
Ігар Кузняцоў
«У дадзенай публікацыі А.Мукавозчык, выкарыстоўваючы сродак масавай інфармацыі, распаўсюдзіў пра мяне загадзя ілжывыя звесткі аб тым, што кандыдат навук Ігар Кузняцоў з'яўляецца ілжэгісторыкам, «гісторыкам». Гэтыя звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці, зневажаюць мой гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю як кандыдата гістарычных навук, дыпламаванага спецыяліста па гісторыі савецкіх рэпрэсій, дацэнта кафедры дыпламатычнай і консульскай службы факультэта міжнародных адносін БДУ», — гаварылася ў заяве.
Скрыншот артыкула А. Мукавозчыка з сайта «СБ» да яго выдалення
Да звароту ў пракуратуру Ігар Кузняцоў даслаў заяву на імя галоўнага рэдактара «СБ. Беларусь сегодня» Дзмітрыя Жука з просьбай абвергнуць распаўсюджаныя пра яго звесткі, і атрымаў адмову. Адметна, што згаданы артыкул пры гэтым знік з сайта выдання і не быў змешчаны ў яго друкаванай версіі.
Тады Кузняцоў папрасіў правесці пракурорскую праверку і прыцягнуць Мукавозчыка да крымінальнай адказнасці за паклёп.
У адказе з УУС Савецкага раёна, які атрымаў гісторык, сказана, што «ў ходзе правядзення праверкі ўстаноўлена, што падстаў для пачатку адміністрацыйнага працэсу па арт. 9.2 КаАП Рэспублікі Беларусь (Паклёп) у дачыненні да аўтара артыкула «Ілжэгісторыкі» гр. Мукавозчыка няма».
«Я буду звяртацца ў гарадскую пракуратуру і ўсё роўна настойваю на ўзбуджэнні крымінальнай справы, бо з адказу бачна, што праверка была праведзена павярхоўна. Дзеянні журналіста насілі свядомы характар, таму паклёп тут відавочна прысутнічае», — сказаў «Новаму Часу» Ігар Кузняцоў.