Пракурор просіць для палітвязня, валанцёра штаба Бабарыкі, два гады «хіміі»

Для палітвязня Антона Бяленскага пракурор просіць гады «хіміі». Адвакат жа патрабуе апраўдання для палітвязня.

Раніцай 4 сакавіка працягнуўся судовы працэс па крымінальнай справе ў дачыненні да валанцёра выбарчага штаба Віктара Бабарыкі, палітвязня Антона Бяленскага. Мужчыну вінавацяць па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — «Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Справу разглядае суддзя Святлана Бандарэнка. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае старшы памочнік пракурора Маскоўскага раёна Раман Бізюк.

Антону Бяленскаму інкрымінуюць дзеянні, якія ён здзяйсняў у ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года. У абвінавачанні сказана, што Бяленскі перашкаджаў супрацоўнікам праваахоўных органаў у выкананні іх службовых абавязкаў і наўмысна перашкаджаў руху транспарту. Сам Антон віну прызнаў часткова (а менавіта сказаў, што браў удзел у мірнай акцыі, у астатнім ён не згодны) — і адмовіўся даваць паказанні ў залі суда.

Сёння на працэс быў выкліканы сведка Самсоненка, які знаёмы з палітзняволеным. Ён распавёў, што вечарам 9 жніўня пайшоў прагуляцца, сустрэўся з Юрыем Савіцкім і іншымі знаёмымі на вуліцы Акадэмічнай, пасля рушылі ў бок стэлы. Пазней там пачулі стрэлы, людзі беглі ад сілавікоў, натоўп падзяліўся і разыходзіўся ў розныя бакі. З кім застаўся сам сведка — ён не памятае, кажа, што не бачыў, каб людзі станавіліся ў счэпкі.

Адвакат запытаўся ў Самсоненкі, ці папярэджвалі як-небудзь супрацоўнікі міліцыі прысутных і ў прыватнасці Антона Бяленскага? Ці аказваў падсудны непадпарадкаванне? Ці перашкаджаў ён функцыянаванню грамадскага транспарту? Ці ўгаворваў Антон Бяленскі якіх-небудзь грамадзян да нейкіх дзеянняў? Ці накіроўваў палітвязень прысутных па нейкім маршруце? На ўсе гэтыя пытанні сведка адказаў «Не». Ён падкрэсліў, што «ўсе гулялі мірна».

У судзе быў агучаны пратакол допыту Самсоненкі ад 24 лістапада 2020 года з-за разыходжанняў у паказаннях:

«9 жніўня я камунікаваў з Савіцкім і мы дамовіліся сустрэцца, потым прыехалі яшчэ хлопцы. Мы збіраліся прагуляцца ў напрамку вуліцы Няміга.

З Антонам я знаёмы з часоў працы на яго, больш за 8 гадоў».

У пратаколе значыцца, што, калі натоўп падзяліўся, Самсоненка са знаёмымі згубілі адзін аднаго, ён нікога не знайшоў і вырашыў паехаць да дому.

Суддзя запыталася, чаму сведка сказаў, што нічога не памятае?

«Вы б яшчэ праз два гады спыталі», — адказаў ён.

Каля 10:20 усіх прысутных слухачоў суддзя выдаліла з залі пасяджэння з-за смеху.

Тым часам у судзе адбыліся спрэчкі бакоў.

Як паведамляе «Белсат», пракурор патрабуе для Антона Бяленскага 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Тэрмін утрымання пад вартай з 13 жніўня залічыць як адзін дзень у СІЗА за два дні абмежавання волі.

Адвакат кажа, што гэта празмерна суровае пакаранне, і патрабуе апраўдання для палітвязня:

«Чым дзеянні майго кліента адрозніваліся ад дзеянняў тысяч іншых людзей? Чым ён абавязаны такой увазе? Мабыць, таму што ён быў валанцёрам у штабе Віктара Бабарыкі і ў "Сумленных людзях"? Няма ніякіх доказаў, што Бяленскі груба парушаў грамадскі парадак. Ніхто з прадстаўнікоў органаў унутраных спраў не пацвердзіў, што Бяленскі аказваў супраціў».

Пракурор жа сцвярджае, што доказы абароны абстрактныя. А «Мінсктранс» — гэта прадпрыемства, якое павінна перавозіць людзей. У той дзень гэта было немагчыма, бо ў Мінску былі масавыя беспарадкі.

Антон адмовіўся ад апошняга слова.

Абвяшчэнне прысуду адбудзецца 5 сакавіка ў 10:00.

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: