Пракуратура стрымала абяцанне і прыпыніла работы на Вайсковых могілках

У Мінкульт і Мінгарвыканкам накіраваныя афіцыйныя дакументы ад імя пракуратуры гораду Мінска, паведамляе Радыё Свабода.
Вайсковыя могілкі на вуліцы Казлова ў Мінску — адзін з самых старых некропаляў беларускай сталіцы, яны маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Першыя згадкі пра Вайсковыя могілкі адносяцца да 1840 году, асвячэнне могілак адбылося ў 1895 годзе.

Пра тое, што пракуратура звярнулася ў Мінкульт і Мінгарвыканкам з афіцыйнымі лістамі, паведаміў намеснік кіраўніка аддзелу інфармацыі Генпракуратуры Дзмітры Брылёў.

«На гэты момант работы ў добраўпарадкаванні на Вайсковых могілках прыпыненыя, — паведаміў Брылёў. — У Мінгарвыканкам і Мінкульт накіраваныя два акты пракурорскага рэагавання».

Паводле афіцыйнага прадстаўніка Генпракуратуры, Мінгарвканкаму і Мінкульту прапанавана забяспечыць выкананне санітарна-эпідэміалагічных патрабаванняў, а таксама правесці добраўпарадкаванне і аднаўленне элементаў гісторыка-культурнай спадчыны ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства.

Пра тое, што на ход добраўпарадкавання Вайсковых могілак звярнулі ўвагу ў пракуратуры Мінску, стала вядома з афіцыйнага адказу, атрыманага адным з валанцёраў — Змітром Крымоўскім. Там гаварылася, што пад выглядам упарадкаваньня цалкам ці часткова былі дэмантаваныя надмагільныя крыжы, збудаваньні і агароджы. Дэмантаж адбываўся без узгаднення зь Міністэрствам культуры, руйнаванне можна было замяніць фарбаваннем ці «ліквідацыяй нязначных пашкоджанняў».

Што адбываецца?

На пачатку чэрвеня спецкамбінат камунальна-бытавога абслугоўвання пачаў «добраўпарадкаванне» Вайсковых могілак у Мінску. Супрацоўнікі камбінату
  • прыбіраюць агароджы, пілуюць старыя і сухія дрэвы;
  • зносяць старыя крыжы і надмагільлі. На іх месца ўсталёўваюць аднолькавыя невялічкія пліты — так званыя «надгалоўнікі».
Гэта прадугледжана Законам аб пахаванні і пахавальнай справе і інвентарызацыяй могілак, праведзенай у 2015 годзе, тлумачыў намеснік дырэктара спецкамбіната КБА Сяргей Тур. Таксама Тур спасылаўся на рашэнне Мінгарвыканкаму аб добраўпарадкаванні Вайсковых могілак, прынятае ў траўні. На сайце Мінгарвыканкама гэтага рашэння не публікавалі.

Гісторыкі і рэстаўратары сцьвярджаюць, што «добраўпарадкаванне нагадвае знос», і заклікаюць да абароны могілак.

Паводле Мінгарвыканкаму, упарадкаванне адбываецца законна, спыняць яго няма падстаў. У канцы чэрвеня кіраўніцтва Міністэрства культуры на словах паабяцала прыпыніць працы на Вайсковых могілках. Выявілася, што рэканструкцыя Вайсковых могілак вялася без праекту і з парушэннямі ўмоваў Мінкульту.

На 2019 год Мінгарвыканкам анансаваў упарадкаванне Кальварыйскіх могілак, якія існуюць з канца 18 стагоддзя і таксама зьяўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!