Пратэст лунінецкіх клубнічнікаў — выкінутая ягада

Лунінеччына завалена трускаўкай. З-за адсутнасці збыту людзі выкідваюць ягаду прама ў поле.
Нават па 20 капеек людзі да вечара 11 чэрвеня не маглі здаць ягаду — бочкі затарыліся і з'ехалі. Вось і вярнулі зямлі тое, што яна дала.

Сухую буйную ягаду скупшчыкі бралі па 50 капеек, яшчэ і чапляліся. Ёсць інфармацыя, што некалькі вёдраў людзі высыпалі прама на рынку, пад ногі скупшчыкам.

«За два вядра адборнай ягады, адна ў адну, я выбавіла 7 рублёў. Не варта яна працы, каб нават выбраць, не кажучы ўжо пра тое, каб вырасціць», — скардзіцца ў нашай групе адна з жанчын.

«Лягчэй пад плот выкінуць. Альбо хай на кустах прападае», — пацвярджае іншая.

Трэція скардзяцца на мясцовую ўладу, якая не падрыхтавалася так, як мае быць, да сезону. Рынак — рынкам, але, каб даць мясцовым жыхарам зарабіць, стварыўшы хоць бы дробную канкурэнцыю для дзяржзакупкі, трэба было паклапаціцца загадзя. Ды і цяпер можна паспець хоць неяк выправіць сітуацыю.

Выкінутая пад ногі ягада — гэта своеасаблівы пратэст. І ганьба.


Паводле media-polesye.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!