Праваабаронцам сталі вядомыя новыя акалічнасці смерці Ігара Барбашынскага ў жодзінскай турме

Праваабаронцам «Вясны» сталі вядомыя некаторыя акалічнасці раптоўнай смерці ў Жодзінскай турме №8 жыхара Слуцкага раёна Ігара Барбашынскага.


Як паведамлялася раней, Ігар, разам з братам, абвінавачваліся ў злосным непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі пры выкананні службовых абавязкаў, у супраціве і збіцці супрацоўнікаў РАУС. У чэрвені 2016 года браты Барбашынскія былі арыштаваныя і да суда змешчаныя ў Жодзінскі следчы ізалятар. 20 верасня Ігар памёр у турэмнай медчастцы.



39-гадовы Ігар Барбашынскі, маёр у адстаўцы, займаўся спортам, да свайго арышту ніколі не скардзіўся на здароўе. Але у апошнія дні жніўня, знаходзячыся ў следчым ізалятары, выказаў скаргі на кароткачасовыя страты свядомасці пры аглядзе ў турэмнага лекара.

Затым у сярэдзіне верасня Барбашынскі пад час медычнага агляду паскардзіўся ўрачу-тэрапеўту на значнае пагаршэнне здароўя: фізічную слабасць, частыя галавакружэнні, высокую тэмпературу і крайне нізкі ціск. Турэмны лекар адзначыў у хворага стан сярэдняй цяжкасці. Аднак  не змог вызначыцца з дыягназам.

У той жа дзень, позна ўвечары 16 верасня, стан Барбашынскага яшчэ больш пагоршыўся, дзяжурны фельчар турэмнай медчасці зафіксаваў далейшае паніжэнне артэрыяльнага ціску, высокую тэмпературу (вышэй за 39). Ён выклікаў хуткую дапамогу і накіраваў хворага ў Жодзінскую цэнтральную гарадскую бальніцу  з дыягназам: парушэнне мазгавога кровазвароту.

Там Барбашынскі знаходзіўся трое сутак, з 16 па 19 верасня. Яго абследвалі больш грунтоўна і вызначылі, што прычынай пагаршэння здароўя з’яўляецца энцэфаліт неўдакладненай этыялогіі.  Крыху падлячыўшы, у сярэдняй ступені цяжкасці яго вярнулі назад, у турэмную лякарню. А раніцай 20 верасня Ігар Барбашынскі памёр.

Аднак праваабаронцам стала вядома, што разам з фактарамі, якія маглі паслужыць прычынай смерці зняволенага, на целе Барбашынскага былі выяўленыя шматлікія цялесныя пашкоджанні: крывепадцёкі на грудной клетцы і на нагах. Гэтыя пашкоджанні ўтварыліся ад дзеяння цвёрдага тупога прадмета і маюць тэрмін даўніны каля 3 сутак. Колькасць крывепадцёкаў – 17 – адпавядае колькасці кантактаў з траўміруючым прадметам. Таксама былі выяўленыя рубцы на галаве, якія ўзніклі ад зажыўлення глыбокіх ран месячнай даўніны, меркавана ў перыяд знаходжання яго пад арыштам.
Маці Барбашынскага патрабавала правядзення праверкі па факце раптоўнай смерці сына і накіравала хадайніцтва ў гарадскі аддзел Следчага камітэта г. Жодзіна аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці за неналежнае выкананне сваіх абавязкаў супрацоўнікаў турмы.


Праверка па справе раптоўнай смерці Барбашынскага ў медчастцы Жодзінскай турмы працягваецца.

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: