Праваслаўна. Зацверджана праграма «духоўна-маральнага» факультатыва для школьнікаў

У Беларусі зацверджана праграма факультатыва «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму» для V (VI) класаў сярэдніх агульнаадукацыйных устаноў. Адпаведная пастанова Мінадукацыі ад 23 жніўня 2021 года №183 уступіла ў сілу 19 верасня, паведамляе reform.by.


Факультатыў арганізоўваецца для школьнікаў пятых альбо шостых класаў (у залежнасці ад падрыхтоўкі). Праграма разлічана на 35 вучэбных гадзін, заняткі будуць штотыднёвымі.

«Мэта — фармаванне духоўна-маральнай культуры і патрыятызму навучэнцаў на аснове патэнцыялу хрысціянскіх традыцый і каштоўнасцей беларускага народа», — гаворыцца ў дакуменце.

Задачы ў факультатыва, як заяўлена, наступныя:

- «вывучэнне навучэнцамі духоўна-маральнай і культурнай спадчыны хрысціянства, яго ролі ў фарміраванні беларускай дзяржаўнасці і патрыятычным выхаванні»;
- «фарміраванне ў школьнікаў імкнення кіравацца маральнымі нормамі, адказных паводзін, пазітыўнага стаўлення да жыцця, грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму»;
- «падахвочванне школьнікаў да духоўнага развіцця і ўдасканалення, здзяйснення добрых учынкаў, прытрымлівання ідэалаў хрысціянства, выхаванне любові да людзям і радзімы»;
- «прафілактыка негатыўных паводзін і залежнасцей».


Пры правядзенні заняткаў павінны будуць улічвацца міжпрадметныя сувязі з гісторыяй, «рускай і беларускай літаратурай» (менавіта ў такім парадку літаратуры пазначаны ў дакуменце. — заўв. Reform.by), музыкай, жывапісам.

У зацверджанай праграме выкладзены тэматычны план, па якім павінна весціся выкладанне факультатыва, і кароткі змест кожнага тэматычнага раздзела з пералікам тэзісаў і паняццяў, якія павінны засвоіць дзеці.



Адзначым: хоць факультатыў называецца «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму», ён цалкам прысвечаны толькі хрысціянству, прычым у першую чаргу праваслаўю. Рэлігійная разнастайнасць Беларусі ў праграме факультатыва не ўлічваецца і нават не згадваецца. Нават на ўроках, прысвечаных духоўнаму краязнаўству, школьнікам будуць распавядаць толькі пра праваслаўныя святыні — каталіцкіх у спісе няма.

Цікава, што ў рамках некаторых урокаў запланавана своеасаблівае перапляценне рэлігійнай тэматыкі з законапаслухмянасцю.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: