Праваабаронца знаёміцца з матэрыяламі праверкі свайго затрымання 25 сакавіка

На Дзень Волі, 25 сакавіка, па ўсёй Беларусі прайшлі затрыманні актывістаў нібы на падставе здзяйснення імі адміністрацыйных правапарушэнняў і злачынстваў.


Праваабаронца Алег Мацкевіч быў затрыманы ў Барысаве супрацоўнікамі ДАІ падчас паездкі ў Мінск на аўтамабіле, на якім ехаў з дачкой.

Ён падаў скаргі пракурору Барысаўскага раёну і начальніку Барысаўскага раённага аддзелу Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь. У скаргах ён прасіў правесці праверку законнасці і абгрунтаванасці свайго затрымання цягам амаль 6 гадзінаў у будынку Барысаўскага РУУС з мэтай “зверыць сапраўднасць VIN-коду аўтамабіля”. Па словах супрацоўнікаў ДАІ яны мелі падазрэнні ў тым, што VIN-код аўтамабіля перароблены.

Па выніках праверкі тэхнічнага стану аўтамабіля супрацоўнікі ДАІ у той дзень заявілі, што агляд машыны неабходна правесці эксперту і следчаму, якія былі выкліканы ў РУУС. Пасля іх прыезду ў адносінах да праваабаронцы праводзіліся працэсуальныя дзеянні ў адпаведнасці з нормамі КПК Рэспублікі Беларусь. Былі праведзены агляд аўтамабіля экспертам і прадстаўніком Следчага камітэту, складзены пратакол агляду месца здарэння, складзены пратакол атрымання тлумачэнняў, узята распіска-забавязанне не змяняць аўтамабіль з прычыны неабходнасці правесці тэхнічную экспертызу.

Скарга праваабаронцы з раённага аддзелу СК была перанакіраваная для адказу па сутнасці ў Барысаўскі РУУС, а пракуратура на скаргу ўвогуле не адказала. Праз некаторы час начальнік упраўлення Барысаўскага РУУС палкоўнік міліцыі Д. Ліннік паведаміў, што тэрмін разгляду скаргі падоўжаны да двух месяцаў “у сувязі з правядзеннем аўтатэхнічнай экспертызы”. І вось нядаўна Д. Ліннік даслаў канчатковы адказ, у якім сказана, што “праверка праведзена”, а “ў дзеяннях супрацоўнікаў Барысаўскага РУУС парушэнняў дзеючага заканадаўства не бачыцца”.

У сувязі з гэтым Алег Мацкевіч накіраваў у адрас начальніка ўпраўлення Барысаўскага РУУС заяву, у якой просіць у адпаведнасці з ч. 3 арт. 174 КПК Рэспублікі Беларусь прадставіць магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі праверкі па заяве аб злачынстве ад 25.03.2018 г., якая праводзілася ў адносінах да яго.

Правабаронца лічыць, што дзеянні супрацоўнікаў Барысаўскага РУУС і раённага аддзелу Следчага камітэту з’яўляліся незаконнымі, беспадстаўнымі, а таксама нанеслі шкоду яго законным правам і інтарэсам.

Яшчэ раней праваабаронца накіраваў паведамленні аб парушэнні Рэспублікай Беларусь міжнародных забавязанняў у галіне абароны правоў чалавека спецдакладчыку па пытанні аб палажэнні ў галіне правоў чалавека ў Беларусі сп. Міклашу Харасці, спецдакладчыку па пытанні аб становішчы праваабаронцаў сп. Мішэлю Форсту, у працоўную групу па адвольных затрыманнях.

spring96.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!