Праваабаронцы патрабуюць распачаць крымінальную справу за катаванні Віктара Мароза

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі праз беларускія праваабарончыя арганізацыі падаў заяву ў Следчы камітэт па горадзе Мінску з патрабаваннем распачаць крымінальную справу па факце пагрозы зброяй і збіванні Віктара Мароза супрацоўнікамі міліцыі.


Заяву падпісалі РГА "Прававая ініцыятыва", праваабарончая арганізацыя "Human Constanta", «Беларускі дакументацыйны цэнтр", ПДГА "Звяно", Праваабарончы цэнтр "Прававая дапамога насельніцтву", паведамляе legin.by.

У заяве праваабаронцы спасылаюцца на відэа і інфармацыю ў СМІ аб шпіталізацыі Віктара. На відэазапісе нічога не сведчыць аб тым, што Віктар Мароз разумеў, што перад ім супрацоўнік органаў унутраных спраў, а таксама відаць, што ён не збіраўся ўжываць гвалт. Мяркуючы па відэазапісе, ён сапраўды спрабаваў дапамагчы дзяўчыне, якую маглі схапіў невядомыя і ўжывалі гвалт.

Юрысты заяўляюць, што затрыманне суправаджалася неабгрунтаваным гвалтам. Існуе вялікая верагоднасць, што ўсе наступныя траўмы пасля ўдару ў жывот таксама былі нанесены незаконна і неабгрунтавана, і дзеянні сілавікоў могуць быць кваліфікаваныя як катаванні.

Праваабаронцы патрабуюць распачаць крымінальную справу ч. 3 арт. 426 КК (наўмыснае ўчыненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, спалучанае з гвалтам, пакутай ці абразай пацярпелага альбо ужываннем зброі або спецыяльных сродкаў, з'яўляецца злачынствам).

Нагадаем, былы фігурант "справы патрыётаў" Віктар Мароз быў збіты і затрыманы невядомымі ў ноч на 6 студзеня ў Новай Баравой. Пасля затрымання Віктар Мароз быў шпіталізаваны.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: