Праект Сафійскага сабора ў Віцебску прайшоў экалагічную экспертызу

З трэцяй спробы праект будаўніцтва ў парку Партызанскай славы ў Віцебску Сафійскага сабора па вобразу полацкага храма XI стагоддзя прайшоў дзяржаўную экалагічную экспертызу.


24 жніўня Віцебскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя вынес станоўчае заключэнне па гэтым праекце, прадстаўленым рэлігійнай суполкай «Прыход Сафійскага Сабора г. Віцебска Віцебскай Епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы». Раней праект копіі полацкай Сафіі двойчы атрымліваў адмоўную ацэнку абласнога камітэта прыродааховы.

У першапачатковым праекце меркавалася, што для пабудовы сабора і аўтастаянкі на 35 аўтамабільных месцаў у парку Партызанскай славы будуць высечаныя 206 дрэў і зведзены 4658 квадратных метраў газонаў. Ці змянілася што-небудзь у праекце або эксперты проста перагледзелі сваё рашэнне — не вядома. Ні чыноўнікі, ні святары пра гэта грамадскасць у вядомасць не ставілі.

На месцы будучай будпляцоўкі ў парку Партызанскай славы 1 верасня архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый правёў малебныя спевы на пачатак усякай добрай справы, пра гэта паведаміў афіцыйны сайт Віцебскай епархіі БПЦ. Так што, верагодна, пачатак будаўніцтва або, па меншай меры, высечка парку ўжо не за гарамі.


Характэрна, што праз некалькі дзён пасля станоўчага заключэння дзяржаўнай экалагічнай экспертызы па праекце будаўніцтва Сафійскага сабора, Віцебскі аблвыканкам і Беларуская Праваслаўная Царква падпісалі праграму супрацоўніцтва на 2016-2020 гады. Мікалай Шарстнёў пры гэтым адзначыў, што падпісаны дакумент з'яўляецца закладам міру і спакою сярод жыхароў Віцебскай вобласці.

Нагадаем, што напрыканцы лютага віцябляне пачалі збор подпісаў пад петыцыяй мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскага Паўлу з просьбай выратаваць ад высечкі парк Партызанскай славы імя Міная Шмырова ў Віцебску і перанесці будаўніцтва сабора ў іншае месца. На момант публікацыі гэтага матэрыялу пад петыцыяй падпісаліся ўжо 4962 чалавека.


Паводле news.vitebsk.cc

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: