Пракурор прапанаваў знізіць пакаранне палітвязню. Але Мінгарсуд пакінуў прысуд без зменаў

Мінскі гарадскі суд 9 лютага разгледзеў апеляцыйную скаргу 21-гадовага палітвязня Антона Лакішыка. Пакаранне ў тры гады калоніі занадта суровае за штуршок супрацоўніка АМАПу на акцыі 14 чэрвеня.

Затрыманне 14 ліпеня на Нямізе. Антон Лакішыка ў белай кофце. Фота: spring96.org


АМАПавец не атрымаў цялесных пашкоджанняў і не звяртаўся ў медыцынскія ўстановы, хлопец выплаціў яму маральную шкода ў тысячу рублёў і цалкам прызнаў сваю віну. Старшынёў калегі па справе выступала суддзя Мінгарсуда Тамара Унукевіч. Пракурорка Сакалова пагадзілася з довадамі адвакаткі Антона Лакішыка і прапанавала суду змяніць прысуд Цэнтральнага суда і знізіць пакаранне да двух гадоў пазбаўлення волі, піша spring96.org .

Антона Лакішыка на абскарджанне прысуду не падключылі нават праз скайп. Яго інтарэсы ў Мінгарсудзе прадстаўляла адвакатка Кацярына Пятровіч. Яна прасіла суд змяніць прысуд Цэнтральнага суда ад 18 лістапада і прызначыць пакаранне Антону, не звязанае з пазбаўленнем волі: санкцыя артыкула 364 КК прадугледжвае таксама арышт і абмежаванне волі.

«Высокі суд, ні я, ні мой падабаронны не аспрэчваюць абставіны ўчыненага злачынства. Але мы мяркуем, што пакаранне, прызначанае Антону, не адпавядае цяжару пакарання. Я мяркую, што ў дадзеным выпадку меліся ўсе падставы, каб прызначыць майму падабароннаму пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Той від пакарання, які яму прызначылі, з’яўляецца самым строгім», — зазначыла адвакатка.

«Хачу сказаць, што нават у ходзе судовага разбору пацярпелы падыходзіў да мяне і пытаўся, ці можна ў дадзеным выпадку абысціся без крымінальнай адказнасці. У судзе мы падавалі хадайніцтва аб вызваленні майго падабароннага ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Пацярпелы не пярэчыў. Больш за тое, ён у спрэчках прасіў суд прызначыць майму падабароннаму пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, улічыць яго ўзрост», — зазначыла абаронца.

У судзе з нагоды дадзенай апеляцыйнай скаргі выказалася пракурорка Сакалова: «Вінаватасць Лакішыка… ў скарзе не аспрэчваецца. Разам з тым, з улікам абставінаў і асобы абвінавачанага, мяркую, што тэрмін прызначанага абвінавачанаму пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі неабходна знізіць з трох гадоў да двух».

Аднак судовая калегія па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда 9 лютага пакінула прысуд без зменаў. Родныя Антона маюць намер абскардзіць прысуд далей. Палітвязень пакуль утрымліваецца ў СІЗА-1 у камеры з 15 арыштаванымі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: