сьвятлана Раманава пацвердзіла, што «Іван Волахаў» ўпаў на абвінавачанага зверху, зрабіўшы яму падсечку правай нагой. Па яе словах, гэта нагадвала падсечку у амерыканскім футболе. Сам Барушка не выключае, што нага супрацоўніка АМАПу была пашкоджаная пры гэтым сутыкненні.

Паводле версіі «Івана Валахова», які даваў паказанні ў судзе ў балаклаве, 18 кастрычніка, спрабуючы затрымаць Барушку, ён пабег яму насустрач і атрымаў удар левай нагой па правай назе, пры гэтым адчуўшы моцны боль. Пацярпелы сцвярджаў, што падсудны ўдарыў яго адмыслова.

Згодна з матэрыяламі справы, пры апытанні ў бальніцы «Волахаў» растлумачыў, што прычынай траўмы было сутыкненне. У судзе ён адмовіўся ад гэтых слоў.

Пасля таго, што здарылася «Волахаў» «тры месяцы правёў на бальнічным», перажываючы «за сяброў і таварышаў, якія працавалі».

Калега «Волахава» — таксама пад выдуманым імем і ў балаклаве — пацвердзіў яго словы пра ўдар нагой.

Калі брат абвінавачанага Мікалай Барушка даведаўся, што Віктар стаў фігурантам крымінальнай справы, ён пачаў адшукаць відэа затрымання: расклеіў аб'явы на пад'ездах у раёне велазавода і папрасіў дапамогі ў сацсетках.

Адгледзеўшы «тысячы гадзін відэа», Мікалай знайшоў чатырохсекундны фрагмент здымкі, які суддзя пагадзілася далучыць да справы і праглядзець на пасяджэнні. Па словах Мікалая Барушка, на запісы відаць, што падсечку брату робіць іншы амапавец. У Віктара нага падхінаецца, і толькі пасля гэтага адбываецца сутыкненне з «Волахавым».

Тым не менш, нягледзячы на відавочныя факты невінаватасці падсуднага так званая суддзя Марына Запаснік прызначыла Віктару Барушку 5 гадоў калоніі строгага рэжыму, як таго патрабаваў пракурор.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: