Пратэст у Курапатах трывае

У Курапатах працягваецца пратэст супраць будоўлі. Абаронцы нацыянальнага некропаля заклікаюць неабыякавых беларусаў далучацца да іх кожны дзень а 8 раніцы.

Будаўнікі ўчора зранку сказалі, што не могуць працаваць у такім становішчы, і пачалі збіраць рэчы. Будоўлю пакідала тэхніка: з'ехаў трактар.  Перамога? Менавіта гэта слова перакідалі паміж сабой абаронцы. У сацыяльных сетках пісалі: так, сёння мы атрымалі маленькую перамогу, але гэта яшчэ не канец. 

Бочкі, якія сталі сімвалам Курапат, па-ранейшаму знаходзяцца на сваіх месцах. Каля іх грэюцца людзі, ядуць, пьюць гарбату ці каву. Таму калі хтосьці не паспее паснедаць у сябе дома, то яго чакае вельмі сытны палявы сняданак: ежы прывезлі вельмі шмат.

Пад гукі барабана і гітары гучаць песні. Людзі жартавалі і смяяліся. Гутарылі на розныя тэмы, але галоўным чынам — наконт палітыкі. Адчуваўся надыход вясны.

Зміцер Галко і госць з Гародні

— Прабачыце, а дзе ў вас тут паесці можна? — спытаў хлопец з інваліднасцю, які надышоў да лагера. — Я прыехаў з Гарадзенскай вобласці, каб падтрымаць вас.

— Што ты кажаш? — хтосьці з лагеру адразу не пачуў хлопца.

— Кажа, з Гарадзенскай вобласці прыехаў. Накарміце чалавека, — сказаў журналіст Зміцер Галко. — Кашу будзеш?

Аляксей Янукевіч распавёў пра далейшы план дзеянняў абаронцаў Курапатаў:

Рашэнне пра лёс гэтай зямлі будзе прымацца не ў райвыканкаме, не ў Мінгарвыканкаме. Яно будзе прымацца беларускімі грамадзянамі. Калі мы ўстанем і мабілізуемся.

Учорашняе рашэнне нічога не азначае, лічыць Янукевіч: “Пачынаецца наступны этап змаганняў. Змаганне, якое можа скончыцца перамогай! — перакананы ён. — Тут павінны быць усё, каб яны зразумелі, што з беларускім народам такі цынізм і такое хамства не пройдзе. Яны павінны атрымаць ад нас абсалютна яснае пасланне".

Абаронцы Курапатаў прапануюць заклікаць усіх неабыякавых беларусаў праз сацыяльныя сеткі.

Адзначалася, што цяпер беларуская служба сацыяльнай сеткі «Вконтакте» пачынае блакаваць інфармацыю пра Курапаты.

Павел Севярынец лічыць, што трэба размяркоўваць сілы, ствараць вахту.  «Жалезнай воляй сістэму можна перамагчы. З нашай верай, з нашай зацятасцю. І з Божай дапамогай, я спадзяюся, што мы пераможам», — сказаў ён.

На працягу дня наведвальнікам увесь час падносяць цёплую гарбату, каб людзі не змёрзлі. Даюць бутэрброды і печыва. Сюды неабыякавыя падвозяць усё: ад ежы і цёплай вопраткі да генератара.

Агонь у бочках сагравае, а пад трэск бярвення гучалі надзённыя тэмы. Мясцовая кухня корміць як след. Каб сысці галодным — гэта яшчэ трэба было пастарацца. 


Хутчэй за ўсё, лагер чакае яшчэ вялікая колькасць правакацый, складанасцяў і выпрабаванняў. Але ў Курапатах ужо моцна адчуваецца набліжэнне вясны.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: