Права на памяць: як у Беларусі ідзе вайна за некропалі

Старажоўка, абсерваторыя, стадыён Дынама, Лютэранскі сквер, Залатая Горка, вуліца Сухая — у адным толькі Мінску гэтыя месцы аб’ядноўвае тое, што калісьці тут былі могілкі. І яшчэ — што цяпер амаль ад усіх іх не засталося і следу. Ва ўмовах чарговага наступу на некропалі («добраўпарадкаванні» Вайсковых могілак і Курапатаў) у Мінску гутарылі пра тое, ці ёсць у беларусаў культура памяці і што рабіць, каб захаваць гістарычныя пахаванні ў нашай краіне.

Фота Арцёма Лявы

«Імперскі» наступае на габрэйскія могілкі

Неабыякавыя да мінуўшчыны людзі сабраліся ў Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна на вуліцы Сухой у Мінску. Яе будынак размяшчаецца акурат на ўскрайку колішніх габрэйскіх могілак, на месцы якіх цяпер — сквер. Пра некропаль тут нагадвае мемарыяльны знак, скульптурная кампазіцыя «Разбіты агмень» аўтарства Леаніда Левіна ды згрувашчаныя ў адным месцы мацэвы (надгробкі з габрэйскіх пахаванняў), знойдзеныя тут жа. Парэшткі пахаваных ніхто не перазахоўваў — яны засталіся ляжаць у нас пад нагамі.

Ніжняе фота — габрэйскія могілкі на Сухой у часы вайны, верхняе — нашыя дні

Ніжняе фота — габрэйскія могілкі на Сухой у часы вайны, верхняе — нашыя дні

Могілкі знеслі ў 1970-х (канчаткова — у 1990-ым), і цяпер гісторыкі спрабуюць ініцыяваць наданне гэтаму месцу ахоўнага статусу. Бо пакуль што гэтая тэрыторыя пазначаная проста як «зялёная зона». Нагодай стала пашырэнне вуліцы Клары Цэткін будаўніцтва новага бізнес-цэнтру «Імперскі» з рэстаранам і басейнам, якія пагражаюць тэрыторыі некропаля.

Але нядаўна прыйшоў адказ ад уладаў, у якім гаворыца, што «прынята рашэнне ўстрымацца ад надання статуса, таму што адсутнічаюць матэрыялы навуковых даследаванняў аб размяшчэнні месца масавых пахаванняў і візуальныя прыкметы могілак». На жаль, гэта вельмі характэрны падыход да спадчыны ў сучаснай Беларусі: знесці артэфакт, а потым казаць аб адсутнасці яго візуальных прыкметаў. Тады гісторыкі вырашылі паспрабаваць надаць некропалю статус вайсковага пахавання, бо падчас нацысцкай акупацыі тут расстрэльвалі людзей. Аднак улады адказалі, што сквер не з’яўляецца месцам пахаванняў, таму пытанне аб наданні яму такога статуса разглядацца не можа.

Дырэктарка Гістарычнай майстэрні Ірына Кашталян распавяла, што яшчэ пры жыцці Леаніда Левіна славуты скульптар звяртаўся да ўладаў з прапановай надаць былым габрэйскім могілкам статус каштоўнасці. Тады яго запэўнілі, што ў гэтым няма неабходнасці: усе ведаюць, што тут былі пахаванні, і чапаць гэтае месца не стануць. Але прайшоў час, і мы бачым тут будоўлю.

Курапаты, Благаўшчына — «нецывілізаваная форма памяці»?

— Праблема ў тым, што ёсць сілы, якія лічаць, што толькі ім належыць права ўшаноўваць памяць памерлых у месцах масавага знішчэння. А народныя ініцыятывы ўспрымаюцца як нейкая форма пратэсту, — мяркуе Ірына Кашталян. — Я чула, як летась ужо не дзейны намеснік старшыні Мінгарвыканкама казаў пра «нецывілізаваную форму памяці», маючы на ўвазе шыльдачкі з імёнамі ахвяр, якія вешаюць у Трасцянцы сваякі забітых габрэяў з Аўстрыі.  

Ірына Кашталян

Ірына Кашталян

Дарэчы, калі ўсталеўвалі мемарыял у Благаўшчыне, было вялікае пытанне, ці гэтыя шыльды застануцца. Іх усё ж пакінулы. Але цяпер прывезлі новыя шыльды, і на іх усталяванне ўжо патрэбны дазвол. Тое самае тычыцца і крыжоў, якія зніклі ў Благаўшчыне. Іх абяцалі вярнуць на месца, але не вярнулі. На шчасце, ім знайшлося месца ў храмах: напрыклад, крыж у памяць аб забітым у Трасцянцы ксяндзу Вінцэнту Гадлеўскаму ўсталявалі ля касцёла Святога Роха на Залатой Горцы.

Чытайце таксама: Каму муляюць вочы крыжы ў Благаўшчыне?


Чаго пакуль нельга сказаць пра знесеныя курапацкія крыжы.

— Часам думаеш, наколькі можна не мець культуры памяці? Мяне, напрыклад, вельмі абразіла, што пра Курапаты гаварылі на Лініі Сталіна. Ці пазіцыя некаторых афіцыйных арганізацый, якія павінны былі яе выказаць, але яна засталася схаванай, — зазначыла Ірына Кашталян.

Могілкі як камунікацыя паміж мінулым, існым і будучым

Але ёсць у Беларусі паспяховыя ці адносна паспяховыя гісторыі захавання некропаляў. Таццяна Пятрова, прадстаўніца моладзевага грамадскага аб’яднання «Гісторыка», распавяла пра досвед узаемадзеяння з уладамі на прыкладзе каталіцкіх могілак у Міры, а таксама Лютэранскіх могілак у Мінску. Хоць у апошнім выпадку на месцы могілак разбіты сквер, дзе ўстанавілі памятны знак, а знойдзеныя парэшткі людзей перапахавалі.

Таццяна Пятрова

Таццяна Пятрова

Старыя каталіцкія могілкі ў Міры актывісты «Гісторыкі» ўпарадкавалі 5 год. Спачатку ў іх была мікрамэта — адшукаць магілу паўстанца 1863 года. Але для гэтага давялося вычысціць увесь некропаль ад хмызняка, падняць надгробкі, зрабіць пашпартызацыю. У выніку была створана мапа з больш як 650-ю пахаваннямі, кожнае з якіх было апісана. Таксама быў зроблены праект добраўпарадкавання і далейшага выкарыстання могілак. Да таго ж была праведзена праца з мясцовай супольнасцю, сельсаветам, парафіяй. Без іх падтрымкі наўрад ці атрымалася б давесці справу да канца, адзначае Таццяна Пятрова.

— Стаўленне людзей да не сваіх могілак неадназначнае. Тую ж Кальварыю многія лічаць «польскімі» могілкамі, бо надпісы на многіх помнікаў там на польскай мове. Таму, маўляў, хай палякі прыязджаюць і даглядаюць іх. Але няма разумення, што ў пэўны час польская мова была традыцыйнай для беларускіх каталікоў, — лічыць Таццяна Пятрова.

На яе думку, могілкі ёсць тым індыкатарам, які сведчыць аб ступені развіцця грамадства, яго стаўленні да месцаў пахаванняў.

 Нам не стае асэнсавання могілак як агульнай камунікатыўнай прасторы, таго, што гэта частка нашай гісторыі і нашага грамадства, і мы нясем адказнасць за захаванне гэтай камунікацыі паміж мінулым, існым і будучым.

Па яе словах, існуе некалькі шляхоў захавання старых некропаляў, якія ўжо не дзейнічаюць. Першы — уключэнне іх у турыстычныя маршруты, прычым у самых разнастайных формах. Напрыклад, у Празе прапануюць начныя экскурсіі па могілках. Чаму не? Аматары такіх шпацыраў знаходзяцца. Другі варыянт — музеефікацыя, але гэта можна зрабіць, калі на могілках ёсць шмат мастацкіх элементаў, як, напрыклад, на Лычакаўскіх могілках у Львове. Трэці спосаб — стварыць могілкі-парк, як, напрыклад, Венскі некропаль. Там няма ніякай забудовы і мала вонкавых прыкмет таго, што там былі пахаванні. Гэтая тэрыторыя ўключаная ў зялёную зону, яе даглядаюць, але ніхто не ладзіць там гулянак. Яшчэ адзін цікавы спосаб — пераўтварыць некропаль у біялагічны аб’ект і пакінуць яго ў тым выглядзе, у якім ён ёсць. Напрыклад, старыя габрэйскія могілкі ў Берліне пераўтварыліся ў эказону, дзе цяпер жывуць 600 відаў раслін, жывёл і птушак. Гэта закансерваваная экасістэма, якую ўжо нельга кранаць. Такім чынам могілкі сталі месцам для буяння жыцця.

Таццяна Пятрова і Павел Каралёў

Таццяна Пятрова і Павел Каралёў

Таццяна Пятрова адзначае, што апошнім часам стаўленне да могілак у Беларусі мяняецца, з’яўляецца шмат грамадскіх ініцыятыў па даследаванні і захаванні старых некропаляў. Так, у Ракаве старыя ўніяцкія могілкі ўнеслі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, таксама прыведзены ў парадак панскія могілкі ў Плябані, што ў маладзечанскім кірунку. Але апякуюцца ўсімі імі грамадскія актывісты, а не дзяржава. Ёсць хіба адзінкавыя выпадкі, калі мясцовыя ўлады ініцыююць упарадкаванне могілак і робяць іх сваёй лакальнай каштоўнасцю.

Вайсковыя могілкі хочуць закатаць у мармур?

На думку гісторыка і ініцыятара аховы Вайсковых могілак у Мінску Паўла Каралёва, Беларусь перажывае цяпер «духоўны Чарнобыль», калі прасцей нешта знішчыць, чым даглядаць і захоўваць. Не выключэнне тут і Вайсковы некропаль, дзе «добраўпарадкаванне» пачалося з ініцыятывы прадстаўнікоў царквы, якія хацелі, каб з могілак знікла ўсё тое, што стварае ўражанне занядбанасці.

Чытайце таксама: Вайна супраць гістарычнай памяці


Пытанне вырашылі проста: не праводзячы ніякіх даследаванняў і не ствараючы праекту добраўпарадкавання Спецкамбінат КБА павесіў на надмагіллі, якія выглядалі занядбанымі (на думку прадстаўнікоў Спецкамбіната), шыльды з папярэджаннем аб неабходнасці прывесці ў парадак пахаванне. Іначай — знос.

— Мяне ўразіў маштаб: палова могілак. Куды ні глянеш — паўсюль шыльдачкі, — распавядае Павел Каралёў. — Мы ад грамадскай камісіі па ахове помнікаў пры Мінкульце накіравалі звароты, куды толькі можна. Прыйшлі адказы, што ўсё будзе па законе. Цяпер я разумею, што ў такіх рэчах нельга верыць на слова. І фактычна пачаўся знос помнікаў.

Павел Каралёў

Павел Каралёў

Па словах гісторыка, знішчэннем агароджаў і надгробкаў Спецкамбінат не толькі Кодэкс аб культуры, але і закон «Аб пахаванні». Бо, паводле апошняга, зносу падлягае толькі помнікі ці агароджы, якія падаюць ці пагражаюць падзеннем, альбо калі палова з гэтых элементаў ужо знесена. У іншых выпадках зносіць іх не маюць права.

Аднак Мінгарвыканкам, Міністэрства культуры і нават Адміністрацыя прэзідэнта адказвалі, што ўсё робіцца па законе. Урэшце рэшт спрацавалі толькі звароты ў Генеральную пракуратуру, якая пастанавіла прыпыніць працы. Быў і яшчэ адзін прэцэдэнт: трое сваякоў, чые продкі былі пахаваныя на Вайсковых і чые магілы пашкодзілі ці знеслі, падалі на Спецкамбінат у суд і выйгралі яго. Аднак, нягледзячы на гэта, Спецкамбінат працягвае вешаць на магілы шыльды аб неаабходнасці добраўпарадкаваць пахаванні.

Для прыцягнення ўвагі да Вайсковых могілак там сталі ладзіць экскурсіі. Яны былі настолькі масавымі і выклікалі такую зацікаўленасць у мінчан, што цяпер экскурсаводаў праганяюць з тэрыторыі некропаля. Тое самае адбываецца і на Усходніх могілках, дзе цяпер таксама сталі з’яўляцца шыльды з папярэджаннямі аб добраўпарадкаванні. Але там пайшлі яшчэ далей: запатрабавалі ў экскурсаводаў заключаць дамовы з кіраўніцтвам на правядзенне экскурсій.

Агулам за мінулы год валанцёры прывялі ў парадак некалькі соцень помнікаў на Вайсковых могілках.

— Нам было важна паказаць, што мы можам не толькі скаргі пісаць, але і ўзяць у рукі пэндзлі, прывезці цэмент і нешта зрабіць, — зазначае Павел Каралёў.

Дзякуючы працы валанцёраў удалося зрабіць сенсацыйныя знаходкі. Напрыклад, была знойдзеная магіла Леаніда Слаўніна, які загінуў у 1943 годзе ў гарадскім тэатры падчас тэракту разам з тузінам іншых маладзёнаў, сярод якіх быў і сын паэткі Наталлі Арсенневай. Таксама знайшлі магілу даследчыка архітэктуры Івана Хозерава.

Актывісты дамагліся таго, што на Вайсковых могілках ужо не будуць ставіць надгалоўнікі ў такім маштабе, як летась, а таксама цяпер ідзе распрацоўка праекта па добраўпарадкаванні. Праўда, над ім працуе архітэктар, які ствараў мемарыял ахвярам Першай сусветнай вайны ў Мінску. І ёсць пагроза, што аўтэнтычныя пахаванні на Вайсковых па-багатаму закатаюць у мармур…


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!