Праваслаўны архіепіскап адлучыў Лукашэнку ад царквы і наклаў на яго анафему

Кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай царквы архіепіскап Святаслаў Логін сёння падчас набажэнства ў саборы святога Кірылы Тураўскага ў Таронта пракляў Аляксандра Лукашэнку і адлучыў яго ад царквы, піша Свабода.
Святаслаў Логін, першагерарх беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы, архіяпіскап Наваградзкі і Паўночнаамерыканскі

Святаслаў Логін, першагерарх беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы, архіяпіскап Наваградзкі і Паўночнаамерыканскі



Падчас набажэнства ў саборы ў прысутнасці вернікаў архіепіскап Святаслаў Логін зачытаў «Архіпастырскае пасланне аб абвяшчэнні анафемы былому прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку — дыктатару, забойцы й мучыцелю народу пабожнага беларускага».

Сам тэкст адлучэння названы «А Н А Т Э М А былому прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку, які творыць беззаконні, пераследуе і забівае праваслаўных і іншых мірных хрысціян за праўду ў Беларусі».

На пачатку адлучэння сцвярджаецца, што

«пабожны Беларускі народ трапіў цяпер у цяжкі час, калі паводле загаду самазванца — былога прэзідэнта А. Лукашэнкі, апантанага д’яблам, дзяцей нашых забіваюць і здзекуюцца з братоў і сёстраў нашых. Гэты кат і ягоныя хаўруснікі чыняць крывавыя расправы над мірнымі людзьмі на вуліцах і ў турмах у сталічным Мінску і ў розных гарадах шматпакутнае Беларусі, услаўляючы й працягваючы багаборніцкую палітыку бальшавікоў, адкрыта парушаюць Запаветы Божыя, разбураюць памятныя мемарыялы супачылых...»

Далей архіепіскап Логін заяўляе:

«Царква — установа духоўная й непалітычная, навучаючы паству змагацца за праўду, не можа проста назіраць за генацыдам Беларусаў, а павінна, паводле Святога вучэння Хрыстовага, быць сумленнем свайго народу, што прымушае нас выгаласіць наступнае:

Уладаю, дадзенаю Нам ад Бога, адлучаем ад Святое Праваслаўнае Царквы і абвяшчаем Анафему быўшаму прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку, які хоць і носіць імя хрысціянскае і толькі па нараджэнню належыць да Царквы Праваслаўнай, забараняем прыступаць яму да Тайнаў Хрыстовых, успамінаць яго ў Праваслаўных Набажэнствах і малітвах да поўнага ягонага пакаяння перад Царквою і народам Беларускім. Заклікаем тых, хто яшчэ служыць ягонай сатанінскай уладзе, не выконваць злачынныя загады, бо інакш чакаюць вас пракляцце нашчадкаў у жыцці зямным і пекла — у жыцці нябесным...»
Таксама ў звароце гаворыцца, што архіепіскап і святары БАПЦ моляцца «за здароўе параненых і зняволеных, і за супакой забітых мірных пратэстоўцаў — абаронцаў Беларусі, чые пакуты і ахвяры — недарэмныя, яны натхняюць суайчыннікаў на супраціў злу і хлусні дзеля дабра, дзеля свабоды й незалежнасці нашае Бацькаўшчыны».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: