«Пракалолі колы, вытруцілі гарод». Жыхарка Хацежына задае ўладам нязручныя пытанні

Вольга Саўчына — чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. З яе ініцыятывы ў аграгарадку прабурылі артэзіянскую свідравіну, правялі газ, яна дамаглася бясплатнага школьнага аўтобуса для падвозу дзяцей, пандуса для дзіцяці з інваліднасцю. Цяпер змагаецца за рамонт дамоў, якія здалі ў эксплуатацыю некалькі год таму, але іх стан ужо нельга назваць задавальняючым. І за гэта атрымлівае пагрозы.


Новы дом ужо разбураецца

«У 2007 годзе ў мяне было двое маленькіх дзяцей, я жыла з мамай і заўжды марыла з’ехаць з Мінска. На той момант выйшаў указ кіраўніка дзяржавы аб ільготным крэдытаванні будаўніцтва жылля для маладых сем’яў, якія ўпершыню ўзялі шлюб. Заставалася выбраць населены пункт. У Хацежыне ў мяне жыла бабуля, і мы паехалі туды», — распавядае шматдзетная мама і юрыст паводле адукацыі Вольга Саўчына.  

Сям’я стала на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і чакала, калі дабудуюць іх новы 94-кватэрны дом па вуліцы Савецкай, 2А. Вольга прызнаецца, што была занятая дзецьмі і асабліва ў пытанні будаўніцтва не ўнікала, хіба што пры патрэбе прадастаўляла ўсе даведкі. Тагачасную старшыню жыллёва-будаўнічага вытворчага кааператыву (ЖБВК) Таццяну Каваленка ніхто на гэтую пасаду не выбіраў — яна сама прыйшла. Паралельна ў 2009 годзе гэты ж ЖБВК арганізаваў будаўніцтва яшчэ аднаго такога ж дома для людзей, якія мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў па вуліцы Міра, 17А.

Але калі ў 2010 годзе сям’я Саўчыных пераехала ў новае жытло, узніклі пытанні.

«Вокны цяклі, вільготнасць была 90 працэнтаў, у ложку немагчыма было спаць, прамярзалі сцены», — распавядае жанчына.

Толькі ў сваёй кватэры яна налічыла 15 пунктаў дэфектаў, дапушчаных пры будаўніцтве. Старшыня кааператыву адхрысцілася ад усіх парушэнняў, але за 1,5 года зваротаў у розныя інстанцыі Вользе ўдалося дамагчыся ад будаўнічага трэсту выпраўлення некаторых хібаў.
Цвіль ды іржа раз'ядаюць новы дом

У 2013 годзе скончылася гарантыя на дом, а зімой 2014-га праз тое, што з даху не знялі снег, былі пашкоджаныя адлівы. Некалькі год жыхары звярталіся да старшыні ЖБВК, але ніякага рамонту так і не зрабілі. У выніку фасад новага яшчэ дома пакрыўся цвіллю і стаў разбурацца, адмостка парасла травой (бо вада з вадасцёкавых труб ліецца наўпрост на яе), стала разбурацца гідраізаляцыя. Пры гэтым дамагчыся ад старшыні кааператыву сходу жыхары так і не змаглі.

«А гэта нашыя туі, якіх па дакументах 100 штук», — паказвае Вольга дрэвы ў сваім двары. 


Помста за галоснасць

У выніку ў 2016 годзе Вольга звярнулася ў пракуратуру і падключыла да справы журналістаў.  

«Пасля таго, як прыехалі журналісты і паказалі, што дом даведзены да капрамонту, у маёй машыне пракалолі колы. Мы жывем у вёсцы, і гэта было зроблена для таго, каб людзі ўбачылі і не выказвалі сваю пазіцыю», — пераканана Вольга Саўчына.

Але пасля праверкі пракуратурай парушэнняў старшыня кааператыву Таццяна Каваленка мусіла пакінуць сваю пасаду. На яе месца прыйшла жыхарка таго самага дома па Савецкай, 2А Людміла Змушко. Яна адкрыла доступ да дакументаў і аказалася, што яе папярэдніца выплачвала сабе прэміі па 5 000 долараў. У выніку была ўзбуджана крымінальная справа па ч.3 арт.210 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі).
«Як толькі ўзбудзілі справу, мне вытруцілі гарод — ёсць заключэнне экспертаў, але, вядома, нікога не знайшлі. Потым у райвыканкам сталі паступаць ананімныя лісты аб тым, што мае дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і іх трэба выняць», — распавядае Вольга.
Фітасанітарная экспертыза пацвердзіла, што расліны ў гародзе Вольгі былі апрацаваныя хімікатамі і ў выніку загінулі

Фітасанітарная экспертыза пацвердзіла, што расліны ў гародзе Вольгі былі апрацаваныя хімікатамі і ў выніку загінулі


Адна са скарг «неабыякавага члена грамадства»

Адна са скарг «неабыякавага члена грамадства»

Па выніках праверкі сацыяльныя службы не выявілі сацыяльна небяспечнага становішча ў сям'і Саўчыных

Падчас праверкі Дзяржкантроля і УУС выявіліся 15 падробленых даведак аб тым, што людзі атрымалі кватэры, не заплаціўшы грошы. Сярод людзей, якім выдавалі даведкі, — і цяперашні старшыня Хацежынскага сельвыканкама Юрый Стукаў (Вольга Саўчына ў судзе даказала, што раней ён здзейсніў крадзеж паліва).

Чыноўнікі не хочуць бачыць парушэнняў

Тым часам другі дом па вуліцы Міра, 17А быў уведзены ў эксплуатацыю ў 2013 годзе, а ўжо ў 2014-ым быў складзены акт аб тым, што ён падтапляецца, то бок адсутнічае належная гідраізаляцыя. Апроч таго ламаюцца ацяпляльныя катлы ў кватэрах жыхароў.
Вось так адпампоўваюць ваду ў сутарэннях дома №17А на вуліцы Міра ў Хацежыне

Вось так адпампоўваюць ваду ў сутарэннях дома №17А на вуліцы Міра ў Хацежыне

«Але на гэта ніхто не звяртае ўвагі. І калі заводзіцца крымінальная справа, Каваленка піша ў пракуратуру Мінскага раёна заяву аб тым, што я ў 2007 годзе незаконна стала на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў», — разводзіць рукамі Вольга.

Цяпер яе сям’ю пагражаюць пазбавіць жылля. Сама жанчына, у сваю чаргу, сцвярджае, што ніхто не хоча бачыць парушэнняў хацежынскіх чыноўнікаў.

«З 2016 года працягваюцца праверкі пракуратуры, УУС, ГУУС. Пішацца заява, пачынаецца праверка, потым чамусьці прыходзіць адмова. Мы ідзем да намесніка пракурора Мінскай вобласці, кажам, што праверка праведзена, але не ўлічана тое, тое, і тое, і яна аднаўляецца. І так больш за 20 разоў», — апісвае алгарытм суразмоўца.
Вольга Саўчына распавядала пра сітуацыю ў Хацежыне кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай, пасля чаго і пачалася тая самая праверка Дзяржкантролю і УУС Мінскай вобласці. Але чамусьці яна была спынена.

Тым не менш пасля паходу да Качанавай было дадзена даручэнне выправіць дапушчаныя пры будаўніцтве дэфекты, такое ж распараджэнне даў старшыня райвыканкама. Але ўпраўленне капітальнага будаўніцтва не паслухалася і вырашыла праз суд спагнаць 40 000 рублёў з будаўнічага трэсту. Праўда, адкуль узялася гэтая сума, ніхто не ведае. Узнікае пытанне: дзе УКБ (заказчык будаўніцтва) было раней і чаму не сачыла за якасцю выканання прац?

Суд упраўленне выйграла, але на апошнім судовым пасяджэнні прагучала, што заяўленая ў пазове сума заніжаная. Але УКБ хоча аддаць грошы кааператыву і ўсе звароты жыльцоў зняць з кантролю — гэта пазначана ў адказе новага дырэктара УКБ Шэпелева.
Хадзіла Вольга і да памочніка кіраўніка дзяржавы — інспектара па Мінскай вобласці Ігара Яўсеева, які спачатку паабяцаў разабрацца, а пасля даслаў ліст з прапановай звярнуцца ў іншыя арганізацыі. У выніку жанчына пакінула на яго скаргу ў кнізе скаргаў і прапаноў.

Па словах Вольгі Саўчынай, чыноўнікі не хочуць бачыць праблему, па ўсёй верагоднасці, звязаную з крадзяжом бюджэтных сродкаў, называюць яе «безгаспадарлівасцю», а ўсю адказнасць перакладваюць на жыльцоў: маўляў, самі выбіралі старшыню кааператыву і павінны былі кантраляваць працэс будаўніцтва.

«Цягам усіх гэтых гадоў не было сходаў жыльцоў. Але калі мы паднялі дакументы, выявілася, што яны нібыта былі ледзьве не кожныя два тыдні, і на іх прысутнічала 94 чалавекі!» — абураецца Вольга.

«Закон для ўсіх аднолькавы»

«Я не даю не працаваць мясцовым выканаўчым уладам, — усміхаецца жанчына. — Некаторыя людзі займаюцца толькі тым, што трэба ім. А мне трэба ўсё: дарога, дзіцячы садок, транспартнае спалучэнне».

Па яе словах, людзі баяцца выказваць сваё меркаванне і абараняць сябе, ведаючы, што адбываецца ў беларускіх судах.

Пасля таго, як спыніліся праверкі, пасады пазбавілі старшыню кааператыву Людмілу Змушко, якая дала доступ да дакументаў. І на яе месца паставілі Наталлю Шчасную, па словах Вольгі — чалавека сістэмы, якая выконвае тое, што ад яе патрабуюць.

«Калі яна прыйшла, чамусьці ўсе дакументы зніклі, база дадзеных бухгалтэрыі аднаўленню не падлягае. А старшыня, замест таго, каб абараняць правы людзей і патрабаваць выпраўлення дэфектаў, толькі робіць выгляд, што гэтым займаецца. Па факце, мы зноў засталіся адны», — заключае Вольга Саўчына.

Сярод тых, хто не баіцца і спрабуе дамагчыся адказаў ад уладаў, жыхарка таго самага дома «з падмочанай рэпутацыяй» па вуліцы Міра, 17А Галіна Аляксандраўна. Яна прымае нас з Вольгай на кухні і за гарбатай паказвае стосы фатаграфій сутарэнняў яе дома, што затапліваюцца, а таксама дакументаў — вынікі перапіскі з дзяржінстанцыямі.
Галіна Аляксандраўна

Галіна Аляксандраўна

Як выявілася, літаральна перад намі аглядаць дом прыязджала камісія з УКБ, але жыхароў пра гэта ніхто не праінфармаваў.

«Наша старшыня хавае гэта ад нас. Яна нічога не хоча рабіць — абавязкова напішыце пра гэта», — просіць Галіна Аляксандраўна.

Зрэшты, сама старшыня ЖБВК «Дом Хацежына» Наталля Шчасная спачатку вагалася, ці даваць каментары «Новаму Часу», але ўрэшце адмовілася нешта нам казаць.

 «Я лічу, што закон для ўсіх грамадзян аднолькавы — хоць ты памочнік кіраўніка дзяржавы, хоць хто, і патрабаваць яго выканання з усіх трэба аднолькава», — заключае Вольга.

Яна не збіраецца здраджваць сваім прынцыпам, хаця прызнаецца: апошнім часам даводзіцца перажываць за бяспеку сваіх дзяцей, ды і сваю таксама. І хоць наўпроставых пагроз на адрас жанчыны пакуль не паступала, а карная псіхіятрыя ў нас забаронена, праз знаёмых яна атрымала параду ўзяць даведку аб стане свайго псіхічнага здароўя…

Фота аўтаркі


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!