Прафсаюзы свету ўнеслі Беларусь у «чорны спіс»

Паводле версіі індэкса глабальных правоў 2019 года, Беларусь увайшла ў катэгорыю краін, дзе працоўным не гарантуецца захаванне іх правоў.
Ілюстрацыйнае фота Генадзя Кеснера

Ілюстрацыйнае фота Генадзя Кеснера

Рэйтынг штогод складае Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў, 19 чэрвеня ён апублікаваны на сайце МКП.

Краіны ў індэксе падзеленыя на шэсць катэгорый. У найлепшую — першую — катэгорыю трапляюць дзяржавы, дзе фіксуюцца эпізадычныя парушэння правоў, другую — паўторныя парушэнні, трэцюю — рэгулярныя парушэнні, чацвёртую — сталыя, пятую — краіны без гарантый захавання правоў, пятую з плюсам — краіны без гарантый захавання правоў з прычыны недасканаласці законаў.

Разам з Беларусьсю да пятай катэгорыі аднесены яшчэ 33 дзяржавы, у тым ліку еўрапейскіх — Грэцыя і Украіна.

У найгоршую катэгорыю ўключаны дзевяць афрыканскіх і блізкаўсходніх дзяржаў, у найлепшую — дванаццаць (адзінаццаць краін Паўночнай, Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропы, а таксама Уругвай).

У справаздачы па індэксе гаворыцца, што ў Беларусі, як і ў Казахстане, «улады працягвалі рэпрэсаваць незалежныя прафсаюзы, пераследуючы і прыгаворваючы прафсаюзных лідараў па сфабрыкаваных абвінавачваннях».

Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў збірае дадзеныя аб парушэннях правоў працоўных у свеце каля 40 гадоў. У гэтым годзе МКП ў шосты раз прадставіла вынікі свайго даследавання ў выглядзе глабальнага індэкса, які вызначаецца па 97 паказчыках і ўлічвае ўзровень абароны працоўных правоў на заканадаўчым узроўні і на практыцы. Гэта даследаванне прызначана для прадстаўнікоў бізнесу і ўрадаў.

naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!