«Праўда пра Курапаты» паедзе па Украіне

Пасля дэманстрацыі ў Кіеве дакументальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты. Факты. дакументы, сведчанні» паедзе па Украіне.
Выставу адкрывае Володзімір В’ятровіч

Выставу адкрывае Володзімір В’ятровіч

Пра гэта было дамоўлена на працоўнай сустрэчы аўтараў выставы з беларускай грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» з дырэктарам Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці (УІНП), доктарам гістарычных навук Володзімірам В’ятровічам. Сярод гарадоў, дзе мяркуецца экспанаванне выставы, спадар Володзімір назваў Харкаў, Чарнігаў, Жытомір, Луцк, Цярнопаль і Львоў.
Будынак УІНП

Будынак УІНП

Сярод іншых напрамкаў супрацы беларускай грамадзянскай ініцыятывы з украінскай дзяржаўнай установай, якая мае статус міністэрства, — пошук імёнаў ахвяраў сталінізму, у тым ліку грамадзянаў Беларусі ва Украіне і грамадзянаў Украіны ў Беларусі, а таксама ўсталяванне ў Курапатах Украінскага крыжа дзеля ўшанавання памяці ўкраінцаў — ахвяраў чырвонага тэрору ў Беларусі.
У адкрыцці прымалі ўдзел беларусы Кіева з Беларускага цэнтру ва Украіне “Сябры”

У адкрыцці прымалі ўдзел беларусы Кіева з Беларускага цэнтру ва Украіне “Сябры”


Эксперты маюць даныя на амаль 80 тыс рэпрэсаваных і рэабілітаваных у Беларусі грамадзянаў нашай краіны і замежжа (гэта толькі невялікая частка рэпрэсаваных і, мажліва, каля паловы рэабілітаваных). З іх — 865 асобаў пазначаны па нацыянальнасці як «украінцы», у тым ліку 147 — засуджаныя да «вышэйшай меры пакарання». Сярод іх — 42 украінцы, расстраляныя ў Мінску, мажліва, і ў Курапатах.

Гаворка ідзе пра неафіцыйна атрыманыя звесткі з «Базы даных па персанальнаму ўліку грамадзян Беларусі, якія былі неабгрунтавана рэпрэсаваны па палітычных матывах і рэабілітаваны ў наступныя гады». Гэтая база ў выглядзе персанальных уліковых картак па матэрыялах архіваў КДБ, Вярхоўнага суду, Вайсковай пракуратуры і МУС аб грамадзянах, якія былі рэпрасаваныя ў Беларусі з 1917 па 1953 гады, стваралася ў 1992-1998 гадах айчынным Камітэтам па архівах і справаводству.
Калегі з Беларусі і Украіны. Злева направа: Вацлаў Арэшка, супрацоўнікі УІНП Ігар Карэтнікаў і Богдан Короленко, Генадзь Драздоў. 

Калегі з Беларусі і Украіны. Злева направа: Вацлаў Арэшка, супрацоўнікі УІНП Ігар Карэтнікаў і Богдан Короленко, Генадзь Драздоў. 

Дарэчы, УІНП ужо накіраваў у Міністэрства замежных спраў Украіны ліст з прапановай аб усталяванні ў Курапатах Украінскага крыжа.  

18 траўня дэлегацыя экспертаў (культуролаг Вацлаў Арэшка, мастак Генадзь Драздоў і аўтар гэтага артыкулу) удзельнічала ў адкрыцці выставы «Праўда пра Курапаты», падрыхтаванай беларускай грамадзянскай супольнасцю ў партнёрстве з УІНП.
Знаёмства з выставай

Знаёмства з выставай


Выстава экспануецца ў будынку інстытута — былога маёнтку графіні Уваравай, дзе ў 1937-1938 гадах месцілася Кіеўскае абласное ўпраўленне НКУС Украіны. У гэтым будынку масава расстрэльвалі асуджаных да вышэйшай меры пакарання, у тым ліку па прысудах тройкі абласного ўпраўлення НКУС. Расстраляных па начах на бартавых грузавіках-палутарках ГАЗ-АА, крытых брызентам, вывозілі на спецдзялянку НКУС у Быкаўнянскім лесе пад Кіевам, дзе трупы ахвяраў скідвалі навалам у загадзя падрыхтаваныя ямы, а затым засыпалі вапнай і закідвалі зямлёю.
Каля будынку УІНП усталяваны помнік ураджэнцу Беларусі, аўтару першай Канстытуцыі Украіны, гетману Піліпу Орліку


Каля будынку УІНП усталяваны помнік ураджэнцу Беларусі, аўтару першай Канстытуцыі Украіны, гетману Піліпу Орліку

Мы наведалі нацыянальны гістарычна-мемарыяльны запаведнік «Быкаўнянскія магілы» і ўшанавалі памяць бязвінных ахвяраў сталінізму, у тым ліку брата народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля Уладзіміра Брыля, расстралянага ў 1938-м за шпіёнскую і падрыўную дзейнасць на карысць Нямеччыны і рэабілітаванага праз 20 гадоў.  

За падрыхтоўку выставы ў Кіеве неабходна падзячыць усіх сяброў нашай ініцыятывы, у першую чаргу Вінцука Вячорку і Вацлава Арэшку, з украінскага боку — Володзіміра В’ятровіча, загадчыка аддзелу УІНП Богдана Короленко і ўсіх супрацоўнікаў навуковай установы, а таксама перакладчыка Сергія Лашчэнка з Львова.


Дарэчы, наш гістарычны бел-чырвона-белы сцяг, пад якім адбывалася адкрыццё выставы, зараз упрыгожвае інтэр’ер аднага з кабінетаў супрацоўнікаў УІНП.

Фота аўтара і прэсавага сакратара УІНП Юліі Капшучэнка

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!