Праект новай Канстытуцыі плануюць вынесці на ўсенароднае абмеркаванне

Праект новай Канстытуцыі вынесуць на ўсенароднае абмеркаванне. Пра гэта ў эфіры тэлеканала АНТ расказала член Канстытуцыйнай камісіі Кацярына Рэчыц.
— Для Канстытуцыйнай камісіі прадугледжаны механізм зваротнай сувязі. Той праект, які будзе выпрацаваны, будзе выносіцца на ўсенароднае абмеркаванне, — заявіла член камісіі, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Кацярына Рэчыц.

Паводле яе слоў, у грамадзян «будзе магчымасць вызначыць, наколькі гэты праект адпавядае сацыяльнаму запыту, альбо скарэктаваць яго».

— Гучалі самыя розныя прапановы: ад таго, каб пераразмеркаваць частку паўнамоцтваў прэм'ер-міністру, да таго, каб, наадварот, узмацніць ролю прэзідэнта. Ніякіх канчатковых прапаноў не сфармулявана, гэтае пытанне яшчэ ў прапрацоўцы. Маё асабістае меркаванне ў тым, што беларускае грамадства імкнецца да моцнай прэзідэнцкай улады, — адзначыла Кацярына Рэчыц.

На адным з пасяджэнняў камісіі яе кіраўнік і старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч заявіў, што не бачыць неабходнасці ў змене формы праўлення з прэзідэнцкай на парламенцкую альбо парламенцка-прэзідэнцкую.

Нагадаем, Канстытуцыйная камісія прыступіла да працы ў пачатку сакавіка. У яе ўвайшлі больш за 30 чалавек, у тым ліку кіраўнік Савета Рэспублікі Наталля Качанава, кіраўнік Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, дэпутаты Ігар Марзалюк, Святлана Любецкая, Валерый Міцкевіч, Валянцін Семяняка.

Камісія павінна да 1 жніўня 2021 года прадставіць Аляксандру Лукашэнку выпрацаваныя прапановы па змяненні Канстытуцыі для наступнага іх вынясення на рэспубліканскі рэферэндум.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: