Праваабаронцы: са свабодамі ў Беларусі ўсё кепска

Праз тыдзень у Жэневе прадставяць два даклады па прававой сітуацыі ў Беларусі: дзяржаўны і альтэрнатыўны. Які будзе больш пераканаўчым для Камітэта па правах чалавека ААН?
Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

Упершыню за 20 гадоў беларускі ўрад падрыхтаваў справаздачу аб выкананні нашай краінай Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельніцай якога яна з’яўляецца. Даклад прадставяць у Жэневе праз тыдзень, 8 – 9 кастрычніка, падчас 124-й сесіі Камітэта ААН па правах чалавека. Напярэдадні беларускія праваабаронцы прэзентавалі ў Мінску свой альтэрнатыўны даклад. Прадстаўнікі 12 арганізацый, што працавалі над ім, выявілі комплекс прававых праблем, якія наша краіна не спяшаецца вырашаць.

Міліцыя без суда зможа штрафаваць актывістаў

Значная частка дакладу прысвечана свабодзе асацыяцый. Сітуацыя з ёй у Беларусі дрэнная, і на дзяржаўным узроўні гэтае пытанне абмяркоўваецца мала, лічыць дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі Вольга Смалянка.

Праваабаронца вылучае чатыры асноўныя праблемы ў галіне свабоды асацыяцый. Першая з іх – забарона на дзейнасць незарэгістраваных арганізацый.

– Сёлета ў траўні прынялі такую заканадаўчую ініцыятыву, як унясенне змен у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь. І адной з такіх змен было прапанавана выключыць з Крымінальнага кодэксу рэзананснага артыкула 193.1 (адказнасць за стварэнне і дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Станоўчы крок? Так, безумоўна. Аднак замест выключэння гэтага артыкула прапануюць крымінальную адказнасць проста замяніць на адміністратыўную, якая, пры гэтым, будзе накладацца ў пазасудовым парадку. Гэта значыць, што органы юстыцыі і ўнутраных спраў без суда могуць накласці штраф на любога актывіста, які, па іх меркаванні, удзельнічае ў дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі, – тлумачыць Вольга Смалянка.
Вольга Смалянка, Валянцін Стэфановіч, Дзмітрый Чарных. Фота Дзіяны Пінчук

Вольга Смалянка, Валянцін Стэфановіч, Дзмітрый Чарных. Фота Дзіяны Пінчук

Праваабаронцы турбуюцца, што накласці адміністратыўную адказнасць будзе значна прасцей, бо рэакцыя на яе ў тым ліку міжнародных структур будзе ніжэйшай, чым у выпадку з крымінальнай адказнасцю.

Другая праблема звязаная са складанасцямі рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў. Фактычна, у нашай краіне дзяржорганы могуць адмовіць у рэгістрацыі любому аб’яднанню, як бы добра ні былі падрыхтаваныя дакументы. Да таго ж некамерцыйныя арганізацыі мусяць плаціць удвая большую дзяржпошліну, чым камерцыйныя, і яны, у адрозненне ад апошніх, не могуць зарэгістраваць юрыдычны адрас па месцы жыхарства.

Фінансаванне – значная частка існавання арганізацыі, і ў Беларусі з гэтым таксама складана. Існуе пералік мэтаў, на якія можа быць атрымана фінансаванне як унутры краіны, так і за мяжой. Дарэчы, замежную дапамогу могуць атрымаць толькі тыя арганізацыі, якія супрацоўнічаюць з органамі ўлады. Справа ў тым, што для рэгістрацыі такой дапамогі неабходна заключэнне ад кампетэнтнага дзяржоргана аб яе мэтазгоднасці.

Апошняя праблема заключаецца ў тым, што некамерцыйным арганізацыям цяжка рэалізаваць права на свабоду сходаў і выражэння меркаванняў. Бо, згодна з нядаўнімі зменамі, цяпер штраф за парушэнне закона “Аб масавых мерапрыемствах” прадугледжаны і для некамерцыйных арганізацый. Максімальны аб’ём пакарання дасягае 200 базавых велічынь, гэта прыкладна 2450 долараў ЗША.  

Апроч гэтых праблем Вольга Смалянка адзначыла цяжкасці ўзаемадзеяння арганізацый і грамадзянскай супольнасці, а таксама дзяржорганаў. Напрыклад, НКА павінны прыцягвацца да падрыхтоўкі нацыянальных дакладаў у галіне правоў чалавека, але беларускіх праваабаронцаў да гэтай дзейнасці ніколі не запрашалі.

Дыскрымінацыя на ўзроўні заканадаўства

Адзін з базавых прынцыпаў правоў чалавека – роўнасць. Аднак у Беларусі (хоць гэта забаронена Канстытуцыяй) працягваецца практыка дыскрымінацыі ўразлівых груп, у прыватнасці, рома, людзей з інваліднасцю, прадстаўнікоў ЛГБТ, жанчын і інш.

– На практыцы ў краіне няма спецыялізаванай галіны права, якая б змагалася з дыскрымінацыяй, – гаворыць дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі. – Толькі напярэдадні падрыхтоўкі даклада ў дыскурсе з’явіўся пункт аб тым, што дзяржава вывучыць мэтазгоднасць з’яўлення ў краіне антыдыскрымінацыйнага закона. Аднак пакуль сітуацыя не зрушыласяі, няма ніякіх звестак і прамежкавых крокаў.

Сяргей Драздоўскі і Сяргей Усцінаў. Фота Дзіяны Пінчук

Сяргей Драздоўскі і Сяргей Усцінаў. Фота Дзіяны Пінчук

У справаздачы сказана пра розныя віды дыскрымінацыі: становішча ўразлівых груп насельніцтва, з’яўленне новых законных актаў, якія нясуць дыскрымінуючыя нормы (Той жа прыклад з дэкрэтам «аб дармаедах», апроч яго іншыя заканадаўчыя нормы не ўлічваюць асаблівасці дыскрымінаваных груп. Да таго ж праз адсутнасць замацаванага тэрміну «дыскрымінацыя» ў заканадаўстве сітуацыю няроўнасці становіцца складана адсачыць), бытавыя сітуацыі, з якімі сутыкаюцца грамадзяне.

– Апынуцца ў групе ўразлівых можна па любой прыкмеце і не мець рэальных спосабаў абароны, – падсумоўвае Сяргей Драздоўскі.

Катаванні забаронены, але адказнасці няма

У Крымінальным кодэксе Беларусі адсутнічае артыкул, прысвечаны катаванням. Дзяржава спасылаецца на артыкул 25 Канстытуцыі, які забараняе катаванні, і лічыць, што гэтага дастаткова.

– Аднак забарона катаванняў і адказнасць за катаванні – гэта розныя рэчы, – адзначае юрыст аб’яднання «Прававая ініцыятыва» Сяргей Усцінаў. – Артыкулы, якія ёсць у Крымінальным кодэксе, не ахопліваюць усяго спектра катаванняў і іх мэтаў, таму мы настойваем на ўвядзенне крымінальнай адказнасці за ўсе акты катаванняў, якая адпавядае артыкулу 1 Канвенцыі супраць катаванняў.

Яшчэ адна недарэчнасць заключаецца ў тым, што беларуская пракуратура ігнаруе факты катаванняў, любыя звязаныя з імі заявы перасылаюцца ў ведамствы, якія падазраюцца ў здзяйсненні гэтых самых катаванняў.

Дзяржава дае добрую ацэнку грамадскім назіральным камісіям пры Міністэрстве юстыцыі, якія маюць права доступу ў некаторыя ўстановы абмежавання волі. Аднак такія камісіі таксама не з’яўляюцца незалежнымі. Людзі, што ў іх уваходзяць, не маюць права размаўляць без сведкаў з асобамі, якія знаходзяцца ва ўмовах абмежавання волі; не могуць прымаць ад іх пісьмовыя заявы і скаргі; не могуць працаваць па сваіх анкетах, а толькі па тых, што зацверджаны Мінюстам; не могуць наведаць папраўчую ўстанову без узгаднення з яе адміністрацыяй.

Асобным пытаннем стаіць нерасследаванне скраданняў зніклых 18 гадоў таму палітыкаў. Кожныя тры месяцы тэрмін расследвання гэтых крымінальных спраў працягваецца.

– Мы кожны раз будзем задаваць пытанні дзяржаве, пакуль не будзе якіх-кольвек сур’ёзных зрухаў у гэтых справах, – запэўнівае Сяргей Усцінаў.

Фота Дзіяны Пінчук

Фота Дзіяны Пінчук

Смяротныя прысуды выконваюць, нягледзячы на разгляд скаргі ў КПЧ

Хоць з 1999 года ў Беларусі зніжаецца колькасць смяротных прысудаў, смяротнае пакаранне ў нашай краіне ўсё яшчэ ёсць. Па словах юрыста праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянціна Стэфановіча, з 1997 года было вынесена 167 смяротных прысудаў, аднак інфармацыі пра тое, колькі з іх прывялі ў выкананне, няма.

– Выпадкі вынясення смяротных прысудаў Вярхоўным судом у якасці першай інстанцыі пазбаўляе магчымасці абскарджвання прысуду, – канстатуе Валянцін Стэфановіч.

Юрыст звяртае ўвагу і на непублічнасць працы камісіі па памілаванні пры кіраўніку дзяржавы. На яе пасяджэнні могуць запрашацца грамадскасць і СМІ, аднак усе спробы праваабаронцаў папрысутнічаць на іх былі беспаспяховымі.

Праваабаронцы адзначаюць, што Беларусь ігнаруе абавязальніцтвы так званых тэрміновых працэдур Камітэта па правах чалавека ААН. Калі ў КПЧ паступае скарга ад асобы, прысуджанай да смяротнага пакарання, урад краіны не можа прывесці прысуд у выкананне да вынясення рашэння, пра што Камітэт інфармуе ўрад. Аднак у Беларусі вядома прынамсі 10 выпадкаў, калі прысуды прыводзіліся ў выкананне падчас разгляду скаргі асуджанага ў КПЧ.

Цяпер у Беларусі ў камеры смяротнікаў знаходзяцца чатыры чалавекі, двое з іх зарэгістравалі звароты ў КПЧ ААН. Праваабаронцы заклікаюць беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да яго адмены.

Ціск на журналістаў расце

Сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі каментуе юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў. Паводле яго, у 2017 годзе было зафіксавана 103 выпадкі затрымання журналістаў (для параўнання: у 2016 годзе – 13).
Злева направа: Дзмітрый Чарных і Алег Агееў. Фота Дзіяны Пінчук

Злева направа: Дзмітрый Чарных і Алег Агееў. Фота Дзіяны Пінчук

У беларускім заканадаўстве адсутнічаюць дадатковыя гарантыі журналістаў, якія маглі б спрасціць іх працу, сыходзячы з такога крытэру, як грамадскі інтарэс. Няма і профільнага закону, які б гарантаваў даступнасць і адкрытасць дзяржорганаў. А інстытут акрэдытацыі журналістаў у Беларусі выкарыстоўваецца як спосаб закрываць інфармацыю.

Недапушчальнай з’яўляецца забарона на дзейнасць журналістаў замежных СМІ, прававое рэгуляванне інтэрнэту. Таксама праваабаронцы лічаць неабходным адмяніць крымінальную адказнасць за абразу і паклёп у адносінах службовых асоб і кіраўніка дзяржавы.

Увогуле сітуацыя па выкананні Беларуссю міжнародных абавязальніцтваў неадназначная і залежыць ад тэмы. Напрыклад, ёсць рэальныя зрухі ў пытаннях інваліднасці (далучэнне нашай дзяржавы да Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю), але многія іншыя (у тым ліку пералічаныя вышэй) тэмы ігнаруюцца цягам многіх гадоў. Бо заключэнні КПЧ ААН беларускія ўлады разглядаюць толькі як рэкамендацыі, а не абавязковыя да выканання прадпісанні. Іх нельга ўбачыць у дзяржаўных СМІ і публічнай прасторы, па сутнасці, для грамадскасці яны застаюцца недаступнымі.  

Фота Дзіяны Пінчук

Фота Дзіяны Пінчук


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!