Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

«Прасцей перавесці аднаго вядомага вучня на хатняе навучанне»

Аляксандр Лукашэнка 12 мая даручыў перагледзець графік работы агульнаадукацыйных школ. На яго думку, заняткі павінны пачынацца а 9-й раніцы.

Яўгені Лівянт. Фота — Аляксандр Васюковіч, «Імена»

Пра тое, што  яшчэ трэба мяняць у беларускіх школах, «Наша Ніва» пацікавілася ў педагогаў.

Яўгені Лівянт, былы настаўнік матэматыкі і фізікі, прафесійны рэпетытар.

«Графік працы школ — гэта, на мой погляд, не галоўная праблема нашай сістэмы адукацыі. У нас сістэмны крызіс у адукацыі. І ёсць праблемы больш істотныя, якія даўно трэба вырашаць.

Напрыклад, трэба падымаць сацыяльны статус настаўнікаў. Плюс пазбавіцца ад жудаснай бюракратызацыі настаўніцкай працы. Адукацыя — жудасна перагружаная паперамі галіна, шалёны дакументаабарот не ідзе на карысць, а амаль паралізуе працу школ.

Таксама трэба мяняць навучальныя праграмы і, адпаведна, падручнікі. Праграмы, па якіх вучацца дзеці, не адпавядаюць сучаснаму жыццю, яны перагружаныя другаснай інфармацыяй, яны нелагічныя, не адаптаваныя да ўзросту вучняў, праграмы па розных прадметах не звязаныя паміж сабою… Яны крытычна кепскія.

Да таго ж, нашы вучэбныя праграмы ніяк не карэлююць з праграмамі нашых суседзяў: Польшчы, Расіі. Надта асабісты шлях у адукацыі ў нас атрымліваецца чамусьці!

Што ж тычыцца менавіта графіка — то гэтае пытанне ў першую чаргу павінна абмяркоўвацца з грамадствам, а не рабіцца па загадзе зверху. Бо што рабіць, напрыклад, рабіць з дзецьмі бацькам, якім трэба ехаць на працу а восьмай раніцы? Што ім рабіць з дзецьмі?»


Уладзімір Колас, дырэктар Коласаўскага ліцэю


Уладзімір Колас. Фота — Радыё Рацыя

«Адукацыі патрэбныя рэформы, якія будуць падрыхтаваныя кампетэнтнымі людзьмі, якія будуць абмяркоўвацца грамадствам, а не проста змена графіку на гадзіну.

Напрыклад, абавязкова павінна быць дыферэнцыяцыя адукацыі: каб вучань у гады перад выпускам мог абіраць патрэбны накірунак, дысцыпліны, якія яму патрэбныя і якія ён будзе паглыблена вывучаць. Моўнае пытанне, зноў жа. Набліжэнне нашай адукацыі да еўрапейскай… І вынік адукацыі — каго вы хочаце бачыць па выхадзе з навучальнай установы? Чалавека са сцёртай ідэнтычнасцю Саюзнай дзяржавы ці жыхара еўрапейскай краіны пад назвай Беларусь?

А тут ідуць іншым шляхам. У ідэале было б добра, каб графік наведвання школы ўвогуле быў індывідуальным для кожнага. Але тое ўтопія, да якой, можа, і не варта імкнуцца. А так мы бачым, як адзін чалавек пад свайго сына будуе ўсю сістэму адукацыі. Гэта не зусім правільна. Можа вырашыць усё прасцей, проста перавесці аднаго вядомага вучня на індывідуальнае хатняе навучанне, і на здароўе? Навошта мучыць усю краіну?

Напрыклад, у нашым ліцэі заняткі пачынаюцца а 9-й гадзіне, бо да нас едуць з усяго горада. Калі ласка, можам прыняць, калі пройдзе па конкурсу. Але, думаю, пройдзе, хлопец здольны».

nn.by



Каментаваць