Праўду пра падзеі вакол Курапатаў не схаваць

Гэтыя зацемкі — адказ на ўчорашнія інтэрвью Беларускай службе Радыё Свабода былога начальніка ўпраўлення Міністэрства культуры па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі, археолага Ігара Чарняўскага і аўтара дзеючага праекту зонаў аховы Курапатаў архітэктара-рэстаўратара Вадзіма Глінніка.


З нагоды названых інтэрвью ўзгадаў шэраг уласных публікацый у газеце «Новы Час». Так, у артыкуле ад 13 лістапада 2014 году «Курапаты знішчаюць, а Мінкульт не можа гэта спыніць» апавядалася пра сустрэчу 12 лістапада 2014 году актывістаў грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» з міністрам культуры Барысам Святловым і Ігарам Чарняўскім, які адказваў на пытанні прадстаўнікоў грамадскасці.

Гэтыя пытанні тычыліся, у асноўным, самавольнага і незаконнага будаўніцтва на недатыкальнай тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў з іх заходняга боку шэрагу новых аб’ектаў (чатырох дамкоў модульнага тыпу, часткі будынку рэстарацыі і дзіцячай пляцоўкі аб’екту прыдарожнага сервісу з былой назвай «Бульбаш-хол»), што не мелі аніякага дачынення да гістарычна-культурнай каштоўнасці «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 30-40-х гадоў XX стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты».

Гаворка ішла і пра парушэнне недакранальнасці ахоўнай зоны Курапатаў з іх паўночнага боку (каля катэджавага пасёлку «Сонечны»), дзе была выпрастаная гістарычная дарога на вёску Драздова, траса якой вядома з XVI стагоддзя, а таксама ўзведзены ачышчальныя збудаванні з вадаёмам.

На гэтыя і іншыя пытанні начальнік упраўлення па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі заявіў, што ў функцыі Міністэрства культуры ўвогуле не ўваходзіць ахова помнікаў, а чыноўнікі гэтага міністэрства толькі ўзгадняюць адпаведныя дакументы.

У артыкуле ад 20 лютага 2015 года «Абскарджана адмова суду на ўзбуджэнне справы ў абарону Курапатаў» гаворка ішла пра тое, што 30 студзеня 2015 года прадстаўнікі грамадскасці звярнуліся ў суд Цэнтральнага раёну Мінска са скаргай на дзеянні Міністэрства культуры і Ігара Чарняўскага.

У скарзе, між іншым, адзначалася, што Мінкультуры павінна каардынаваць дзейнасць у сферы аховы гістарычна-культурнай спадчыны іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама ажыццяўляць кантроль за выкананнем заканадаўства ў названай галіне. Апроч таго, у скарзе нагадвалася, што заканадаўства забараняе знішчэнне нерухомай матэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці, або стварэнне пагрозы яе знішчэння.

Разам з тым, як зазначалася ў скарзе, Мінкультуры нічога не зрабіла па каардынацыі дзейнасці рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання для выканання прадстаўлення Генеральнай пракуратуры Мінскаму аблвыканкаму ад 27 лістапада 2012 года і кантролю за яго выкананнем. Як вядома, гэтае прадстаўленне зафіксавала парушэнні заканадаўства ў дачыненні да Курапатаў, калі СТАА «БелРэстІнвест» самавольна і незаконна ўзвяло ў недатыкальнай ахоўнай зоне ўрочышча з яго заходняга боку шэраг новых пабудоў аб’екту з былой назвай «Бульбаш-хол». Па выніках разгляду прадстаўлення Генпракуратуры ў Мінаблвыканкаме 27 снежня 2012 года было прынята аднагалоснае рашэнне аб неабходнасці вынасу 4 дамкоў «Бульбаш-холу» з тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў. Аднак і па сёння гэтае рашэнне, што павінен быў выканаць «БелРэстІнвест», засталося толькі на паперы.

Замест выканання прадстаўлення Генпракуратуры ад 27.11.2012 года Мінкультуры незаконна звузіла мяжу ахоўнай зоны каштоўнасці з яе заходняга боку такім чынам, каб усе пабудовы аб’екту прыдарожнага сервісу апынуліся па-за межамі ахоўнай зоны. Гэтае рашэнне Мінкультуры ўзмацняе антрапагенны ўціск на Курапаты і пагражае знішчэнню ўрочышча, бо шырыня яго ахоўнай зоны з заходняга боку скарацілася з 120 да 50 метраў.

Заяўнікі прасілі суд: прызнаць дзеянні Міністэрства культуры па звужэнню межаў ахоўнай зоны Курапатаў з іх заходняга боку неправамернымі і такімі, што ўшчамляюць правы заяўнікаў; абавязаць Мінкультуры прывесці названыя межы ахоўнай зоны ўрочышча ў ранейшы стан.

Аднак 5 лютага 2015 года суддзя суду Цэнтральнага раёна Мінска Іван Майсейчык адмовіў заяўнікам ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы супраць Міністэрства культуры і Ігара Чарняўскага.

Урэшце, узгадваю нядаўні артыкул ад 14 чэрвеня «Амаль увесь «Бульбаш-хол» стаіць у ахоўнай зоне Курапатаў».

Увага ў ім акцэнтуецца на тым, што заходняя мяжа Курапатаў паводле пастановаў Мінкультуры ад 12 траўня 2004 г. № 15 і ад 1 снежня 2014 г. №70 не змянялася і зараз праходзіць па заходнім ускрайку курапацкага лесу.

Прычым, лінія гэтай мяжы добра адсочваецца па апісаннях яе трасы ў тлумачальных запісках да схемаў зонаў аховы Курапатаў, што ўключаны ў вышэйназваныя нарматыўна-прававыя акты.  

Менавіта на мяжы каштоўнасці яшчэ ў ліпені 2013 года па ўзгадненні з начальнікам упраўлення па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігарам Чарняўскім навуковая кіраўніца Курапатаў, архітэктар Мая Кляшторная на свае сродкі ўсталявала памежныя камяні. Як зазначыла ў інтэрвью «НЧ» спадарыня Мая, дакладна вызначаныя спецыялістамі і пазначаныя на мясцовасці з дапамогай камянёў межы Курапатаў дазволяць кожнаму ўявіць іхныя сапраўдныя памеры. «Я сёння шчаслівая, што гэта зроблена, бо зараз на мясцовасці ёсць канкрэтныя аб’екты, ад якіх можна браць адлік пры вызначэнні ахоўных межаў народнага мемарыялу», — сказала навуковы кіраўнік.

Дарэчы, гэтыя камяні, што адначасна выконваюць ролю памежных і ахоўных, амаль пяць гадоў стаяць на перыметры Курапатаў і сваёй гісторыяй аспрэчваюць дзеянні ўсіх тых, хто спрычыніўся да незаконнага ўзвядзення «Бульбаш-холу» і звужэння ахоўнай зоны нацыянальнага некропалю.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць