Праваабаронцы: Сітуацыя з правамі чалавека пагаршаецца

Найгоршая сітуацыя ў рэгіёне АБСЕ з моманту падпісання Хельсінскага пагаднення —  такую выснову зрабілі ўдзельнікі Паралельнага форума грамадзянскай супольнасці АБСЕ.

Падзеі, якія пачаліся ў 2014 годзе і цягнуцца дагэтуль, прывялі да развіцця найгоршай сітуацыі ў рэгіёне АБСЕ ў ваенна-палітычным і чалавечым вымярэннях усеагульнай бяспекі з моманту падпісання Хельсінскага пагаднення. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі Паралельнага форума грамадзянскай супольнасці АБСЕ, які прайшоў у Мінску 4 ліпеня напярэдадні 26-й штогадовай сесіі парламенцкай Асамблеі АБСЕ.

Арганізатарамі Паралельнага форума, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі 60 беларускіх няўрадавых арганізацыяў з Беларусі, 25 няўрадавых арганізацыяў з іншых краінаў, а таксама госці з Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, БДІПЧ ды іншых структур АБСЕ, замежныя дыпламаты, выступілі Асамблея няўрадавых арганізацыяў Беларусі, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі Хельсінскі камітэт, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, а таксама Платформа грамадзянскай салідарнасці.

Па словах старшыні ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага, гэты форум — унікальнае мерапрыемства, якое адбылося ўпершыню за 13 гадоў. Ён  сабраў беларускіх праваабаронцаў з розных рэгіёнаў і розных праваабарончых арганізацыяў, актывістаў грамадзянскай супольнасці, каб напярэдадні сесіі ПА АБСЕ, што пройдзе ў Мінску, у поўны голас заявіць пра праблемы, якія існуюць з правамі чалавека ў беларускім грамадстве.

Напярэдадні форума беларускія праваабаронцы вызначылі шэраг праблем, якія існуюць у Беларусі з правамі чалавека, асноўныя з якіх і пералічыў Бяляцкі. Гэта наяўнасць палітзняволеных, смяротнае пакаранне, масавыя рэпрэсіі, якія абрынуліся на людзей у Беларусі гэтай вясной і якія закранулі грамадскіх актывістаў, журналістаў, праваабаронцаў.

Гэта сістэмныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, і мы звяртаемся да беларускіх уладаў, адзначаем, што не адбываецца ніякіх сістэмных зменаў для паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека. У любы момант сітуацыя можа стаць яшчэ горшай”, — адзначыў кіраўнік “Вясны”. Ён таксама звярнуў увагу на адсутнасць на Форуме прадстаўнікоў беларускіх уладаў, “што яшчэ раз падкрэслівае іх нежаданне сесці за стол перамоваў для абмеркавання надзённых праблемаў, якія існуюць у Беларусі”. 

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і праваабаронцы звяртаюцца да ўдзельнікаў сесіі ПА АБСЕ з заклікам нагадаць беларускім уладам, што Рэспубліка Беларусь з’яўляецца сябрам гэтай арганізацыі і мусіць выконваць пагадненні ў галіне правоў чалавека, да якіх яна далучылася. 

На Форуме прысутнічаў і спецдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харашці, хоць беларускія ўлады не прызнаюць ягонага статуса, а ў нашай краіне ён знаходзіцца як эксперт па запрашэнні АБСЕ.

Па выніках паралельнага форума яго ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю, з якой будуць азнаёмлены ўдзельнікі мінскай сесіі ПА АБСЕ. Дакумент складаецца з дзвюх частак. Першая тычыцца сітуацыі з правамі чалавека і грамадзянскай супольнасці ў рэгіёне АБСЕ, а другая — непасрэдна Беларусі.

Рэзалюцыя ўтрымлівае шэраг рэкамендацыяў да шырокай міжнароднай грамадскасці і структураў АБСЕ. Сярод такіх рэкамендацыяў — прапанова Еўрапейскаму Саюзу прыняць і абнародаваць план мінімальных захадаў, што чакаюцца ад ураду Беларусі для дасягнення прагрэсу ў галіне правоў чалавека, і распрацаваць сумесна з уладамі Беларусі дарожную мапу выканання такога плана. Апроч таго, міжнародная супольнасць мусіць прызнаць незалежную грамадзянскую супольнасць Беларусі ў якасці ключавога ўдзельніка дыялога з Беларуссю і ўключаць беларускую праваабарончую супольнасць як роўнага партнёра ў гэты працэс разам з урадам. 

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: