«Праўда пра Курапаты» у Коласаўскім ліцэі

Навучэнцы і выкладчыкі Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа пазнаёміліся з дакументальна-мастацкай выставай «Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні».

Цягам пяці дзён выстава экспанавалася ў сценах навучальнай установы, дзе атрымліваюць сучасныя гуманітарныя веды нашчадкі тых свядомых беларусаў, для каго найвялікшымі каштоўнасцямі з’яўляюцца гістарычная памяць, беларуская мова і людская салідарнасць.

Вось чаму для арганізатараў выставы, якая з кастрычніка па снежань наведала Гродна, Вілейку і Маладзечна, сустрэча ў Коласаўскім ліцэі была найбольш уражальнай.


Нездарма актывісты грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў”, якія стваралі выставу і ўдзельнічалі ў яе адкрыцці, назвалі ліцэістаў “самымі ўдзячнымі наведнікамі” экспазіцыі.


Сама атмасфера адкрыцця сведчыла пра ўдзячнасць ліцэістаў, бо ў іхных вачах, маўчанні і словах адлюстроўваліся пільнасць, разуменне і еднасць з арганізатарамі выставы ў трактоўцы трагедыі ў Курапатах і яе наступстваў для Бацькаўшчыны. Трэба мець на ўвазе, што гісторыі чырвонага тэрору надаецца шмат увагі як у праграме навучальнага працэсу, так і пазакласным выхаванні ліцэістаў. Так, у мінулым годзе навучэнцы Коласаўскага ліцэю здзейснілі адмысловую экскурсію ў Нацыянальны некропаль для знаёмства з вынікамі даследавання грамадскасці па гістарычнай тапаграфіі Курапатаў.

Сярод тых, хто вітаў ліцэістаў, былі старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, народжаная ў ГУЛАГу ў 1937-м, мастак Генадзь Драздоў і бард Зміцер Захарэвіч.

У наступным годзе выстава працягне свае вандроўкі па Беларусі і па-за яе межамі.

 

 Фота аўтара
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2017-12-20 17:46:32
Як гэта было ў Вілейцы: http://belisrael.info/?p=13189