Праўладная мітынгоўца ў Слуцку: «Размаўляеш па-беларуску, ты — ядавітая паганка, як і твая газета»

Ядавітай паганкай мяне назвала ўдзельніца мітынгу ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ў Слуцку.

Дванаццаць дзён у Слуцку працягваюцца народныя сходы і ланцугі грамадзян, упрыгожыя бел-чырвона-белымі сцягамі. Формы пратэстных акцый розныя. 19-га у другой палове дня група грамадзян збіралася каля прахадной цукровага завода, каб падтрымаць рабочых, якія папярэдзілі кіраўніцтва аб пачатку забастоўкі з 1-га верасня, калі не будуць выкананы патрабаванні аб адстаўцы дзейснага кіраўніка краіны.


А вось 20 жніўня ў Слуцку адбыліся ўжо дзве акцыі. Ланцуг з бел-чырвона-белымі сцягамі з лозунгам “Жыве Беларусь” размясціўся на звыклым месцы насупраць райвыканкама. А натоўп з лозунгамі “За бацьку!”, “За Беларусь!” махаў чырвона-зялёнымі сцягамі на мясцовым стадыёне.


Па падліках мясцовых СМІ на стадыёне сабраліся каля 1800 чалавек. Прылеглая вуліца і стаянкі былі скрозь запоўнены аўтамабілямі і аўтобусамі, якія падмацавалі гарадскі натоўп працаўнікамі з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. У большасці пераважалі ветэраны працы, пенсіянеры рознага ўзросту, але шмат было людзей сярэдняга ўзросту, часткова прысутнічала моладзь.


Старшыня Слуцкага райвыканкама задаў тон атмасферы мітынгу: успомніў пра вайну, пра дасягненні нашай краіны пад кіраўніцтвам АГЛ, пра нядобрых людзей унутры краіны і звонку, якія бударажаць сінявокую і хочуць парэзаць яе, як пірог на часткі. Эмацыйныя прамовы выступоўцаў пра беды, якія могуць чакаць краіну без АГЛ добра ўзбухторылі народ, і пасля мітынгу калона людзей з чырвона-зялёнымі сцягамі прайшлася па вуліцы Леніна. Праходзячы каля ланцуга з бел-чырвона-белымі сцягамі, “ чырвона-зялёныя” з нянавісцю паглядалі на моладзь, выкрыквалі зневажальныя словы і дубасілі іх зялёна-чырвонамі балонікамі. У аднаго з маладзёнаў спрабавалі вырваць бел-чырвона-белы сцяг, але той не здаўся. Моладзь жа паводзіла сябе ветліва, апладзіравала ім і гукала “Жыве Беларусь!”


Пасля прахода калоны моладзь у ланцужку ажыўлена абмяркоўвала паводзіны неадэкватнай калоны. Знайшліся сведкі, якія паведамілі аб прэміях у 30 рублёў тым, хто прыехаў з вёскі. Гэтую інфармацыю, дарэчы, абмяркоўвалі ў каментарах і чытачы сайта “ Кур'ер-інфо”: казалі пра супрацоўнікоў ЖКГ, якім нібыта пагражалі звальненнем, пра такую ж сітуацыю ў школах і нават у райвыканкаме.


Не абыйшлося і без казуса: журналістку “Курьера” Вольгу Падзерыну, якая вяла здымкі, фанатка АГЛ узнагародзіла адборнай нецэнзурнай лексікай. Некаторыя ўдзельнікі выглядалі добра падвыпіўшымі.
Мне крыху больш пашчасціла: на стадыёне ўдалося нават крышку паразмаўляць з удзельнікамі. Адна жанчына распавяла, што прыйшла да ўваходу, каб “засвяціцца” і будзе далей “змывацца”.
Некаторыя адказалі, што прыйшлі па пазову сэрца:

 — Лукашэнка — мой прэзідэнт, я за яго, за бацьку!
— Я нарадзіўся і вырас пры Лукашэнка, я да яго прывык, хай будзе, пакуль не памрэ.
 — За яго, без яго прападзём.

Калі я задала даволі яшчэ маладому чалавеку, колькі заводаў адчынілася і закрылася пры Лукашэнку ў Слуцку і ці задавальняе яго заробак, да мяне падскочыла жвавая пажылая жанчына і стала крычаць немым голасам:
— Вы паглядзіце на гэтую ядавітую паганку, паслухайце, якія правакацыйныя пытанні яна задае!

Паспрабавала патлумачыць, што раблю матэрыял для газеты. Яна ж працягвала свае крыкі: “И газета твоя поганка, и пишется там все на бэнээфовском языке». Пачуўшы яе лямант, падцягнулся яшчэ пенсіянеры з змрочнымі тварамі. Адзін з іх паведаміў мне, што родам з Чыты, былы міліцыянт, і такіх, як я, ён гатоў утапіць у Случы... Што тут яшчэ дадаш.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: