«Прапаноўвалі, але адмовіўся». Маці расказала пра сына, які не захацеў прасіць памілаванне ў Лукашэнкі

Сын Наталлі Ўладзіслаў з сакавіка адбывае ў 22-й калоніі ў Івацэвічах два гады зняволення. Ён асуджаны паводле 364 артыкула Крымінальнага кодэксу (гвалт адносна супрацоўнікаў праваахоўных органаў).

Паводле Наталлі, яе сын не захацеў падаваць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, распавядае «Свабода».

Чаму і на якіх умовах сыну прапанавалі падпісаць прашэнне, Наталля не ведае. Паводле жанчыны, яе размова з сынам на гэтую тэму была кароткай з невядомай ёй прычыны.

«Пазваніў сёння праз тэлефон — быў рэгулярны званок. А я раней чытала навіны пра такія прапановы, і нават ведаю сваякоў хлопцаў, каму прапаноўвалі, таму спытала, ці з ім такое было. І ён коратка адказаў, што так, таксама прапаноўвалі, але ён адмовіўся. І больш пра гэта гаварыць не стаў. Магчыма, нешта ці нехта яму заміналі», — мяркуе Наталля.

Паводле інфармацыі Наталлі, у івацэвіцкай калоніі № 22 сама меней чатыром вязням, асуджаным за пратэсты, прапаноўвалі падаваць прашэнні аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, і двое адмовіліся гэта рабіць.

Уладзіславу 28 гадоў, ён жанаты. Затрымалі яго ў верасні мінулага году. У 22-й калоніі Ўладзіслаў з 1 сакавіка. Працуе на дрэваапрацоўцы. У маі маці прыяжджала да сына на першае спатканне.

«Казаў, спачатку іншыя вязні ледзь не пальцам на «палітычных» паказвалі. Маўляў, глядзіце, вунь бчбэшнік ідзе. Адміністрацыя таксама ставілася асабліва. Там усіх палітычных, хто трапляе ў калонію, прапускаюць не толькі праз карантын, але і праз карцар. Сын ужо сядзеў у карцары, і «атаварку» яму скарацілі. Але паступова стаўленне нармалізавалася. Расказваў, што па БТ там бачылі пра тое, як памёр вязень у калоніі, а тады даведаліся, што гэта «палітычны», Вітольд Ашурак. І сказаў, што стаўленне ахоўнікаў з таго часу стала лепшым», — расказала Наталля.

Паводле Наталлі, яе сын на судзе не прызнаў віны, але кампенсацыю міліцыянтам, якіх суд прызнаў пацярпелымі, ён ужо сплаціў.

«700 рублёў і штраф мы сплацілі», — кажа Наталля.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: