Пракуратура Мінскай вобласці пацвердзіла факты парушэнняў у дачыненні да сям'і Алесі Садоўскай

Пракуратура Мінскай вобласці пацвердзіла парушэнне правоў у дачыненні да сям'і жыхаркі Маладзечна Алесі Садоўскай.
Пра гэта распавядае "Беларуская праўда". 

"Як мы і меркавалі — гісторыя ідзе да скандалу.  24 мая 2017 года з Мінскай абласной пракуратуры я атрымала дакумент, у якім прызнаюцца факты парушэння ў адносінах да нашай сям'і з боку начальніка аддзела адукацыі Маладзечанскага раёна Драпезы І.Ф. Гаворка ідзе аб накіраванні ў псіханеўралагічны дыспансер запыту аб наяўнасці ў мяне захворвання, які адносіцца да пераліку, пры якім бацькі не могуць выконваць бацькоўскія абавязкі. Інфармацыя аб дадзеным парушэнні перададзена ў Маладзечанскі выканкам для ліквідацыі выяўленых парушэнняў і недапушчэнні іх надалей", — кажа Алеся Садоўская.

— Менавіта гэтыя парушэнні, а дакладней, дакументы, здабытыя з парушэннем закона, былі пакладзены ў аснову рашэння выканкама, у выніку якога мы з дачкой былі разлучаны на час судовага разборальніцтва, якое доўжылася больш за паўгода, а таксама пакладзены ў аснову працэдуры адабрання маёй дачкі. Шчыра скажу, што я крыху нават разгубленая: гэты дакумент велізарны рывок для адкручвання сітуацыі назад. Мы настолькі прывыклі атрымліваць пустыя адпіскі, што дакумент такога зместу нават шакуе, — адзначае Алеся Садоўская. — Бяздзейнасць пракуратуры і Следчага камітэта з'яўляюцца неналежным выкананнем службовых абавязкаў, таму як двойчы за год зафіксавана, што Драпеза І.Ф. на пасадзе начальніка аддзела адукацыі (успомнім скандалы аб загінулай на бульбе 13-гадовай дзяўчынцы і дзяцей, што мерзнуць у садках) дапусціла неналежнае выкананне службовых абавязкаў.


Як падкрэсліла Алеся Садоўская, «зараз нашы дзеянні залежаць ад прынятых мер рэагавання з боку Маладзечанскага выканкама ў адносінах да вінаватай асобы і рэабілітацыі нашай сям'і».

Нагадаем, што 17 чэрвеня 2016 года суддзя суду Маладзечанскага раёна Павел Жачко прызнаў Алесю Садоўскую вінаватай у гвалце і пагрозе насіллем у дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, з помсты за выкананне службовых абавязкаў і на падставе ч. 1 арт. 366 КК Рэспублікі Беларусь, і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады шэсць месяцаў.

Алеся Садоўская падавала ў Мінскі абласны суд апеляцыйную скаргу на прысуд суда Маладзечанскага раёна. Жанчына лічыць прысуд па крымінальнай справе незаконным, паколькі «ў аснову прысуду былі пакладзеныя супярэчлівыя паказанні сведак і пацярпелай, якая з'яўляецца зацікаўленай у зыходзе справы».

Пракуратура абскардзіла прысуд па крымінальнай справе жыхаркі Маладзечна Алесі Садоўскай, якую абвінавацілі ў парушэнні часткі 1 стаць 366 КК. Пракуратура паставіла пад сумнеў заключэнне судова-псіхіятрычнай экспертызы ад 22 красавіка 2016 года, згодна з якім Алеся Садоўская не мае патрэбы ў прымусовым лячэнні.

5 жніўня 2016 года Мінскі абласны суд пакінуў у сіле прысуд Алесі Садоўскай.

З лютага да сярэдзіны чэрвеня 2016 года Алеся Садоўская ўжо правяла амаль чатыры месяцы ў ІЧУ, Жодзінскай турме №8 і «Навінках».

25 чэрвеня Алесі Садоўскай вярнулі васьмігадовую дачку Кацю, якая год па рашэнні Маладзечанскага райвыканкама (пазоў ініцыявала начальнік аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама І.Драпеза) правяла па сацыяльным прытулкам і прыёмным сем'ям.

18 красавіка 2017 года  Алеся Садоўская падала наглядную скаргу пракурору Мінскай вобласці на прысуд суда Маладзечанскага раёна аб прызначэнні ёй абмежавання волі, або «хатняй хіміі», у выглядзе 2 гадоў і 6 месяцаў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: