Праграміст, якога збіў міліцейскі бус, распавёў пра затрыманне, прысуд і справу, якой няма

Гісторыя 35-гадовага праграміста Сцяпана Чыкілёва, якога восенню збіў бус з сілавікамі, працягваецца. Падчас маршу памяці Рамана Бандарэнкі 15 лістапада каля станцыі метро Пушкінская хлопец кінуў у бок міліцэйскай машыны ком друзу, пасля чаго яго збіў бус, піша «Белсат». Сцяпана адразу затрымалі і амаль два с паловай месяца ён знаходзіўся за кратамі па крымінальнай справе: хлопца абвінавацілі ў злосным хуліганстве. Суд прызнаў яго вінаватым і прызначыў тры гады «хіміі». Цяпер Сцяпан спрабуе абскарджваць рашэнні суда і прызнаць паказанні сведак-амапаўцаў на яго судзе ілжывымі.

«Белсат» паразмаўляў са Сцяпанам Чыкілёвым пра месяцы ў СІЗА, адносіны да палітзняволеных і пра ягоную спробу даказаць сваю невінаватасць.

ЯК УСЁ БЫЛО

У Мінску 15 лістапада меў адбыцца марш памяці загінулага Рамана Бандарэнкі. Месцам збору было прызначанае метро Пушкінская.

Сцяпан распавёў, што ў той дзень пакінуў машыну ў дварах і вырашыў пайсці пешшу ў Ракаўскі Кірмаш. Ён прайшоў па праспекце Пушкіна хвілін дзесяць, калі заўважыў, што ДАІ перакрывае рух транспарту. Убачыўшы на праезнай часткі людзей і нейкі канфлікт на дарозе, хлопец вырашыў падысці бліжэй, як раптам пачаліся затрыманні.

Тады ён выбег на праезную частку і кінуў ком друзу ў бок мікрааўтобуса, у які пачалі цягнуць людзей. Аднак да аўтамабіля ком не далецеў. У гэты момант па сустрэчнаму руху ехаў іншы бус, які і збіў хлопца, — той нават не заўважыў машыну, настолькі ўсё хутка адбылося.

З буса выскачылі сілавікі і запіхнулі яго ўнутр, там моцна збілі, ужывалі электрашокер. Пасля гэтага Сцяпан трапіў у БХМД. Да яго нікога не пускалі і нават не давалі патэлефанаваць родным.

Медыкі дыягназавалі ў яго чэрапна-мазгавую траўму, страсанне галаўнога мозгу, садзены ілба і скроневай вобласці, а таксама множныя садзены верхніх і ніжніх канечнасцяў, ушыб правай ныркі.

«ТАМ НЯМА ПАВАГІ ДА ЧАЛАВЕКА»

Пасля некалькіх дзён у мінскай БХМД Сцяпана перавялі ў Жодзінскае СІЗА. Каля месяца ён прабыў у бальнічным корпусе з-за атрыманых траўмаў.

Адрозненне такіх камер ад звычайных — меншая колькасць ложкаў, бліжэй знаходзіцца кабінет лекара і лепшая ежа: могуць даць масла ці малако. Таксама раз у дзень водзяць да лекара па таблеткі. «Але медыцынскае абслугоўванне там не лепшае. У іх 3-4 таблеткі на ўсе выпадкі жыцця», — распавядае хлопец.

Пасля месяца ў бальнічным корпусе Сцяпана перавялі ў звычайны, а за два тыдні да суда даставілі ў Мінск на Валадарку.

Умовы ўтрымання на Валадарцы Сцяпан называе лепшымі, чым у Жодзіна па ўсіх параметрах, дый хаця б з-за таго, што ў камеры ёсць тэлевізар:

«На Жодзіна адносіны супрацоўнікаў горш, ды і самі камеры горай: у маёй вельмі дрэнна зачынялася акно і пастаянна намярзаў лёд. А яшчэ ў Жодзіна ў закрытай рашоткай нішы над дзвярыма стаяць калонкі, праз якія гучыць радыё. Калі я туды заехаў у снежні, ў іх была «акцыя»: яны ўключалі нейкія 28 прапагандыстка-патрыятычных песен тыпу «Батька в доме», «Любимую не отдают», «Беларусь-Россия — две сестры», і зацыклена ставілі іх увесь дзень, з раніцы і да вечара, з перапынкам на навіны. Пасля новага года яны рэзка перасталі так рабіць — хадзілі чуткі, што хтосьці «ускрыўся» з-за гэтага».

Па словах хлопца, спачатку, калі ты трапляеш у СІЗА, табе цяжка і складана, але з часам ты адаптуешся:

«На самой справе спачатку, вядома, складана: у цябе жыццё змяняецца па пстрычцы пальца, груба кажучы. І сістэма там так пабудаваная, што павагі да чалавека, да яго маёмасці або правоў проста не існуе, нягледзячы на тое, што суд яшчэ не прызнаў тваю віну».

Усе негатыўныя моманты падчас заключэння Сцяпан звязвае менавіта з працай самой сістэмы і яе супрацоўнікамі.

«Абразы палітычных зняволеных, прыніжэнне, псіхалагічны ціск — гэта ўсё прысутнічае», — кажа хлопец.

З сукамернікамі ў Сцяпана не было ніякіх праблем. Сярод зняволеных там — траціна — гэта палітычныя, а астатнія — звычайныя абвінавачаныя па крымінальных артыкулах.

«Цябе не садзяць з нейкімі зладзеямі і крымінальнікамі, ты ў асноўным сядзіш з тымі, хто таксама трапіў у першы раз. Мне ва ўсякім выпадку на сукамернікаў шанцавала, усе былі адэкватныя, нармальныя людзі. Там нават тыя, хто не палітычны, разумее, што адбываецца ў краіне. Ніхто гэтую сістэму не падтрымлівае, можа толькі адзінкі», — успамінае Сцяпан.

У СІЗА зняволенныя знаходзяцца ў інфармацыйным вакууме, і гэта самае складанае, распавядае хлопец:

«Ты сядзіш і не ведаеш, што адбываецца. Карэспандэнцыя там дрэнна ходзіць, да таго ж і цэнзура, таму навінаў практычна не паступае. У асноўным навіны мы атрымлівалі праз адвакатаў, праз новых людзей, часам прыходзіла газета «Новы час». На Жодзіна насілі СБ, але зразумела, якая там інфармацыя».

«ЛЮДЗІ ПРАЦЯГВАЮЦЬ ТАМ СЯДЗЕЦЬ»

Радыкальных зменаў у жыцці пасля абвінаваўчага прысуду ў Сцяпана пакуль не адбылося: ён працягвае працаваць праграмістам у мінскай кампаніі. На працы ў гэтым плане яму дапамаглі: працягнулі кантракт, а на час арышту аформілі адпачынак за свой кошт. Некаторыя калегі прыходзілі і на судовыя працэсы, выказваючы сваю падтрымку.

«Ведаю, што і іншым калегам давалі содні, штрафы, але ўсе разумеюць, што адбываецца, таму і падтрымліваюць адзін аднаго», — кажа Сцяпан.

Па выніках крымінальнай справы Сцяпана прысудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Цяпер хлопец чакае ліст з Дэпартамента выканання пакаранняў, у якім будзе указана, куды і калі яму ехаць адбываць прысуд.

«Зараз у мяне думкі пра тое, што людзі працягваюць там сядзець, шмат хто проста ні за што. Абвінавачванні высоўваюцца без якой-небудзь канкрэтыкі, і людзі сядзяць па некалькі месяцаў з такімі абвінавачваннямі. Можа, некаторыя нешта і зрабілі, але пры такім рэжыме атрымліваюць абсалютна неадэкватныя прысуды. Гэта самае сумнае.

Калі я зайшоў у камеру пасля свайго пасяджэння і сказаў, што пракурор запрасіў тры гады «хіміі», мяне палічылі шчасліўчыкам, таму што многія тады з’язджалі адразу ў калонію», — распавядае Сцяпан.

СПРАБУЕ ДАБІЦЦА ПРАЎДЫ

Пакуль ішло следства па крымінальнай справе, Сцяпана без яго ўдзелу 21 снежня судзілі па адміністрацыйным артыкуле 23.34 за ўдзел у той жа акцыі 15 лістапада.

Паводле матэрыялаў справы хлопец удзельнічаў у акцыі пратэсту і быў затрыманы каля 12:00. Суддзя Фрунзенскага раёну Ганна Буйноўская палічыла яго віну даказанай і прызначыла яму штрафу ў памеры 30 б.в.

Адвакат Сцяпана падала скаргу на прысуд у Мінскі гарадскі суд, адзначыўшы, што ў Фрунзенскам судзе парушылі правы хлопца хадайнічаць у судовым разглядзе. Таксама ў паказаннях сведкі Мінкаўца і рапарце супрацоўніка міліцыі Нараўца знайшлі парушэнні і факты ілжэсведчання: Сцяпан фізічна не мог быць затрыманы а 12:00 15 лістапада, бо ўжо ў 12:27 яго затрымалі па крымінальнай справе. Аднак суддзя заявіла, што ўсе доказы па справе «былі атрыманыя з вартых даверу крыніц і не выклікаюць у суда сумненняў у іх сапраўднасці».

Пасля выхаду з СІЗА Сцяпан накіраваў яшчэ адну скаргу на рашэнне суда і дадаў запіс відэарэгістратара з асабістага аўтамабіля, дзе відаць, што ў 12:00 ён яшчэ знаходзіўся ў аўтамабілі, і пакідае яго толькі ў 12:10.

Адказу на гэтую скаргу яшчэ не было.

У крымінальнай справе Сцяпана таксама не абышлося без супярэчлівых паказанняў сведак і недаказаных абвінавачванняў.

Напрыклад, спачатку ў зале суда сведкі сцвярджалі, што знаходзіліся ў машыне ў той момант, калі нібыта адчулі ўдар па аўтамабілю. Аднак у ходзе судовых разглядаў змянілі свае паказанні на тыя, якія давалі падчас следчых дзеянняў: што ў момант кідка яны знаходзіліся побач з машынай і асабіста бачылі, што Сцяпан кідае нешта ў бок машыны.

Таксама ў справе ўказана, што Сцяпан здзейсніў «не менш трох кідкоў» невядомым прадметам у бок аўтамабіля, аднак ніякіх доказаў абвінавачанне не прадставіла. Таксама, як і не прадставіла доказаў аб пашкоджанні хлопцам двух іншых службовых аўтамабіляў, на пакрыццё пашкоджанняў якіх яго прымусілі выплаціць 1180 рублёў.

Суддзя Наталля Бугук палічыла ўсе абвінавачванні па справе даказанымі, хаця доказаў прадстаўлена не было. Акрамя відэа, на якім Сцяпан робіць адзін кідок у бок машыны.

На судзе Сцяпан часткова прызнаў сваю віну: фізічна знаходзіўся ў названым месцы і часе і зрабіў адзін кідок у бок транспартнага сродку. Але не каменем, як заяўлена ў справе, а камяком бруду і друзу. Таксама хлопец адмаўляе парушэнне парадку, здзейсненага групай асобаў, паколькі быў адзін, што пацвярджаецца відэа. Сведкі таксама пацвярджаюць гэта, але судом доказы былі праігнараваныя.

А што наконт таго, што на Сцяпана наехаў мікрааўтобус?

Справу за тое, што міліцэйскі бус збіў хлопца, распачынаць не збіраюцца. У ДАІ яму заявілі, што яны не маюць дастатковых дадзеных для пачатку адміністратыўнага працэсу і не бачаць падставаў для такой праверкі, а таксама… тэрміны для пачатку гэтага працэсу ўжо прайшлі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: