Прадстаўнікі трох краін ушанавалі памяць героя сустрэчы на Эльбе

3 чэрвеня Пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім разам з паверанай у справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Джэніфер Мур і намеснікам міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алегам Краўчанкам наведалі могілкі "Міханавічы" пад Мінскам, дзе пахаваны галоўны герой знакамітай сустрэчы на Эльбе 1945 года ўкраінец Аляксандр Сільвашка.

Прадстаўнікі трох краін ушанавалі памяць Аляксандра Сільвашкі, усклаўшы кветкі да магілы знакамітага ўкраінца і яго жонкі, паведамляе прэс-сакратар Пасольства Украіны ў Беларусі. Разам з прадстаўнікамі амбасадаў і МЗС Беларусі наведала магілу бацькі і дачка Аляксандра Сільвашкі Таццяна. 

У кантэксце мерапрыемстваў, якія праводзяцца Пасольствам Украіны з нагоды 75-й гадавіны заканчэння Другой сусветнай вайны, у бліжэйшы час у музеі аграгарадка Морач, дзе доўгі час жыў і працаваў Аляксандр Сільвашка, адкрыецца падрыхтаваная Пасольствам фотавыстава, прысвечаная ўкраінцам, якія вызвалялі Беларусь ад нацыстаў у 1941 -1945 гг. Некалькі стэндаў экспазіцыі прадметна раскажуць пра Аляксандра Сільвашку і яго баявы шлях.

Пасольства Украіны працягне шанаваць памяць выбітных украінцаў, чый лёс звязвае Украіну і Беларусь, а жыццёвы шлях з'яўляецца прыкладам пераймання для будучых пакаленняў. У прыватнасці, удзельнікаў Другой сусветнай вайны, такіх як Аляксандр Сільвашка.

Аляксандр Сафронавіч Сільвашка — легендарны ўкраінец, які пражыў значную частку жыцця ў Беларусі. Нарадзіўся ў 1922 у с. Кавуноўка Шполянскага раёна Чаркаскай вобласці. Да Другой сусветнай вайны працаваў на Чаркашчыне. З 1941 года змагаўся з нацыстамі ў шэрагах партызан. У 1943-м уліўся ў шэрагі 58-й гвардзейскай дывізіі. Удзельнік баёў на пераправах праз рэкі Буг, Днепр, Вісла і Одэр, падчас якіх атрымаў цяжкія раненні. Меў баявыя ўзнагароды. Увесну 1945 года ў складзе 1-га Украінскага фронту дайшоў да ракі Эльба, дзе паблізу горада Торгаў 25 красавіка 1945 адбылася сустрэча перадавых разведвальных груп савецкіх і амерыканскіх войскаў. У гэты дзень менавіта камандзір групы, лейтэнант Аляксандр Сільвашка першым паціснуў руку лейтэнанту арміі ЗША Уільяму Робертсану на паўразбураным мосце праз Эльбу.

Пасля вайны Аляксандр Сільвашка разам з жонкай і дачкой пераехаў у Беларусь, працаваў настаўнікам, быў дырэктарам навучальных устаноў у Клецкім раёне Мінскай вобласці. Дзякуючы яго энергіі і намаганням у той складаны час у Беларусі было адноўлена і пабудавана некалькі новых школ. Увосень 2010 года Аляксандра Сафронавіча не стала.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: