Праваабаронца Леанід Судаленка дзень нараджэння сёння сустракае ў судзе

248 дзён знаходзіцца за кратамі вядомы праваабаронца Леанід Судаленка. Свой 55-ы дзень нараджэння ён сустракае на судовым пасяджэнні. Дапамогу людзям — юрыдычную, фінансавую — улады трактавалі як «арганізацыю і фінансаванне беспарадкаў», нагадвае «Свабода».

Суд над Леанідам Судаленкам і ягонымі памочніцамі, валанцёркамі Таццянай Ласіца і Марыяй Тарасенка, распачаўся 3 верасня. Суд закрыты. Суддзя Сяргей Салоўскі патлумачыў, што закрылі працэс «у мэтах бяспекі сведак» і каб не раскрыць банкаўскую тайну.

Леанід Судаленка ў гомельскай турме з 18 студзеня. За гэты час ён толькі адзін раз, у жніўні, дабіўся спаткання з жонкай і дзецьмі. У сям’і Судаленкаў — чацвёра сыноў. Трое дарослых і малодшы, 11-гадовы Мікіта.

«Напярэдадні мы паслалі Леаніду пасылку ў турму. Усё, што ён любіць. У тым ліку тое, што яму не на карысць, але я знайшла з мінімальным узроўнем цукру — халву, зефір, цукеркі, пячэнне. Але і суседзяў жа варта пачаставаць, ён жа не адзін. Я намагалася трапіць у гэты дзень, ягоны 55-ы дзень нараджэння, на спатканне. Напісала заяву ў суд. Але адказу так і не было. Хоць я спадзявалася і спадзяюся і цяпер — а раптам? Тады я моцна здзіўлюся і буду верыць у чалавечнасць. Так, відаць, ён сустрэне свой дзень нараджэння на судзе, у атачэнні суддзі, пракурора і абаронцы, — больш нікога не пускаюць», — расказала жонка Аксана.

Судовыя пасяджэнні распісаныя да 24 верасня. Але Леанід Судаленка напісаў з турмы, што наўрад ці справу разгледзяць за гэты тэрмін. Будзе працяг і ў кастрычніку, бо пакуль суд разгледзеў недзе 1/3 ад справы — а гэта 79 тамоў.

«Мікіта, малодшы, сумуе па тату. Ён быў у нас галоўны, адказны за мужчынскія справы. Мікіта з ім раіўся, дзяліўся ўсім. Цяпер ён піша лісты тату, дзе апісвае свае прыгоды, што робіцца ў школе, піша пра сяброў і дзяўчат, просіць парады. Тата яму піша, але гэта зусім ня тое, калі яны сядзелі дома за сталом і раіліся», — зазначае Аксана.

Аксана кажа, што сваякі не засталіся ў баку, калі затрымалі Леаніда Судаленку.

«Мы заўсёды разам, побач, усе — сёстры, браты. Усе пішуць лісты, дапамагаюць. Мы любім ехаць да бацькоў і сабрацца па максімуме — каб усе былі, вялікая, дружная сям’я. Мы адзін за адным, мы ўсе — адзінае цэлае. І калі такая бяда ў нас здарылася — мы ўсе разам. Мы чакаем усе, калі закончыцца гэты кашмар, і мы ўсе разам зноў збяромся. Забудзем усё гэта, як страшны сон, гэты 2021 год — я проста хачу яго перакрэсліць», — кажа жонка праваабаронцы.

Яна турбуецца за здароўе мужа. Ён ніколі ня скардзіўся на здароўе, але жонка ведае пра ягоныя праблемы з ціскам, узроўнем цукру, зрокам.

«У яго ў СІЗА праз праблемы са здароўем пасцельны рэжым. Але я ведаю, што ён прыходзіць з судовых пасяджэнняў і проста падае на ложак — бо вельмі стамляецца ў судзе. Ён і як дома быў, працаваў на знос: ён працаголік, усяго сабе пасвячаў працы, асабліва дапамозе людзям — парадай, грашамі, ён нікому не адмаўляў», — дадала Аксана.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: