Праваабаронцы і прафсаюз РЭП патрабуюць адмяніць Дэкрэт № 3 і Дэкрэт №1

Сумесная заява праваабарончых арганізацый і незалежнага прафсаюза РЭП аб Дэкрэце № 3 і змяніўшым яго Дэкрэце № 1.
"25 студзеня 2018 года быў выдадзены Дэкрэт №1 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва", якім унесеныя змены ў Дэкрэт №3 ад 02.04.2015г. "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства".

Унясенне змяненняў стала вымушаным крокам уладаў у адказ на адкрыты пратэст грамадзян Беларусі ў 2017 годзе супраць Дэкрэта №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства".

Вярхоўная ўлада паклала ўсю адказнасць за рэалізацыю Дэкрэта №1 на мясцовыя выканаўча-распарадчыя органы, якія павінны зацвярджаць спісы так званых "працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы".

Мяркуецца, што грамадзяне, якія трапілі ў спісы "ня занятых у эканоміцы", з 1 студзеня 2019 года будуць аплачваць поўны тарыф на гарачае водазабеспячэнне, а з 1 кастрычніка 2019 года - на газазабеспячэнне і цеплазабеспячэнне.

Акрамя таго, Дэкрэт №1 прадугледжвае прымусовае накіраванне некаторых катэгорый грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі (ЛПП).

У Дэкрэце №1 закладзена імкненне ўладаў узаконіць прымусовую працу, што супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародным актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь.

У адпаведнасці з Усеагульнай Дэкларацыяй правоў чалавека, "кожны, хто працуе, мае права на справядлiвую i здавальняючую ўзнагароду, якая забяспечвае вартае чалавека iснаванне для яго самога i яго сям'i, i дапаўняецца, пры неабходнасцi, iншымi сродкамi сацыяльнага забеспячэння".

На наш погляд, Дэкрэт №3 і Дэкрэт №1 накіраваны не на садзейнічанне занятасці, а на дасягненне агульнай працоўнай павіннасці - па-за залежнасці ад памеру заработнай платы і годнага ўзроўню жыцця сваіх грамадзян.

Каб пазбегнуць новых выступленняў грамадзян, не згодных з антыканстытуцыйнымі дэкрэтамі, і недапушчэння дэстабілізацыі сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь, патрабуем адмяніць (прыпыніць) Дэкрэт №3 і Дэкрэт №1.

Заклікаем органы дзяржаўнай улады сумесна з прадстаўнікамі грамадскасці, праваабарончых арганізацый, незалежных прафсаюзаў неадкладна заняцца распрацоўкай дзейсных мер, накіраваных на стварэнне рэальнай матывацыі для высокапрадукцыйнай і якаснай працы, з заработнай платай ня ніжэйшай за сярэдні заробак па краіне на момант уладкавання на прапанаванае працоўнае месца, незалежна ад рэгіёнаў і формаў уласнасці прадпрыемстваў, занятых у эканоміцы Беларусі."

Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП)

РПГА "Беларускі Хельсінскі камітэт"

Праваабарончы цэнтр "Вясна"

Праваабарончы цэнтр "Прававая дапамога насельніцтву" (зарэгістраваны ва Украіне)


Паводле spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: