Праваабарончы цэнтр "Вясна": Беларуская мова ў небяспецы

Праваабарончы цэнтр "Вясна" выступае супраць любых праяваў дыскрымінацыі, а моўнае пытанне — адно з найбольш вострых і праблемных для беларусаў.



Перавага рускай мовы над роднай беларускай ва ўсіх сферах жыцця супярэчыць не толькі Канстытуцыі Беларусі, страта нацыянальнай мовы пагражае незалежнасці краіны. У падрыхтаваным артыкуле — спроба яшчэ раз звярнуцца да моўнага канфлікту і важнасці яго вырашэння.

Мова як сродак камунікацыі з’яўляецца аб’ядноўваючай прыкметай народу, падмуркам нацыянальнай культуры, нацыянальнай самасвядомасці і яе перадачы нашчадкам. Пакуль жыве мова, жыве народ.

Па дадзеных ЮНЭСКА беларуская мова адносіцца да тых моваў, якім пагражае знікненне. (1) І справа тут не ў неспрыяльных культурна-лінгвістычных абставінах альбо натуральнай асіміляцыі. Тое, што адбываецца з беларускай мовай — вынік свядомай дзяржаўнай палітыкі, скіраванай на вынішчэнне роднага слова з усіх сфераў грамадскага жыцця.

“Нечуваная ў свеце дзяржаўная моўная дыскрымінацыя беларусаў мае вельмі працяглую гісторыю, якая вымяраецца не дзесяцігоддзямі, а стагоддзямі,” — адзначае доктар гістарычных навук Леанід Лыч і дадае, што “гэтак паслядоўна, як у Беларусі, нідзе больш такая дзяржаўная дыскрымінацыя мовы не праводзілася”. (2)

Калі гаварыць пра сучасны гістарычны этап, то знакавай падзяй стала прыняцце ў 1990 годзе “Закона аб мовах”, які павінен быў спрыяць адраджэнню мовы беларускай нацыі. У 2-м артыкуле закону беларуская мова абвяшчалася адзінай дзяржаўнай у Беларусі, расійская мова кваліфікавалася ў законе як “мова міжнацыянальных зносін народаў Саюзу ССР”. Увядзенне закону мусіла ажыццяўляцца паступова, на працягу некалькіх гадоў. Пры гэтым ён не рэгламентаваў ужывання моў у неафіцыйных зносінах.

З 1990 па 1995 год беларускамоўных выданняў было надрукавана больш, чым за папярэднія чатыры стагоддзі. У сярэдніх школах у 1994–1995 гадах навучалася па-беларуску ўжо больш за 75% вучняў. (3) Стаўленне да беларускай мовы, як мовы непатрэбнай, неразвітай, неўжытковай, мовы малаграматных вясковых сялянаў змянілася. На беларускай мове праводзіліся сесіі Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь і многіх гарсаветаў, з’яўлялася ўсё большая колькасць афіцыйных дакументаў, паступова пераводзілася справаводства. На беларускай мове загаварылі і дэпутаты, і міністры, і выкладчыкі ВНУ, і выхавацелькі дзіцячых садкоў. У беларускай мовы з’явілася перспектыва паступовага адраджэння і паспяховага развіцця.

15 сакавіка 1994 года першая Канстытуцыя Беларусі абвясціла беларускую мову адзінай дзяржаўнай мовай нашай краіны.

Аднак ужо праз год сітуацыя рэзка змянілася. Аляксандр Лукашэнка, абраны ў 1994 годзе першым прэзідэнтам краіны ініцыюе рэферэндум, у выніку чаго вяртае постсавецкую сімволіку — герб і сцяг, а беларуская мова страчвае статус адзінай дзяржаўнай мовы. Уводзіцца дзвюхмоўе. (4)

У 1998 годзе ў “Закон аб мовах” уносяцца такія праўкі, якія дазволілі распачаць татальную русіфікацыю, асабліва ў сферах адукацыі і дзяржаўнага кіравання. Закон дазваляў весці дакументацыю на расейскай мове. Артыкул 26 Закону аб мовах гаворыць: "У Рэспубліцы Беларусь мовамі ў сферы культуры з'яўляецца беларуская і (або) расейская мова".

Такім чынам былі скасаваныя набыткі незалежнай суверэннай беларускай дзяржавы ў вырашэнні моўнага пытання.

Акрамя таго, па меры нарастання канфлікту паміж прэзідэнтам Лукашэнкам і дэмакратычнай супольнасцю краіны, аўтарытарная ідэалогія і прапаганда пераўтварылі беларускую мову з нацыянальнай каштоўнасці ў “апазіцыйную” з’яву, а яе актыўных носьбітаў — у прадстаўнікоў “5-й калоны”. Такі падыход тычыўся не толькі грамадска-палітычнага жыцця краіны. У сферы культуры беларуская мова таксама стала прыкметай процістаяння прэзідэнцкай уладзе.

На сёння ў Беларусі ііснуе па два прафесійных творчых аб’яднання ў літаратуры і журналістыцы — афіцыйны і незалежны: Саюз пісьменнікаў Беларусі і Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі саюз журналістаў і Беларуская асацыяцыя журналістаў. Для сябраў незалежных творчых аб’яднанняў стасункі з афіцыйнымі дзяржаўнымі структурамі носяць абмежаваны характар — чыноўнікі адмаўляюцца даваць журналістам каментары альбо не дапускаюць на афіцыйныя паседжанні, пісьменнікі не атрымліваюць дазвол на правядзенне мерапрыемстваў, сустрэч з чытачамі.

Практыка забароны канцэртаў, радыё- і тэлеэфіру ў дачыненні да шэрагу беларускамоўных гуртоў і выканаўцаў выкарыстоўвалася ўладамі краіны ў 2004–2007 гадах і аднавілася ў 2011 годзе. Існавалі нават “чорныя” спісы дзеячаў культуры, згадка пра якіх у дзяржаўных СМІ была непажаданая. У сакавіку 2011 году адзін такі спіс без подпісаў і пячатак стаў вядомы шырокай грамадскасці, яго змясціў ў сваім аккаўнце супрацоўнік адной з радыёстанцый. (5) Атрымаць “забароненым” музыкам у мясцовых дзяржорганах гастрольнае пасведчанне было малаверагодна, але і запланаваныя канцэрты нярэдка зрываліся. (6)

Яшчэ адна прыкмета яўнай русіфікацыі — гэта шыльды, на якіх напісаны назвы вуліц у гарадах. Да 2010 года ў Беларусі назвы геаграфічных аб'ектаў (абласцей, гарадоў, вёсак, вуліц і г.д.) наогул заканадаўча не рэгуляваліся. Толькі ў Мінску назвы вуліцаў напісаныя па-беларуску, у абласных цэнтрах вонкавае аздабленне вуліц ў большасці сваёй рускамоўнае.

Калі ж закрануць пытанне гарадской тапанімікі больш глыбока, то тут выяўляецца спадчына перш за ўсё савецкай эпохі. Як прыклад, аналіз “персаніфікаваных” вуліц Гомеля, другога па велічыні горада краіны: 69 вуліц з 209 названыя у гонар героеў Вялікай Айчыннай Вайны, 50 — рэвалюцыянераў (пры гэтым толькі 22 з іх маюць дачыненне да Гомеля ці Беларусі), 37 — дзеячаў культуры (8 звязаныя з беларускай культурай), 11 — дзеячаў навукі (2 нарадзіліся і працавалі ў Беларусі), 7 — асобы дакастрычніцкай палітычнай ды ваеннай гісторыі (2 мелі дачыненнне да Беларусі, але негатыўнае), 7 вуліц носяць імёны міліцыянтаў, якія загінулі пры выкананні службовых абавязкаў, 6 вуліц названыя ў гонар савецкіх лётчыкаў ды касманаўтаў (1 звязаны з гісторыяй Гомеля). (7)

У той жа час, дамагчыся належнага ўшанавання памяці сусветна вядомага творцы, Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава ў сталіцы грамадскасці так і не ўдалося, нягледзячы на сабраныя 105 тысяч подпісаў грамадзян. Яшчэ ў 2010 годзе падпісныя лісты за наданне адной з вуліц горада імя беларускага класіка былі перададзены ў Мінгарвыканкам. Але гэта не дала ніякага выніку, бо Васіль Быкаў не падтрымліваў аўтарытарную ідэалогію, выступаў супраць палітыкі русіфікацыі ў Беларусі. Аналагічная сітуацыя адбываецца зараз з ушанаваннем памяці Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, намінанта на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры.

Сёння беларуская мова фактычна выцеснена з грамадскага ўжытку, гэта тычыцца дзяржаўнага кіравання, адукацыі, судавытворчасці, справаводства. І гэта не гледзячы на тое, што па дадзеных перапісаў насельніцтва Беларусі і сёння больш за палову насельніцтва краіны лічыць роднай менавіта беларускую мову.

Так, у 1989 годзе роднай беларускую мову назвалі 65,6% насельніцтва краіны, пасля некалькіх гадоў беларусізацыі ў 1999 — ужо 73,7%, а падчас перапісу 2009 года толькі 53% рэспандэнтаў.

Асноўным паказчыкам таго, што беларуская мова не з’яўляецца ў поўнай меры дзяржаўнай, а мае дэкаратыўны статус — гэта адсутнасць на ёй законаў і іншых нарматыўных актаў. Усе Кодэксы ў Беларусі прынятыя на расійскай мове, а паколькі афіцыйнага перакладу на беларускую мову няма, то фармальна суддзі, як і астатнія суб’екты працэсу, не маюць права адвольна перакладаць нормы закона. Такім чынам, адсутнасць заканатворчасці на беларускай мове з’яўляецца сур’ёзнай перашкодай для абароны і адстойвання сваіх інтарэсаў для беларускамоўных грамадзян у судзе ды іншых дзяржаўных органах.

Так, на прававым партале pravo.by немагчыма знайсці нарматыўна-прававыя акты на дзяржаўнай беларускай мове, рэсурс змяшчае бягучую інфармацыю на рускай і англійскай мовах, а тэксты нарматыўна-прававых актаў і законапраектаў размяшчаюцца на ім выключна на рускай мове. Паводле Беларускага Хельсінкскага камітэта, у эталонным банку прававой інфармацыі каля 200 тысяч заканадаўчых актаў і толькі 3,1% нарматыўнай дакументацыі — на беларускай мове. У 2014 г. Саветам Міністраў прынята 1297 пастаноў, з іх на беларускай мове — толькі 170, што складае 13 %. У 2014 г. з усіх законаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў, на дзяржаўнай беларускай мове былі прыняты толькі 2. Праўленне Нацыянальнага Банка Рэспублікі Беларусь у 2014 г. прыняло толькі 9 пастаноў на беларускай мове.

Грамадскія і праваабарончыя арганізацыі неаднаразова звярталіся ў розныя дзяржаўныя ўстановы, каб звярнуць увагу на праблему моўнай двскрымінацыі. Так, Таварыства беларускай мовы заклікала Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі з 1 верасня 2014 г. усе законы і іншыя нарматыўныя прававыя акты Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь адразу прымаць на дзвюх дзяржаўных мовах, а таксама зрабіць афіцыйны пераклад дзеючых законаў, якія былі прынятыя толькі на рускай мове, на дзяржаўную беларускую мову і апублікаваць іх у прадугледжаным законам парадку.

Юрыдычны эксперт Беларускага Хельсінскага Каміэтэту Гары Паганяйла ў сваім звароцце прасіў Канстытуцыйны суд Беларусі разабрацца з  нявызначанасцю рэальнага статусу беларускай мовы, былі прапанаваныя 25 пунктаў, што абгрунтоўваюць неабходнасць выпраўлення ў моўным заканадаўстве прабелаў, выключэння ў ім калізій і прававой нявызначанасці.

У сваю чаргу намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч звяртаўся ў Кантытуцыйны суд Беларусі, а таксама Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Вярхоўны суд, Вышэйшы гаспадарчы суд, Савет Міністраў і Адміністрацыю прэзідэнта, якія паводле арт.116 Канстытуцыі маюць права накіроўваць прапановы ў Канстытуцыйны суд аб адпаведнасці законаў нормам Канстытуцыі, з просьбай прызнаць арт. 7 Закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" не адпаведным Канстытуцыі і прапанаваць Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу ўнесці змены ў гэты артыкул, заканадаўча замацаваўшы абавязак дзяржаўных органаў выдаваць усе нарматыўна-прававыя акты (уключаючы тэксты законапраектаў) на дзвюх дзяржаўных мовах — беларускай і рускай. (9)

Аднак адказы насілі альбо фіктыўны характар — старшыня Сталай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Генадзь Пальчык не ўбачыў паставаў для звароту ў Канстытуцыйны Суд, альбо проста ўражвалі — начальнік галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта А.Ф.Мaцельскі прапануе карыстацца перакладам на сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, а ў Савеце рэспублікі ўвогуле мяркуюць, што дзяржава мае права выбару, на якой мове выдаваць нарматыўна-прававыя акты. (10)

Што тычыцца перакладу, то па інфармацыі начальніка ўпраўлення рэдакцыйна-выдавецкай работы Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі (НЦПІ) Наталлі Судзілоўскай, на сайце прававой сістэмы “Эталон” прадугледжваецца аўтаматычны пераклад законаў на беларускую мову. Аднак гэтыя пераклады не з’яўляюцца афіцыйнымі, у іх шмат памылак і недарэчнасцяў. Да таго ж онлайн сістэма “Эталон” платная. Калі ж у грамадзяніна на гэта сродкаў няма, Наталля Судзілоўская раіць запісацца ў публічную бібліятэку, дзе сэрвісам можна скарыстацца бясплатна.

У сувязі з апошнімі геапалітычнымі выклікамі (агрэсіўная палітыка Расіі ў адносінах да Ўкраіны і Грузіі), рыторыка вышэйшага кіраўніцтва краіны пакрысе мяняецца, але ж далей гэтага справа не ідзе. Так, у студзені 2015 года старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч заявіў, што лічыць мэтазгодным выдаваць законы на беларускай і рускай мовах. Якія ніякіх канкрэтных захадаў дзеля гэтага не было прынята.

Нягледзячы на тое, што ў адпаведнасці з арт. 26 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь” і арт. 4 Закона “Аб мовах” дзяржслужачыя абавязаны валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі, гэтая норма ў справаводстве і судавытворчасці практычна не працуе.

Установы адукацыі як першая прыступка ў накірунку паўнавартаснага існавання беларускай мовы, яе валодання грамадзянамі краіны павінны былі б выконваць гэтую функцыю, выхоўваць павагу да нацыянальных каштоўнасцяў, гісторыі і культуры беларускага народу.

Але, на жаль, з кожным годам сітуацыя ў сферы адукацыі толькі пагаршаецца. У дзіцячых садках і сярэдніх школах беларуская мова амаль не гучыць. Недастатковая колькасць гадзін вывучэння беларускай мовы, зачыняюцца беларускія школы.

І калі раней выкладаліся выключна на беларускай мове, то ў 2006 годзе, калі міністрам адукацыі быў Аляксандр Радзькоў, адбыўся пераход выкладання такіх прадметаў, як гісторыя і геаграфія Беларусі на расійскую мову, хаця раней яны выкладаліся па-беларуску. Патрабаванні ж грамадскасці вярнуць беларускую мову гэтым прадметам станоўчых вынікаў не даюць. У 2012 годзе тагачасны міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч запэўніваў, што “задача ўжо пастаўлена і мы будзем імкнуцца да таго, каб ужо з новага навучальнага года беларуская мова вярнулася на ўрокі па гісторыі і геаграфіі роднага краю”. (11)

Прайшло тры гады — ніякіх зменаў. І вось ўжо новы міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў выказаў меркаванне, “што мы прыйдзем да таго, што ў нас больш за палову прадметаў будзе на беларускай мове”. (12). Праз тры месяцы на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка заявіла, што Міністэрства адукацыі не будзе «сілавым метадам» пераводзіць выкладанне школьных прадметаў на беларускую мову.

Русіфікацыя ў сферы адукацыі прагрэсуе. Вось толькі некаторыя дадзеныя.

Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у вышэйшых навучальных установах Беларусі на рускай і беларускай мове, хоць гэта мог быць адзін прадмет з ўсяго навучальнага цыкла, у 2014/2015 навучаліся больш за 149 тысяч студэнтаў — гэта 41%, на рускай мове — каля 212 тысяч — гэта 58%.

На беларускай мове навучаліся 300 студэнтаў — гэта 0,1% ад агульнай колькасці, у 2013/2014 іх было 600, а ў 2012/2013 — 700, што складала 0.2%:

У дашкольных установах адукацыі на беларускай мове выхоўваліся 43 тысячы дзяцей (10%).

На рускай мове — амаль 368.000 дзяцей — 90%.

Лічбы па ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў дынаміцы адлюстраваны ў прыведзенай ніжэй табліцы: колькасць навучэнцаў, якія вывучаюць усе прадметы на беларускай мове за чатыры гады знізілася з 19% да 14%:

(13)

У 2001–2002 навучальным годзе колькасць вучняў, якія атрымліваюць сярэднюю адукацыю на беларускай мове, складала 400.869 чалавек супраць 135.100 у 2014/2015.

Толькі з 2010 года па 2015-ы год колькасць беларускамоўных вучняў зменшылася на 43 тысячы. Варта адзначыць, што ў асноўным беларускія школы засталіся ў сельскай мясцовасці, але з кожным годам яны паступова скарачаюцца з прычыны нізкай укамплектаванасці вучнямі, а дзяцей пераводзяць ў больш буйныя школы, навучанне ў якіх часта вядзецца на рускай мове.

У гарадах сітуацыя з выкладаннем на беларускай мове ў школах катастрафічная. Няма ніводнай цалкам беларускамоўнай школы ў абласных цэнтрах ці ў іншых буйных гарадах краіны.

У двухмільённым Мінску толькі 5 гімназій і 1 школа паводле сваіх статутаў маюць беларускую мову навучання.

У Гародні ў 2014/2015 разам у дзвюх школах і гімназіі навучаліся па-беларуску 26 дзяцей. Дваццаць гадоў таму каля 80% школ у Гародні былі беларускімі. Пасля рэферэндуму 1995 г. аб роўным статусе рускай мовы з беларускай, сітуацыя рэзка змянілася на карысць рускай. (14)

У Магілёве —адзін клас з беларускай мовай навучання, у якім адна вучаніца.

У Віцебску і Гомелі беларускамоўныя класы наогул адсутнічаюць.

У Брэсце ўпершыню ў гэтым 2015/2016 навучальным годзе адчынілі клас з беларускай мова навучання, які складаецца з чатырох хлопчыкаў. (15)

Назіраецца тэндэнцыя скарачэння колькасці жадаючых здаваць моўны тэст па-беларуску. У 2015 годзе — на 3% меньш у параўнанні з 2014 годам.

Таксама скарачаецца колькасць абітурыентаў, якія абралі беларускую мову на цэнтральным тэставанні. У 2015 годзе беларускую мову здавалі толькі 24% выпускнікоў. 76% выпускнікоў школаў здавалі рускую мову. Яшчэ 8 гадоў таму, у 2007 годзе, суадносіны былі значна бліжэйшымі: 42% выпускнікоў здавалі тэст па беларускай мове і 58% па рускай: (16)

За апошніх пяць гадоў (2012–2015) больш як ў два разы скарацілі набор на беларускую філалогію.

У 2010 годзе БДУ на дзённую форму навучання набіраў 60 студэнтаў (48 бюджэт і 18 на платнай аснове).

У 2012 — 25 (адпаведна 20 і 5).

У 2015 ужо толькі 20 і толькі на бюджэт.

У 2015 годзе на кітайскую філалогію ў БДУ набор вышэйшы за беларускую — 30 месцаў, з іх 10 бюджэтных і 20 на платнай аснове.

У Беларусі не існуе ўстановы вышэйшай адукацыі з беларускай мовай навучання. 20 год таму Таварыства беларускай мовы з дапамогай экспертаў распрацавала канцэпцыю нацыянальнага ўніверсітэту, дзе выкладанне вялося б на беларускай мове, і сабрала 50 тысяч подпісаў за яго стварэнне. Аднак гэтая ініцыятыва не была падтрыманая на дзяржаўным узроўні.

Скарачаюцца навуковыя даследаванні і папулярызацыя беларускай мовы і літаратуры. У 2008 годзе дзве асобных установы Акадэміі навук: Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа і Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы аб’ядналі ў адзін — Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. Гэтае аб’яднанне прывяло да скарачэння кадраў навукоўцаў і адназначна не ўзняло навуковыя гуманітарныя даследаванні на якасна новы ўзровень. А ў 2012 годзе ліквідавалі яшчэ адну самастойную адзінку — Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы, утварыўшы новае аб’яднанне Цэнтр даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Цяпер гэтыя інстытуты існуюць у складзе Цэнтра ў якасці філіялаў.

Доля беларускай мовы на нацыянальным тэлебачанні і радыёвяшчанні мізэрная, у краіне няма нават аднаго беларускамоўнага тэлеканалу.

Паводле дадзеных Белстата, у 2013 годзе ў Беларусі на рускай мове было выдадзена 82,8 % кніг і брашур, на беларускай — 10,1%. (17)

Выходзіла 654 газет, з іх на беларускай мове — 189. У рэальнасці ж часта такія газеты маюць толькі беларускамоўную назву, а журналісцкія матэрыялы і рэкламу размяшчаюць па-руску.

З 921 часопіс на беларускай мове выпускалася 133, і ў дачыненні да мовы тая ж сітуацыя, што і з газетамі. Так, назва грамадска-палітычнага і навукова-папулярнага часопіса адміністрацыі прэзідэнта «Беларуская думка», але ўсе матэрыялы на ім выключна на рускай мове.

На беларускай мове зусім не выпускаюцца мастацкія стужкі.

Далёка не ў кожным музеі краіны можна замовіць экскурсію на беларускай мове. Аўдыё-гіды маглі б у пэўнай ступені вырашыць гэтую праблему, але, за рэдкім выключэннем, у музеях і іх няма.

Не лепшым чынам выглядае сітуацыя з беларускамоўнай рэкламай. І хоць многія сусветныя брэнды сталі выкарыстоўваць у рэкламе сваіх тавараў і паслуг беларускую мову, па некаторых падліках, доля беларускамоўнай рэкламы ў нашай краіне не перавышае 1–3 працэнтаў. (18)

У той жа час паводле даследавання міжнароднай кампаніі сацыяльных і маркетынгавых даследаванняў МАСМД, заказчыкам якога выступіла грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!»: 56% беларусаў пазітыўна ацэньваюць беларускую мову ў рэкламе, 60% падтрымліваюць выкарыстанне роднай мовы ў афармленні гарадоў і вітрын. (19)

З 1 ліпеня 2010 года ў Беларусі дзейнічае пастанова «Палажэнне аб парадку функцыянавання інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый», якім вызначаны парадак функцыянавання афіцыйных сайтаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, іншых дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый. У пункце 3 дадзенага дакумента ўтрымліваецца патрабаванне аб прадстаўленні інфармацыі на дзяржаўных мовах Рэспублiкi Беларусь, а пры неабходнасці таксама на адным або некалькіх замежных мовах. (20)

Аналіз вынікаў маніторынгу прадстаўленасці інфармацыі на 45 афіцыйных сайтах дзяржаўных органаў і арганізацый, праведзенага Цэнтрам прававой трансфармацыі Lawtrend, паказаў, што ні адзін з іх не мае паўнавартаснай беларускамоўнай версіі. Толькі 8 сайтаў маюць беларускамоўныя версіі, якія ў большасці выпадкаў з'яўляюцца зрэзанымі варыянтамі рускамоўных і прадстаўляюць толькі частку абавязковых для размяшчэння катэгорый інфармацыі. (21)

Беларуская мова амаль цалкам адсутнічае ў працы ўсіх іншых дзяржаўных заканадаўчых, выканаўчых органаў: у міліцыі і пракуратуры, у міністэрствах і дзяржаўных камітэтах, у прэзідэнцкай вертыкалі ўлады.

Моўная стандартызацыя ў рамках Еўразэс таксама яшчэ больш абмежавала правы беларускай мовы на таварах, якія вырабляюцца ў Беларусі.

Для выпраўлення катастрафічнага становішча з беларускай мовай у Беларусі патрэбная спецыяльная комплексная дзяржаўная праграма ўратаваньня беларускакй мовы, якая прадугледжвала б кардынальныя змены ў дзяржаўнай палітыцы русіфікацыі, якая праводзцца сённяшнімі ўладамі Беларусі.

Беларускай мове неабходная дзяржаўная падтрымка, інакш яна загіне.

Спасылкі:

1. Эксперты ЮНЕСКО полагают, что белорусский язык находится в опасности.
http://news.tut.by/society/129973.html

2. Леанід Лыч. Беларуская мова як абэект дзяржаўнай дыскрымінацыі
http://library.by/portalus/modules/belarus/readme.php?subaction=showfull&id=1291897507&archive=1292000877&start_from=&ucat=21&

3. Сяргей Запрудзкі . Моўная палітыка ў Беларусі ў 1990-я гады. http://arche.bymedia.net/2002-1/zapr102.html

4. Рэферэндум-1995. Беларускую мову загналі ў адукацыйнае падполле
http://naviny.by/rubrics/society/2015/05/12/ic_articles_116_188862/

5. 57 музыкаў, пісьменьнікаў, актораў — у новым сьпісе забароненых http://generation.by/news4314.html

6. У Беларусі перасьледуюцца нават рок-гурты: забаронены яшчэ адзін выступ — канцэрт гурту “Палац” http://spring96.org/be/news/2704
Забаронены канцэрт рок-гурту «N.R.M.» http://spring96.org/be/news/17897
Брэст: забаронены канцэрт гурту “Дай Дарогу!” http://spring96.org/be/news/58821
Забаронены выступ гродзенскага гурту Dzieciuki http://spring96.org/be/news/60886
Менскія ўлады забаранілі канцэрт гурту Amaroka http://spring96.org/be/news/70876

7. Вуліцы Гомелю: а ці ў беларускім горадзе мы жывем? 
http://gomel-experts.org/kultura/2063-vulitsy-gomelu.html

8. Вуліца Быкава за птушкафабрыкай http://www.svaboda.org/content/article/26642489.html

9. Валянцін Стэфановіч звярнуўся ў Канстытуцыйны суд
http://spring96.org/be/news/67443

10. Чыноўнікі не бачаць дыскрымінацыі беларускамоўных у законатворчым працэсе
http://spring96.org/be/news/68269

11. Родная мова вяртаецца ў беларускія школы
http://zbsb.org/node/3624

12. Вывучаць гісторыю і геаграфію ў школах трэба на беларускай мове
http://blr.belta.by/person/opinions/Mxal-Zhurako_i_0000003930.html

13. Беларускамоўная адукацыя ў Беларусі: статыстыка 2014/15 і дынаміка
http://www.nastaunik.info/node/14392

14. Шануй чужое, любі сваё: колькі дзяцей навучаецца ў Гродне па-беларуску. http://www.t-styl.info/by/118/city/13718

15. З 36 тысяч вучняў Брэста толькi чацвёра навучаюцца ў беларускамоўным класе. 
http://www.vb.by/society/people/belaruski_klas.html

16. Інфаграфіка: як руская мова выцясняе беларускую на ЦТ абітурыентаў
http://generation.by/news6989.html

17. Статистика для школьников
http://belstat.gov.by/kscms/uploads/file/U_rasprostr/knigi_pressa.pdf

18. Поўны касец? Як навучыць нашу рэкламу “размаўляць” па-беларуску?
http://www.sb.by/ng/obshchestvo-6/article/po-ny-kasets-yak-navuchyts-nashu-reklamu-razma-lyats-pa-belarusku-.html

19. Постановление Совета минситров Республики Беларусь 29 апреля 2010 г. № 645. 
http://www.pravo.by/main.aspx?guid=3871&p0=C21000645&p2=%7BNRPA

20. “Государственные органы Республики Беларусь: 15 лет онлайн”
http://www.lawtrend.org/information-access/information-access-information-access/monitoring-predstavlennosti-informatsii-na-ofitsialnyh-sajtah-gosudarstvennyh-organov-skachat-gosudarstvennye-organy-respubliki-belarus-15-let-onlajn#p9

21. На сотню сайтаў байнэту — адзін беларускамоўны
http://generation.by/news6016.html

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: