«Прайшоў 70 км па лесе, начаваў пад елкай і на вакзале». Следчы — пра цану сыходу з сістэмы

«Мяне вучылі, што праўду нельга схаваць. Рана ці позна яна выйдзе», — распавёў «Свабодзе» былы следчы СК, што не захацеў выконваць «злачынныя загады».



Андрэй Астаповіч працаваў старшым следчым СК Партызанскага раёна Мінску. 16 жніўня ён звольніўся, не жадаючы «ўдзельнічаць ва ўтойванні злачынстваў» і выконваць «злачынныя загады». Пасля гэтага ён мусіў уцякаць з Беларусі, пабываў у руках ФСБ, хаваўся ў лесе і нарэшце трапіў на тэрыторыю ЕС.

У інтэрв’ю Свабодзе ён расказаў пра сыход са Следчага камітэта, прыгоды пасля звальнення і «цяжкі выбар» супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Менавіта Астаповіч займаўся справай кіроўцы аўтамабіля, якога абвінавацілі ў наездзе на сілавікоў падчас пратэстаў. Паводле былога следчага, на відэазапісе відаць, як «супрацоўнікі АМАП падбеглі да аўтамабіля, пачалі рабіць бандыцкія дзеянні, беспадстаўна разбіваць шыбы ў аўтамабілі». Кіроўца ў адказ на агрэсію з’ехаў, нікога не закрануўшы. 

 

Пра «апошнюю кроплю»

Калі ты прысутнічаеш пры гэтым, калі прысутнічаюць «пацярпелыя», калі ўсё пры табе, калі ты бачыш рэакцыю людзей, то гэта моцна па табе б’е. Я быў нязгодны, зафіксаваў усё так, як было, і сабраў адпаведны матэрыял. Лёс гэтага матэрыялу мне невядомы. Я далажыў пра ўсё начальству, але нармальнага адказу не было. Я прапаноўваў распачаць крымінальную справу аб катаваннях 16-гадовага хлопца, якому сунулі дубіну ў рот і паламалі сківіцу. І не толькі я. Але гэтага не дазволілі зрабіць. Я зразумеў, што ўсё гэта будзе працягвацца, і вырашыў сысці.

 

Пра выезд у Расію

16-га жніўня я пайшоў на марш, а на другі дзень патэлефанаваў на працу і сказаў, што кепска сябе адчуваю. Раніцай у аўторак я ўжо быў у Маскве. Праз дзень мне паведамілі, што ўсё сур’ёзна, што мяне ўжо шукаюць і нават ведаюць, што я ў Маскве. Я прыняў рашэнне ехаць туды, адкуль мяне не выдадуць. У амбасадзе Латвіі мне патлумачылі, што ў маім выпадку візу можна атрымаць проста на мяжы. Я паехаў на бліжэйшы пераход, але расійскія памежнікі мяне не выпусцілі, спаслаліся на каронавірус і адсутнасць адмысловай візы для ўезду ў такіх умовах. Я паехаў у консульства Латвіі ў Пскове, але атрыманне візы зацягнулася на тры дні. Цягам гэтых дзён мяне затрымалі расійскія службы.

 

Пра затрыманне ФСБэшнікамі

Ужо пазней я даведаўся, што датычна майго затрымання ішоў прамы кантакт паміж КДБ і ФСБ. Не было ніякіх афіцыйных дакументаў, яны проста стэлефаноўваліся. Мяне вывезлі з Расіі ў Беларусь, у чорных акулярах з тканінай, каб я нічога не бачыў, з кайданкамі і 32-кілаграмовай гірай. Думкі былі розныя, нават што кінуць з гэтай гірай у рэчку. На тэрыторыі Беларусі яны мяне высадзілі і пачакалі, пакуль я скантактуюся з сябрамі і паведамлю, што мяне вызвалілі. Як толькі я гэта зрабіў, то з’явіўся бусік ужо з нашага боку, відаць, з нашымі службамі.

 

Інстаграм Андрэя Астаповіча

 

Уцёкі па лесе ад КДБ

Я пачаў уцякаць у лес. Як пазней я здолеў даведацца, гэта былі супрацоўнікі КДБ. У іх не было ні сабак, ні цеплавізараў. Былі такія моманты, што яны праходзілі непадалёк ад мяне, калі я залёг. Але мне ўдалося ўцячы. Я быў у джынсах, кашулі і красоўках. На плячах была торба. Тэлефоны я выкінуў. Пяць дзён начаваў у лесе. Выходзіў часам да паселішчаў. Спаў пад елкай, а яшчэ надвор’е сапсавалася, быў дождж. Я прайшоў каля 70 км па лесе, заблудзіў, хадзіў па балоце, і ў канцы пайшла інфекцыя на левай назе. Пайшоў унутраны крывацёк.


Прыезд у Польшчу

Да таго, як трапіць у Польшчу, я пабываў у некалькіх краінах. У Еўропе я ніколі раней не быў, не дазваляла фінансавая сітуацыя. Першыя некалькі дзён я начаваў на вакзалах. Усё не так проста, ніхто цябе тут не шукае і не спрабуе вербаваць ці яшчэ штосьці. Гэта поўная лухта. Падаў дакументы на палітычны прыстулак. У Варшаве дапамог Беларускі цэнтр салідарнасці. Гэта проста мясцовыя беларусы, якія дапамагаюць з фармальнасцямі, з моўнымі школамі, падказваюць нешта. Дапамог By_Sol, выплаціў абяцаную фінансавую падтрымку.

 

Першая старонка рапарту

 

Пра занятак у Варшаве

У Варшаве я адказваю за праект By_Pol. Мы дапамагаем былым сілавікам, якія былі вымушаныя выехаць. Усё за сродкі салідарных людзей, нават простых палякаў. Адзін паляк прачытаў маю гісторыю ў газеце і знайшоў нас. Сам ён жыве на Захадзе, а тут у яго засталася кватэра. І ён прапанаваў яе цэнтру. Мы туды заселім адну сям’ю з дваімі дзецьмі былога супрацоўніка Следчага камітэта.

 

Пра былых калег, якія адмовіліся заводзіць крымінальныя справы за катаванні

Я свой выбар зрабіў, хай яны робяць свой. Абвінавачваць кагосьці я не хачу. Нельга ўсіх людзей аб’ядноўваць у адно. У кожнага свой мозг і свая жыццёвая сітуацыя. Знайсці адну прычыну нерэальна. Хтосьці сапраўды падтрымлівае ўладу, нехта лічыць, што за ўсім стаяць іншыя дзяржавы, нехта хоча аб’яднацца з Расіяй, у кагосьці на іншага кампрамат, нехта проста баіцца.

 

Другая старонка рапарту
 

Апаненты ўлады ў органах

Яны ціха сядзяць, бо баяцца страціць пенсію, працу, кватэру, заробак, выслугу. У мяне да такіх людзей агіда. Так, я разумею, што можна шмат што страціць, але калі б людзі выступілі адзіным фронтам, то ўсё б змянілася імгненна. Я ведаю, што такіх людзей шмат. Але ніхто не думае пра супольнае дабро, каб нешта змяніць. У нас стварылі такі менталітэт: згаджайся або ты страціш усё. Але не думайце, што там проста працаваць. Адтуль не так проста пайсці, але і не так проста там заставацца.

 

Пра сістэму знутры

Гэта нармальна, калі табе засталося паўгода да пенсіі, але ты прайшоўся па горадзе ў майцы з сімволікай, цябе ўбачылі і звольнілі. І ты страціў усё. Няма прафсаюзаў, яны забароненыя. Суткавыя дзяжурствы бясплатныя, іх у мяне бывала па 4 за месяц. Ніхто не вядзе ніякага ўліку гадзінаў. Кагосьці выкідаюць і наймаюць сваіх сынкоў, якія нічога не разумеюць. Людзі нават унутры не хочуць гэтага самі змяняць. Але наступіў момант, калі можна змяніць краіну ў розных галінах, стварыць нармальную прававую дзяржаву, дзе гэтая сістэма будзе працаваць. А пакуль там галоўнае — лічбы і палачкі. Ім галоўнае, каб вынік раёна быў на вышыні, а што і як расследуюць, ім нецікава. Галоўнае — хутчэй скончыць справу і накіраваць у суд, атрымаць за гэта бал. І ніхто не хоча гэтага мяняць. Не хочаце — будзеце жыць так далей.

 

Апошняя старонка рапарту


Пра непазбежнасць правасуддзя

Калі зменіцца ўлада, то тых, хто ўдзельнічаў ва ўсім непасрэдна, іх будуць шукаць. Важна разумець, што такіх у органах не большасць. Калі яны думаюць, што іх нельга будзе знайсці, то няхай успомняць гісторыю Ізраілю, як ён дзейнічаў адносна немцаў пасля вайны. Яны знаходзяць іх праз 40 і 60 гадоў і па-свойму чыняць правасуддзе. Рана ці позна ўлада зменіцца і будзе створаны адмысловы аддзел, які будзе расследаваць усе нюансы. Мяне вучылі, што праўду нельга схаваць. Рана ці позна яна выйдзе.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: