Праваабаронца хоча пакараць суддзю, які абмежаваў доступ у суд над Пятрухіным усім жадаючым

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які 9 красавіка не змог патрапіць на судовае пасяджэнне па справе блогера Сяргея Пятрухіна ў Брэсце, пакінуў у Кнізе заўваг і прапаноў суда свой зварот аб забеспячэнні доступу на працэс усіх жадаючых.
Супрацоўнікі міліцыі перад залам судовага пасяджэння ў Брэсце.

Супрацоўнікі міліцыі перад залам судовага пасяджэння ў Брэсце.

Нагадаем, у той дзень, задоўга да пачатку судовага працэсу, у залу прайшлі некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў міліцыі, каб заняць усе вольныя месцы. Суддзя Аляксандр Семянчук запрасіў амапаўцаў, каб тыя вывелі з залі ўсіх, каму не хапіла месца.

З атрыманага Стэфановічам адказу старшыні суда Ленінскага раёна Брэста А. Назаранкі вынікае, што “ў мэтах забеспячэння належнага парадку у судовым пасяджэнні, бяспекі удзельнікаў працэсу і прысутных пытанне допуску усіх жадаючых грамадзян у адкрытае судовае пасяджэнне вырашаецца судом з улікам умяшчальнасці залы судовага паседжання”, а таму, маўляў, “падстаў для прыняцця мер рэагавання ў дачыненні суддзі не маецца”.

Практычна па за ўвагай старшыні суда засталося пытанне Стэфановіча аб правядзенні выязнога судовага пасяджэння. У адказе толькі патлумачана, што суддзя Семянчук, разгледзеўшы хадайніцтва Сяргея Пятрухіна аб прадстаўленні большага памяшкання, пакінуў яго без задавальнення.

Па сутнасці, абмежаваўшы доступ у адкрытае судовае пасяджанне, суд парушыў прынцып адкрытасці судовага працэсу.

Валянцін Стэфановіч не пагадзіўся з такім фармальным адказам старшыні Ленінскага суда Брэсту і звярнуўся да старшыні Брэсцкага абласнога суда.

У сувязі з гэтым узнікае пытанне, — піша ў скарзе Стэфановіч, — з якой мэтай у зале судовага пасяджэння, у працоўны час, знаходзілася такая колькасць супрацоўнікаў Ленінскага РУУС г. Брэста, і чаму дадзеныя супрацоўнікі былі заведзены ў залу судовага пасяджэння не праз цэнтральны ўваход у будынак суда як іншыя грамадзяне, а праз службовы ўваход яшчэ да адкрыцця суда? Прычым такая ж сітуацыя паўтарылася і пасля абедзеннага перапынку і працягвалася некалькі дзён на працягу ўсіх слуханняў гэтай крымінальнай справы. Лічу, што падобным чынам былі створаны перашкоды да публічнага разгляду крымінальнай справы па абвінавачванні Сяргея Пятрухіна ў абразе і паклёпе ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Улічваючы грамадскі рэзананс гэтай крымінальнай справы, былі распачатыя наўмысныя дзеянні па нядопуску ў суд грамадзян, якія жадалі прысутнічаць на дадзеным судовым пасяджэнні, у тым ліку прадстаўнікам незалежных СМІ і праваабаронцаў”.

Спасылаючыся на артыкулы 91, 92, 95 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў праваабаронца просіць старшыню абласнога суда ўзбудзіць дысцыплінарную вытворчасць у дачыненні суддзі суда Леніскага раёна Брэста Аляксандра Семянчука.

spring96.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!