Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 9 чалавек

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнямі ў краіне яшчэ дзевяць чалавек. Адпаведная заява апублікавана сёння на сайце закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна».


У сувязі з інфармацыяй аб прад’яўленні абвінавачванняў па артыкулу 293 Крымінальнага кодэкса («Масавыя беспарадкі») Cяргею Брылю, Андрэю Папову, Паўлу Нядбайлу, Сяргею Ляжэнку, Дзмітрыю Івашкову, Юрыю Бялько, Дзмітрыю Ластоўскаму, Яраславу Збароўскаму, а таксама па арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак») Дзянісу Болтуцю, яшчэ раз падцвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, праваабаронцы адзначаюць:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэтая свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года, і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Таксама адзначаецца, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

«Мы ацэньваем пераслед Сяргея Брыля, Андрэя Папова, Паўла Нядбайлы, Сяргея Ляжэнкі, Дзмітрыя Івашкова, Юрыя Бялько, Дзмітрыя Ластоўскага, Яраслава Збароўскага, Дзяніса Болтуця, якія былі абвінавачаныя па арт. 293 КК («Масавыя беспарадкі») і па арт. 342 КК («Групавыя дзенянні, што груба парушаюць грамадскі парадак»), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі», — гаворыцца ў заяве.

У сувязі з гэтым праваабаронцы патрабуюць ад уладаў Беларусі:

Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Сяргея Брыля, Андрэя Папова, Паўла Нядбайла, Сяргея Ляжэнка, Дзмітрыя Івашкова, Юрыя Бялько, Дзяніса Болтуця, Дзмітрыя Ластоўскага, Яраслава Збароўскага і спыніць іх крымінальны пераслед.

Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Паводле spring96.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: