
Эскізы мурала
«Мы паспрабавалі абыграць папулярную зараз «цмачыную» тэму. Мы намалявалі цмока, на спіне якога мірна вырас горад Гомель. Пад яго нагамі размясцілася рака Сож, уверсе знаходзяцца гістарычныя гербы Гомеля», — распавядае Яўген Меркіс. Другім варыянтам выявы стаў стары волат, на спіне якога вырастае горад. Пры распрацоўцы эскізаў ініцыятары ідэі імкнуліся звязаць выявы або з рэгіянальнай культурай, або з традыцыямі і гісторыяй краіны. Але мясцовыя ўлады не пайшлі насустрач актывістам і ў выніку доўгіх перамоваў прапанавалі размясціць на сцяне дома віншавальны лагатып да юбілею раёна. Не дапамог і галоўны архітэктар горада Юрый Літвінаў.
Пасля няўдалай спробы стварэння стрыт-арту ў Навабеліцкім раёне Гомеля актывісты звярнуліся ў адміністрацыю Цэнтральнага раёна, адкуль іх скіравалі на размову з прадстаўнікамі мясцовай царквы, што знаходзіцца каля будынка, абранага актывістамі для стварэння малюнка.
«З аднаго боку, яны не могуць даць дазвол, таму што кансерватыўная частка вернікаў абвінаваціць іх у тым, што побач са святым месцам нешта малююць. З іншага боку, і малюнак ім не падабаецца, бо ў некаторых праваслаўных энцыклапедыях адназначна напісана, што волат — гэта паганскае боства», — распавядае Яўген.
Тым не менш актывісты змаглі атрымаць подпіс галоўнай архітэктаркі раёна і звярнуліся за выніковым дазволам да ўласніка будынка, кіраўніка «Гарэлектратранспарта». Але атрымалі адмову, у выніку чаго не змаглі рэалізаваць ідэю стварэння стрыт-арту ў 2017 годзе. У 2018 годзе спробы перамоваў былі адноўленыя.
Яўген дзеліцца асноўнымі цяжкасцямі, якія ўзнікаюць у працэсе перамоваў: надзвычай складана сустрэцца з галоўным архітэктарам, які мае толькі адзін прыёмны дзень у тыдзень; шмат часу сыходзіць на пошукі патрэбных будынкаў; чыноўнікі зацягваюць перамовы і адкладаюць рашэнне. «Усё гэта моцна выбівае глебу з-пад ног, падрывае давер да ўладаў і абмяжоўвае любыя ініцыятывы і спробы зрабіць гэты горад лепш», — кажа Яўген. Ён таксама прыводзіць у прыклад іншыя беларускія гарады — Мінск, Магілёў, — у якіх мясцовае чынавенства нашмат больш лаяльнае да з'яўлення прыгожых стрыт-артаў і арт-фестываляў.
Яўген паведамляе, што барацьба за з'яўленне новага муралу ў Гомелі будзе працягвацца.