22 студзеня праваабаронцы прызналі палівязнямі Аляксандру Патрасаеву і Аляксандра Рэзніка, якім выстаўлена абвінавачванне паводле ч.2 арт. 293 КК («Масавыя закалоты»), а таксама Міхаіла Феранца, Віталя Шчэрбіча і Рэнату Смірнову, якім прад’яўлена абвінавачванне па арт. 342 («Групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Праваабаронцы патрабуюць іх неадкладнага вызвалення.
Палітвязень Рэната Смірнова. Фота з сацсетак
Рэнаце Смірновай 19 гадоў, супраць яе распачалі крымінальную справу за ўдзел у пратэставым маршы 1 лістапада. Падчас следства Рэната знаходзілася ў жодзінскім СІЗА ў адной камеры з палітзняволенай журналісткай «Белсату» Кацярынай Андрэевай. Цяпер Смірнову перавялі ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, 28 студзеня мусіць распачацца суд над дзяўчынай.
«Маёй дачцэ 19 гадоў, яна любіць літаратуру, філасофію і добрае кіно. Ёй можна пісаць на рускай, па-беларуску, in English, po polsku. Марыць стаць рэжысёрам, плануе паступіць на філасофскі і асвоіць французскую мову», – распавяла праваабаронцам пра Рэнату яе маці.
Палітвязень Аляксандра Патрасаева. Фота – prisoners.spring96.org
Аляксандры Патрасаевай 21 год. Яна нарадзілася ў вёсцы Вілейскага раёна, у 6 гадоў стала круглай сіратой. Выхоўвалася ў Чурлінскім вучэбна-педагагічнага комплексе.
Дзяўчына была затрыманая ў ноч з 10 на 11 жніўня ў Менску. Тады яна выйшла на вуліцу з намерам аказваць медычную дапамогу пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў, мела з сабой рэспіратары, бінты і перакіс. Трапіла пад абстрэл і аблаву, спрабавала ўцячы, але наткнулася на АМАП. Тры дні знаходзілася ў ізалятары на Акрэсціна, дзе перажыла катаванні: збіццё, знявагі, абразы, яе пагражалі згвалтаваць. Па яе расказах, яе прымушалі распранацца, уставаць на расцяжку і пры гэтым без перапынку збівалі, прычым збіццём займалася жанчына. Затым яе адпусцілі. 30 кастрычніка Аляксандра была зноў затрыманая – цяпер ужо паводле крымінальнага абвінавачвання. Цяпер знаходзіцца ў СІЗА-1 у Менску.
Палітвязень Міхаіл Феранец. Фота – prisoners.spring96.org
32-гадовы Міхаіл Феранец, паводле праваабаронцаў, мае грамадзянства Украіны, ён быў затрыманы 16 верасня. Спачатку ў дачыненні Міхаіла была вынесена пастанова аб высылцы ў прымусовым парадку з Беларусі, а таксама аб затрыманні на тэрмін, неабходны для выканання высылкі. Аднак 1 кастрычніка рашэнне аб высылцы было прыпынена.
Палітвязень Віталь Шчэрбіч. Фота – prisoners.spring96.org
43-гадовы Віталь Шчэрбіч быў затрыманы 17 лістапада, цяпер ён утрымліваецца ў жодзінскім СІЗА. Віталь працуе ў медычнай лабараторыі «ИНВИТРО», адказвае за реагентыку. Захапляецца навуковай фантастыкай, яздой на матацыкле, у сябе дома сабраў 3d-прынтар.
«Вельмі спагадны, добры, з пачуццём справядлівасці і актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Любіць сваю сям’ю. «З паветра» здольны сабраць тэлескоп, каб разглядаць з сынамі зорнае неба, 3D-прынтар, каб друкаваць для іх цацкі і любое іншае абсталяванне, якое прадстаўляе для яго і яго дапытлівага асяроддзя цікавасць», – распавяла праваабаронцам пра Віталя ягоная жонка.
Аляксандру Рэзніку 23 гады. Ён быў затрыманы 29 верасня ў Менску.
Нагадаем, у сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі і пратэстамі ў Беларусі было распачата больш за 1000 крымінальных справаў. Па стане на 23 студзеня 190 чалавекі з гэтага спісу з’яўляюцца палітычнымі зняволенымі. Раней у інтэрвʼю «Белсату» намеснік старшыні ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч адзначаў, што людзей, якія патэнцыйна застаюцца палітзняволенымі, значна болей, таму іхная колькасць будзе расці. «
Колькасць палітзняволеных будзе ісці на сотні», – падкрэсліваў ён.
blstv.eu