Апошняе слова «слуцкай банды»

2 сакавіка абвінавачаным у забойстве пенсіянераў Слуцкага і Капыльскага раёнаў далі апошняе слова.

Нагадаем, што ў судзе Слуцкага раёна каля месяца разглядаецца справа па абвінавачанні траіх маладых людзей у забойствах. Паводле версіі следства, у студзені 2019 года яны рабавалі і забівалі людзей сталага веку, падпальвалі іх дамы. Гэтыя дзеянні пракурор кваліфікаваў як забойствы, здзейсненыя з асаблівай жорсткасцю, з прымяненнем разбою і наўмысным знішчэннем маёмасці.

 У мінулую сераду, 26 лютага, пракурор запрасіў для галоўнага фігуранта справы Віктара Скрундзіка смяротнае пакаранне, 18 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму для Валянціна Бушніна і 22 гады зняволення для Віталя Мецяжа. Былы трактарыст Віталь Мяцяж на першых судовых пасяджэннях адмаўляў свой удзел у забойстве Уладзіміра Гаркавага з вёскі Ульянаўка Слуцкага раёна. Прызнаў  толькі пасля прад’яўленых доказаў і сведчання самога Віктара Скрундзіка. Валянцін Шугалей, які да забойства пражываў у адным доме з Віктарам Скрундзікам у вёсцы Славінск, сваёй віны ў сумесным забойстве і спальванні пенсіянера Міхаіла Шугалея падчас судовага следства не прызнаў.

«Быў у доме, бо прыехалі ўзяць у доўг у пенсіянера грошай на выпіўку. Але я яго не забіваў, не падбухторваў, а толькі назіраў за працэсам», — такія выказванні неаднаразова гучалі ў судзе.

 Віктар Скрундзік таксама заявіў у судзе, што агаварыў падчас следства Валянціна Бушніна, паколькі яму не падабалася, што той жыве ў яго доме са сваёй сям’ёй (Бушнін жанаты на стрыечнай сястры Скрундзіка).

І вось у апошнім слове ўсім траім была дадзена яшчэ адна магчымасць выказаць свае думкі і распавесці пра датычнасць да злачынстваў.


Усе трое папрасілі прабачэння ў родзічаў за прынесенае гора. У сваім апошнім слове Валянцін Бушнін выбачаўся за тое, што не змог прадухіліць злачынства. І зноў паўтарыў, што сам не забіваў, гвалту не здзяйсняў і не падбухторваў да яго. Папрасіў суд аб’ектыўна паставіцца да яго паказанняў. Было відавочна, што яго выступ быў падрыхтаваны, бо зачытваў з паперы.

Віталь Мяцяж быў нешматслоўны. Пасля выбачэння ён папрасіў у суддзі праявіць ласку і прызначыць мінімальнае пакаранне, прадугледжанае па заканадаўству адпаведна артыкулам Крымінальнага кодэксу.

Арганізатар забойстваў Віктар Скрундзік упершыню папрасіў прабачэння ў родзічаў забітых, якім прычыніў боль. Таксама папрасіў улічыць чыстасардэчнае прызнанне ў злачынстве.

«Людзі ўжо даўно былі пахаваны, калі б я не прызнаўся і не паказаў у сваіх паказаннях усе матэрыяльныя доказы, следства магло б зацягнуцца, і вінаватыя ў злачынстве маглі б застацца непакаранымі», — заявіў ён у судзе

Судовы прысуд злачынцам будзе вынесены на наступным пасяджэнні, якое адбудзецца 5 сакавіка.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: