Праваабаронца: Палітычнага прыстанішча не даюць за забойства

Былы баец спецыяльнага атраду хуткага рэагавання (СОБР) унутраных войскаў МУС Беларусі Юры Гараўскі папрасіў палітычнага прытулку ў Швейцарыі, паведамляе svaboda.org.
Юрый Гараўскі дэманструе копію аднаго з дакументаў, якія пацвярджаюць яго службу ў САХР МУС Беларусі

Юрый Гараўскі дэманструе копію аднаго з дакументаў, якія пацвярджаюць яго службу ў САХР МУС Беларусі



Праваабаронца Алег Воўчак у інтэрв'ю карэспандэнту Свабоды сказаў, што Юры Гараўскі не палітычны ўцякач, ён трапляе пад статус чалавека, які ўчыніў цяжкае злачынства ў Беларусі.

«Цяпер праваахоўныя органы краіны, дзе Гараўскі зрабіў такую заяву, павінны правесці сваё расследаванне. Яны дадуць кваліфікацыю яго дзеянням. Тады яны маюць права яму адмовіць у выдачы палітычнага прыстанішча», — сказаў Алег Воўчак.

Паводле Воўчака, улады Швейцарыі разбяруцца, будзе пракурорская праверка і суд. Але пакуль Гараўскі з'яўляецца галоўным сведкам і абвінавачанне яму ў справе зніклых апазіцыянераў не прадʼявілі.

«Палітычнага прыстанішча не даюць за забойства ці за саўдзел у забойстве. Прычым гэта ж не простае забойства, а пазасудовыя пакаранні, і за гэта есць міжнародная адказнасць. Таму сітуацыя ў яго будзе складанай», — сказаў Алег Воўчак.

Паводле Воўчака, паўстае пытанне, чаму Гараўскі раней не зрабіў такой заявы, бо даўно вядома, што ён знаходзіцца на тэрыторыі Швейцарыі.

«Атрымліваецца, што гэта рабілася не дзеля супакаення сумлення, а каб жыць шчаслівым, еўрапейскім жыццём у адной з найлепшых еўрапейскіх краін. Але тое, што ён заявіў, гэта яшчэ не факт, што яму дадуць палітычнае прыстанішча. Але і дэпартаваць яго таксама будзе праблемай, бо ўсе разумеюць, чым скончыцца яго жыццё ў Беларусі».

Воўчак мяркуе, што ў Беларусі са Швейцарыяй няма дамоўленасці аб прававой дапамозе, таму наўрад ці Гараўскага выдадуць беларускім уладам. Але Генпракуратура краіны можа звярнуцца з пытаннем аб выдачы Гараўскага, калі яна прадʼявіць дакументы аб тым, што ён учыніў цяжкае злачынства ў Беларусі. Але пытанне аб выдачы зноў жа будзе вырашаць суд.

«Але ў гэтай сітуацыі дзяржаве не выгадна гэта прызнаваць, бо ў такім выпадку яны пацвярджаюць паказанні Гараўскага», — сказаў Алег Воўчак.

У Генпракуратуры Беларусі і ў Следчым камітэце Свабодзе пакуль не пракаментавалі сітуацыю. У амбасадзе Швейцарыі ў Мінску сказалі, што «не выказваюць ніякай пазіцыі» да заявы Гараўскага.

Раней Следчы камітэт працягнуў да 18 лютага, тэрмін папярэдняга расследавання знікнення былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі.

Таксама адноўлена крымінальная справа аб знікненні ў 1999 годзе палітыка Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

Ці есць нешта новае ў расследаванні спраў аб знікненні апанентаў Аляксандра Лукашэнкі Юрʼя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўкага? Алег Воўчак сказаў, што «ўсё ціха, гладка, мы чакаем».

«Пакуль нічога невядома. Але ж яны і 20 гадоў таму нам нічога не паведамлялі. Усё робіцца сакрэтна, тайна, — сказаў праваабаронца. — Сваякі нічога не ведаюць».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: