Праект «шэнгену за 35 еўра» гатовы. Яго перадалі на разгляд органаў Рады Еўрасаюза

Еўракамісія вынесла на разгляд органаў Рады Еўрасаюза праект пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму з Беларуссю, які прадугледжвае зніжэнне цэнаў на візы да 35 еўра і скарачэнне стандартнага тэрміну выдачы да 10 дзён, піша «Свабода».
Фота © Shutterstock

Фота © Shutterstock

Праект таксама прадугледжвае бясплатныя візы для дзяцей да 12 гадоў, для школьнікаў, студэнтаў і настаўнікаў у адукацыйных мэтах, для даследчыкаў у навуковых мэтах, для прадстаўнікоў некамерцыйных арганізацыя ва ўзросце да 25 гадоў у мэтах удзелу ў падзеях НКА.

Калі з дакументам не ўзнікне праблемаў на гэтым этапе, яго перададуць на ўхваленне Еўрапарламенту і Еўрапейскай радзе, а калі ўхваляць яны, то рашэнне аб падпісанні з еўрапейскага боку будзе яшчэ прымаць Рада Еўрасаюза.

Урэшце абодва бакі, ЕС і Беларусь, мусяць падпісаць і ратыфікаваць дакумент — тады ён набудзе моц на другі месяц пасля ратыфікацыі.

Калі гэта будзе, дакладна не плануецца. Але ў лютым 2020 года ў Еўрасаюзе пачнуць дзейнічаць новыя правілы выдачы візаў, паводле якіх цана «шэнгену» вырасце з 60 да 80 еўра.

«Крайняй датай» падпісання еўрапейскі бок называў 2 лютага 2020 года. Беларускія ўлады чакалі падпісання «візаў за 35» яшчэ ўвосень 2019 года, але Еўрасаюз адзначаў, што яго «хвалююць такія праблемы ў Беларусі, як правы чалавека, дэмакратычныя свабоды, смяротнае пакаранне».

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!