Пракурор папрасіў пакараць блогера Пятрухіна 2 гадамі «хіміі» за абразу міліцыянтаў

Дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў пакараць брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна 2 гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на «хімію»), піша «Радыё Свабода».

Апроч таго, пракурор прапануе пакараць Пятрухіна штрафам у памеры 100 базавых велічыняў (2550 рублёў).

Адвакатка пацярпелых хадайнічае аб тым, каб блогер сплаціў тром міліцыянтам па 1500 рублёў кампенсацыі маральнага ўрону, а чацвёртаму — 3000.

Пацярпелымі ў справе праходзяць міліцыянты Сяргей Ігнацюк, Дзмітры Якушэвіч, Сяргей Токун, Ігар Галянціч. Яны напісалі заяву на блогера Сяргея Пятрухіна за абразу і паклёп у адным з ягоных відэаролікаў, пасля чаго і была распачатая крымінальная справа.

Як і мінулыя разы, на сённяшні суд прыйшлі шмат міліцыянтаў, але на пасяджэнне ўдалося патрапіць некаторым журналістам і прадстаўнікам грамадскасці.

Разглядае справу суддзя Ленінскага суду Брэста Аляксандар Семянчук.

Сяргей Пятрухін сваёй віны не прызнае, ён кажа, што ў ягоным роліку няма абразы гэтых канкрэтных міліцыянтаў.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» лічыць працэс над блогерам Сяргеем Пятрухіным палітычна матываваным.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!