Прафсаюзу ў Салігорску адмаўляюць у рэгістрацыі па надуманых прычынах

Салігорскі райвыканкам адмовіў у дзяржаўнай рэгістрацыі першаснай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюза працаўнікоў унітарнага будаўнічага прадпрыемства «Трэст «Рэммантажбуд».


Яшчэ 28 траўня быў праведзены арганізацыйны сход, а 22 чэрвеня Беларускі Незалежны прафсаюз накіраваў у Салігорскі раённы выканкам заяву аб дзяржаўнай рэгістрацыі першаснай прафсаюзнай арганізацыі працаўнікоў “Трэст “Рэммантажбуд”.

Аднак праз месяц заяўнікі атрымалі адмову ў дзяржаўнай рэгістрацыі на падставе таго, што нібыта прадстаўленыя для рэгістрацыі дакументы не адпавядалі ўстаноўленым патрабаванням. Аднак не было зразумела, якія менавіта дакументы не адпавядалі патрабаванням. Неаднаразова заяўнікі звярталіся і ў Салігорскі райвыканкам, і ў Міністэрства юстыцыі, але выразнага адказу атрымаць так і не ўдалося.

“Салігорскі раённы выканаўчы камітэт не ідзе на кантакт з прафсаюзам, а спецыяліст ідэалагічнага аддзела Касачык Крысціна Мікалаеўна, якая непасрэдна займалася вывучэннем заявы і прыкладзеных да яго дакументаў, не змагла патлумачыць прычыну адмовы.

Рэгіструючым органам быў запытаны арыгінал пратакола арганізацыйнага сходу, які мы данеслі ў той жа дзень. Больш зваротаў да нас аб прадастаўленні якіх-небудзь дадатковых дакументаў не паступала”, — адзначаюць заяўнікі.

8 лістапада Беларускі Незалежны прафсаюз накіраваў скаргу ў суд на неправамерныя дзеянні дзяржаўнага органа, які абмяжоўвае правы і законныя інтарэсы юрыдычнай асобы.

Юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч звяртае ўвагу, што вычарпальны пералік дакументаў, неабходных для рэгістрацыі арганізацыйных структур прафсаюзаў, устаноўлены п. 21 Інструкцыі аб парадку афармлення і разгляду дакументаў, звязаных з дзяржаўнай рэгістрацыяй, ліквідацыяй палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, іх саюзаў (аб’яднанняў), зацверджанай Пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь № 48 ад 30.08.2005 г.

Гэты ж п. 21 Інструкцыі прадугледжвае магчымасць прадстаўлення неабходных для рэгістрацыі дакументаў на працягу двух месяцаў з моманту ўтварэння арганізацыйнай структуры, пры наяўнасці паважных прычын, якія перашкаджалі падачы дакументаў у рэгіструючы орган у месячны тэрмін. Такім чынам, нават калі не ўсе прадугледжаныя Інструкцыяй дакументы былі прадстаўленыя ў рэгіструючы орган па паважных прычынах, заяўнікам павінны былі прадставіць час, неабходны для іх дападачы.

У сваім рашэнні аб адмове ў рэгістрацыі арганізацыйнай структуры Беларускага Незалежнага прафсаюза Салігорскі райвыканкам спасылаецца на тое, што прычынай стала непрадстаўленне ўсіх неабходных для гэтага дакументаў (п. 21 і ч. 4 арт. 22 Інструкцыі), прычым рашэнне не ўтрымлівае ўказання, якія канкрэтна дакументы, на думку прадстаўнікоў выканкаму, не былі прадстаўленыя заяўнікамі.

“Трэба адзначыць, што пазітыўныя абавязацельствы дзяржавы ў галіне свабоды асацыяцый азначаюць, што дзяржава павінна не толькі не ствараць празмерна абцяжарваючых працэдур рэгістрацыі асацыяцый, створаных грамадзянамі, але і ствараць спрыяльныя ўмовы для іх дзейнасці, у тым ліку і рэгістрацыі.

Сітуацыя, калі рэгіструючы орган адмаўляецца растлумачыць заяўнікам прычыны адмовы ў рэгістрацыі, з’яўляецца парушэннем гэтых абавязацельстваў з боку дзяржаўнага органа. Нават калі б заснавальнікамі не былі прадстаўленыя ўсе неабходныя дакументы, пералічаныя ў п. 21 Інструкцыі, службовыя асобы выканкаму маглі б паведаміць ім пра гэта ў працэсе рэгістрацыі і аказаць іншае садзейнічанне ў ажыццяўленні гэтай працэдуры.

На практыцы мы маем відавочны селектыўны падыход выканкаму і жаданне ўсімі сродкамі перашкодзіць грамадзянам у іх добраахвотным аб’яднанні ў незалежны прафсаюз”, — падкрэслівае праваабаронца.

Права аб’яднання ў прафсаюзы замацавана не толькі арт. 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, але і ў міжнародных нормах права, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь — Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (п. 4 арт. 23), Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах (арт. 22), Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (арт. 8).

Валянцін Стэфановіч лічыць, што ў дадзеным выпадку мела месца парушэнне права грамадзянаў, якія выступалі заяўнікамі ў справе дзяржаўнай рэгістрацыі першаснай прафсаюзнай арганізацыі, на асацыяцыю і стварэнне прафсаюзаў.

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-11-26 18:02:42
Я вось так чытаю гэту ці пра адмову рэгістрацыі б-ч-б партый інфу:
Вы тутэйшыя ўсё яшчэ ў савецкім часе, ў СССР, або, калі вам не даспадобы часы Саюзу Непарушнага, вы заселі / затрымаліся ў ліхіх 90-х, калі ў нас кожны каму не лянота рэгістраваў для сябе і пары-тройкі сваіх сяброў партыю, рух, свабодны тэатр ці свабодны прафсаюз. Сталі мы незалежнымі і маем дзяржаўны капіталізм. Дзяржаўны, а не заходні, куды цягнуць вас, спадары рабочыя, змагары і усе б-ч-б СМІ. Дык вось калі ўсё ж прыцягнуць у Дзікі Заходні капіталізм (у прыватную ўласнасць), то НІЯКІХ ПРАФСАЮЗАЎ НЕ БУДЗЕ. Самі падумайце: прыватная фірма, а некалькі адмарожаных б-ч-б рабочых муцяць ваду на ёй. А вы тае фірмы Гаспадар. Што зробіце? Зволіце тых вумнікаў і не будзе праблем на вашае фірме. Так існуе заходняя дэмакратыя. Ў нас ж ўсё вакол калгаснае і таму прафсаюзы непатрэбныя. А калі не зразумелі мяне, то ўлада Рыгоравіча вам не зарэгіным б-ч-б партыям і прафсаюзам, растлумачыць тягам настуных 24 гадоў лукашызму.

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: