Прасцей не заўважаць: як жывуць бяздомныя падчас каронавіруса

Валанцёры, якія дапамагаюць бяздомным, распавядаюць, што людзі на вуліцы жывуць у сярэднім каля сямі гадоў. Адсутнасць неабходных умоваў, цёплага адзення, якаснай ежы, антысанітарыя, інфекцыі і маладаступная медыцынская дапамога робяць сваю справу. А сёлета да ўсяго гэтага дадалася і пандэмія каронавіруса, асабліва небяспечнага для людзей ва ўзросце з аслабленым імунітэтам і хранічнымі захворваннямі. Таму бяздомныя імгненна аказаліся ў групе рызыкі.

Фота Аляксандра Лібертада



Пры жаданні бяздомных можна было б засцерагчы

Праблем дадало і тое, што з пачаткам эпідэміі многія дабрачынныя арганізацыі, якія аказвалі дапамогу бяздомным, перасталі гэта рабіць. Так, актывісты міжнароднай ініцыятывы «Ежа замест бомбаў», якая корміць бяздомных на вуліцах ужо 14 гадоў, адзначаюць, што раней на раздачу ежы прыходзіла чалавек 20, а з пачаткам пандэміі іх колькасць павялічылася больш чым удвая.

Павялічылася нагрузка і на сталовую на вуліцы Матусевіча ў Мінску, што месціцца ў будынку былога дзіцячага садка. Як распавядае Валерый Еранкевіч, які штодня, акрамя выходных, гатуе тут абеды для бяздомных, звычайна зімой да яго прыходзяць паесці ад 100 да 130 чалавек, летам застаецца 60 – 70. Але праз пандэмію цяпер на абед стала прыходзіць людзей столькі, колькі прыходзіла зімой — 100 – 110 чалавек.

Валерый Еранкевіч

Валерый Еранкевіч

У чэрвені эпідэмія каронавіруса прыйшла ў адзіны ў Мінску дзяржаўны дом начнога знаходжання на вуліцы Ваўпшасава: захварэлі два чалавекі, 30 чалавек-кантактаў пасадзілі на каранцін. Але там бяздомным прадастаўляюць толькі ложкі, таму прывозіць ежу ўзяліся валанцёры. У тым ліку і Валерый з камандай памочнікаў — цягам некалькіх тыдняў кожны дзень, апроч выходных, яны гатавалі 30 дадатковых порцый, упакоўвалі іх у кантэйнеры і перадавалі валанцёрам. Мы з Валерыем сустрэліся, калі каранцін у начлежцы рыхтаваліся завяршаць.

— Я не ведаю, наколькі гэта разумна, — шчыра прызнаўся ён. — Варта было рабіць больш доўгі каранцін, таму што гэтыя людзі пастаянна перамяшчаюцца, яны носяць вірус у сабе. Ужо колькі ў мяне тут папамірала… Нават мая дырэктар. Нам па гуманітарнай лініі прывезлі медыкаменты, і яна са студзеня працавала з медперсаналам, раздавала іх. Медыкі, відаць, самі захварэлі і не ведалі, заразілі яе — і яна памерла.

На кухні строга сочаць за санітарнымі ўмовамі

На кухні строга сочаць за санітарнымі ўмовамі

На думку Валерыя, у існуючых умовах бяздомных людзей немагчыма засцерагчы ад інфекцыі і перашкодзіць ім яе распаўсюджваць. Хаця пры жаданні гэта можна было б зрабіць.

— У нас шмат санаторыяў — іх можна было б прадаставіць на некалькі месяцаў каранціна, змясціць туды бяздомных і паставіць ахову. Але ж каранцін ніхто не абвяшчаў — у нас жа «нічога няма», — гаворыць кухар.


Не хлебам адзіным

Валерый — не проста валанцёр, ён — прафесійны кухар. Працаваў у розных установах, быў нават шэф-кухарам, а аднойчы гатаваў для Машэрава. На жыццё скардзіцца не даводзілася, у сям’і былі грошы, але разам з імі — праблемы з алкаголем. Зразумеўшы, што можа страціць сям'ю, Валерый прыняў хрост і ў 1995 годзе з'ехаў місіянерам ва Украіну разам з жонкай і чатырма дочкамі. 20 гадоў ён дапамагаў бедным і бяздомным па ўсім свеце. А калі вярнуўся на радзіму, сам аказаўся ў іх ліку. З’язджаючы на місію, Валерый пакінуў свой дом з участкам зямлі на сястру, а яна яго прадала. Калі мужчына з сям’ёй вярнуўся, яму не было куды пайсці. Так пяць гадоў таму ён стаў валанцёрам арганізацыі «Водгук» («Отклик»), якая дапамагае бяздомным. Сюды можа прыйсці чалавек у патрэбе, каб не толькі паесці, але і атрымаць адзенне, першую медыцынскую дапамогу, а таксама юрыдычную — аднавіць дакументы, аформіць пенсію па ўзросце або па інваліднасці, вырашыць пытанні з жыллём.

Кантэйнеры для адпраўкі ў начлежку на Ваўпшасава

Кантэйнеры для адпраўкі ў начлежку на Ваўпшасава

Раней бяздомныя збіраліся ў зале, перад палуднаваннем была гадзінная пропаведзь. Дзякуючы гэтаму некаторыя людзі нават змаглі змяніць сваё жыццё, перасталі піць. Але такіх — меншасць. Бо каціцца ўніз прасцей, чым рабіць высілкі над сабой, мяркуе Валерый.

Што праўда, у сталовай працуе жорсткае правіла: не карміць п’яных.

— Калі ты знайшоў выпіўку — знайдзі закуску. Бо калі пусціць гэта самацёкам — тут увесь раён п’яніц. Раней прыходзілі і крычалі, як у рэстаране. Аднойчы я сказаў ім: так, дарагія, усе застаемся і будзем працаваць – агарод даглядаць, чысціць… Як ветрам здзьмула! — усміхаецца суразмоўца.


«Калі наканавана – маска не дапаможа»

У першую чаргу Валерый і яго памочнік Віктар раскладваюць ежу па кантэйнерах для адпраўкі ў начлежку. Стравам астываць не даводзіцца: па іх ужо прыехала на аўто валанцёрка «Чырвонага Крыжа» Юлія.
Сёння ў меню — суп, салата са свежай гародніны, каша, якую называюць самаробнай аўсянкай (авёс перамолваюць на спецыяльнай машынцы), запечаная курыца. Выглядае прыгожа і смачна, як дома.

— Я заўжды гатую, як для сябе, і ўкладаю ў гэта душу і досвед, — усміхаецца Валерый.

Дамашні абед для тых, хто не мае дома

Дамашні абед для тых, хто не мае дома

На раздачу ежы людзі збіраюцца значна раней за прызначаны час, але пакорліва стаяць і чакаюць, пакуль іх паклічуць. Сярод іх ёсць і асобы спітага выгляду, і акуратна апранутыя.

На час эпідэміі ежу людзям сталі раздаваць на вуліцы, а пропаведзі прыпынілі. Ад бяздомных патрабуюць насіць маскі і трымаць дыстанцыю. Але гэтых правілаў некаторыя проста не могуць прытрымлівацца, бо маскі трэба рэгулярна мяняць ці хаця б мыць, а зрабіць гэта часам няма дзе. Перыядычна неабыякавыя людзі, ініцыятывы і арганізацыі, у тым ліку і «Водгук», ладзяць для бяздомных раздачу масак і сродкаў гігіены, але гэтага аказваецца недастаткова.

Валанцёрка «Чырвонага Крыжа» Юлія загрузіла 30 порцый абеду, каб адвесці іх бяздомным на каранціне

Валанцёрка «Чырвонага Крыжа» Юлія загрузіла 30 порцый абеду, каб адвесці іх бяздомным на каранціне

Так, у чарзе людзей, якія прыйшлі па ежу ў сталовую на Матусевіча, пад 70 чалавек, з іх у масках — усяго з дзясятак. Прычым некаторыя трымаюць іх у руках, хтосьці сцягнуў на падбароддзе, у некага маска закрывае толькі рот і пакідае адкрытым нос. Чысціня гэтых ахоўных сродкаў таксама сумнеўная. Дыстанцыю амаль ніхто не трымае, толькі перад самым сталом раздачы бяздомныя стараюцца стаць падалей адзін ад аднаго.

Пакрысе бяздомныя выстройваюцца ў чаргу ў чаканні раздачы ежы

Пакрысе бяздомныя выстройваюцца ў чаргу ў чаканні раздачы ежы

Раздатчык Арцём, які сам аказаўся бяздомным праз камунальныя даўгі, надзявае маску, пальчаткі і становіцца за раздатачны стол, які, разам з празрыстым лістом пластыку, аддзяляе яго ад людзей на вуліцы. Ён па адным выклікае тых, хто прыйшоў. Калі ў каго ёсць свой посуд — шкляны слоік, пластыкавы кантэйнер, абрэзак бутэлькі — стравы наліваюць і накладваюць у яго. Калі няма — выдаюць у аднаразовым кантэйнеры. Чалавек забірае сваю порцыю і паспешліва адыходзіць, тут жа выклікаюць наступнага. Перыядычна Арцём ушчувае бяздомных за тое, што тыя ходзяць без масак.

Да раздатачнага стала падыходзяць па адным

Да раздатачнага стала падыходзяць па адным

Зрэшты, многія, хто іх надзеў, адыйшоўшы ад стала раздачы, тут жа іх здымаюць.

— Каронавірус — гэта пустая паніка. Маску надзяваю, таму што тут парадак такі. Мяне ніводны каронавірус не возьме, таму што ў мяне імунітэт з савецкіх часоў. Хварэюць людзі з аслабленым імунітэтам, тыя, хто вырас пасля 1986 года, пасля Чарнобыля, — гаворыць адносна акуратна апрануты мужчына з пабітым тварам.

— Я не ведаю, ці ёсць каронавірус, але на ўсялякі выпадак маску нашу — у транспарце, у аптэцы, у краме, рукі мыю і апрацоўваю антысептыкам, — гаворыць інтэлігентнага выгляду жанчына па імені Тамара.

Яна чыста апранутая, у яе ёсць дом, а прыходзіць па бясплатную ежу вымушаюць абставіны: пасля сыходу на пенсію грошай зусім не хапае. А яшчэ Тамара любіла сюды прыходзіць, калі перад ежай чыталі пропаведзі.

— Гэта такая добрая рэч, я навучылася маліцца, я цяпер дома кожную раніцу ўстаю і малітву чытаю. Я люблю гэта, я навучылася па-іншаму глядзець на свет, — дзеліцца жанчына.

Раней бяздомных кармілі ў гэтай зале, цяпер яна часткова прыстасаваная пад склад

Раней бяздомных кармілі ў гэтай зале, цяпер яна часткова прыстасаваная пад склад

Малады смуглявы чалавек, які прадставіўся Вовам, прыходзіць па ежу раз ці два на тыдзень. Сам ён не з Мінска, кажа, там, дзе ў яго ёсць жытло, няма працы.

— Таму так і даводзіцца: калі знайшоў дзе якую падпрацоўку — паеў, не знайшоў — іду сюды. Так і большасць людзей тут, — распавядае Вова.

Да эпідэміі каронавіруса ён ставіцца па-філасофску, маску не носіць, кажа, калі наканавана — маска не дапаможа.

Такія налепкі можна сустрэць у сталовай і на дзвярах, і на халадзільніку

Такія налепкі можна сустрэць у сталовай і на дзвярах, і на халадзільніку

Бяздомным неабходная падтрымка

Валерый прызнаецца, што па-чалавечы ўжо стаміўся працаваць з бяздомнымі. Але покліч сэрца патрабуе працягваць, бо калі ты ім не дапаможаш — то хто?

— Калі выходзіць нейкае інтэрв’ю, усе ў эйфарыі пачынаюць званіць, запытвацца, чым дапамагчы. А потым знікаюць. Таму што самі не прайшлі праз гэта, не пацярпелі, — зазначае ён.

Фінансаванне для праекта арганізацыі «Водгук» «Дапамога бяздомным» збіраецца на платформе часопіса «ИМЕНА». Ахвяраваць любую суму можна як на сайце, так і праз АРІП ды пры дапамозе SMS (для абанентаў МТС і life) і USSD-запыта (для абанентаў А1). Асноўныя патрэбы — аплата арэнды, якая пастаянна расце, а таксама закупка прадуктаў, якія таксама даражэюць. Актуальная як фінансавая дапамога, так і любая іншая. Напрыклад, сталовая мае патрэбу ў аднаразовым посудзе і кантэйнерах для ежы, бо часта ў бяздомных няма ніякага свайго посуду. Таксама можна дапамагчы прадуктамі — прывезці альбо замовіць дастаўку на Матусевіча, 15. Цяпер актуальныя таксама маскі, антысептыкі, сродкі гігіены. А яшчэ можна звяртацца непасрэдна да Валерыя: + 375 33 611 31 60.

— Слава Богу, што свет не без добрых людзей, якія дапамагаюць, — гаворыць Валерый.

Аляксандра — адна з іх. Яна ўбачыла артыкул пра праект і вырашыла яму дапамагчы.

— У першы раз я спякла каўрыжку і прынесла яе, яшчэ не ведаючы, колькі людзей сюды прыходзіць. Чалавек на 40 хапіла, — узгадвае жанчына. — Раней людзі былі больш блізкія адно аднаму, дапамагалі, сябравалі. Цяпер такога няма.  

Аляксандра прывозіць нешта для бяздомных раз на тыдзень. Сёння яна прывезла на кухню зеляніну са свайго гарода. Жанчына перакананая: калі б бяздомным было больш падтрымкі і ўвагі, ім было б прасцей змяніць сваё жыццё. А так ім проста няма куды звярнуцца.

Наўрад ці нехта з тых, хто аказаўся без даху над галавой, калісьці думаў, што стане бяздомным. Хтосьці прыходзіць да гэтага, планамерна руйнуючы сваё жыццё алкаголем, а нехта трапляе на вуліцу зусім выпадкова. Але ў любым выпадку, страціўшы дом і дакументы, у вачах грамадства такія людзі губляюць і сваю чалавечую каштоўнасць.

У сваю чаргу Валерый кажа, што, паездзіўшы па свеце, нават у бедных краінах бачыў зусім іншае стаўленне да праблем бяздомных. Ім бясплатна прадастаўляюць памяшканні, усе ведаюць, куды можна пайсці, каб атрымаць дапамогу. У Беларусі ж такіх людзей пакуль лічаць за лепшае не заўважаць. Зрэшты, як і каронавірус.

Фота Дзіяны Серадзюк



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: