Праваабаронца Уладзімір Вялічкін з'ехаў з Беларусі пасля ператрусаў

Праваабаронца брэсцкай «Вясны» Уладзімір Вялічкін праз ператрусы і допыты 19 лютага выехаў з краіны, піша «Радыё Свабода».
Пра дэталі затрымання і сваю цяперашнюю дзейнасць ён расказаў «Свабодзе».

Працу ў праваабарончай арганізацыі «Вясна» Уладзімір Вялічкін пачаў у 1998 годзе. За гэты час улады неаднаразова аказвалі на яго ціск.

«16 лютага я быў маральна гатовы апынуцца за кратамі. У кожным месцы, куды мяне прывозілі для ператрусаў, я стараўся ўзяць хоць нешта — то пачак кавы, то шкляначку цукру, крыху гарбаты... Пакуль даехаў да ГУБАЗіКу, назбіраў вялікі пакунак, з якім у турме мне было б больш-менш камфортна»,— успамінае праваабаронца.

Уладзімір Вялічкін падкрэсліў, што некаторыя моманты ў дзень яго апошняга затрымання моцна адбіліся ў памяці.

«Следчы выхваляўся, што падчас ператрусу знайшоў у нас візітоўку Юрыя Захаранкі (міністр унутраных спраў Беларусі ў 1994-1995 гадах, знікненне якога ў 1997 г. звязваюць з так званым „эскадронам смерці“. — РС). Спытаў, ці я яго ведаў, а потым дадаў: „Гэта ж наш міністр. Ён знік, мы яго шукаем“. Я адказаў: „Дрэнна шукаеце“. Потым ён пачаў прагаворвацца па Фрэйду, увесь час блытаў Захаранку з Аляксандрам Захарчанкам (загінулы лідар самаабвешчанай ДНР. — РС). Неаднаразова мне даводзілася яго папраўляць».

«Пакінуць краіну прапанавала маё кіраўніцтва»

Паводле слоў Уладзіміра Вялічкіна, ужо ўвечары, пасля канфіскацыі яго тэлефона, супрацоўнікі органаў сказалі яму знайсці нейкую замену апарату і даць ім новы нумар, каб быць на сувязі. Аднак на сувязь з сілавікамі праваабаронца так і не выйшаў. Праз тры дні пасля ператрусаў ён пакінуў Беларусь. Яшчэ раней выехалі і два яго валанцёры.

Суразмоўца сцвярджае, што рашэнне аб эміграцыі стала для яго вымушаным і далося цяжка.

«Пакінуць краіну пасля ператрусаў і допытаў прапанавала маё кіраўніцтва»,— кажа праваабаронца.

Аднак падкрэслівае, што, нягледзячы на эміграцыю, працягвае сваю дзейнасць.

«Сёння я на вымушанай „дыстанцыі“. Таксама дапамагаю ўсім тым, з кім быў у кантакце раней, — апавядае Вялічкін. — У нас працуе чат, дзе каля 1300 чалавек. Тых, хто пацярпеў ад рэпрэсій і каму патрэбная дапамога, менш не становіцца. Яны задаюць пытанні і атрымліваюць неабходныя кансультацыі ад людзей з падобным досведам альбо ад адміністратараў чата».

У Беларусі ва Уладзіміра Вялічкіна засталася жонка Маргарыта. Паводле яго, яна вельмі перажывае, бо раней не сутыкалася з такім ціскам (16 лютага яе таксама дапытвалі).

Цяперашняе месца свайго знаходжання Уладзімір Вялічкін раскрываць не стаў. Сцвярджае, што цяпер праходзіць каранцін. На пытанне пра вяртанне адказвае:

«Як толькі стане вядома, што з маёй справай, ці яна будзе закрытая, адразу ж вярнуся. Я не ў тым узросце, каб пачынаць новае жыццё на чужыне».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: