Праваслаўны святар: чыноўнікі маюць выбачыцца за знос крыжоў у Курапатах

Ні адзін з адказных чыноўнікаў так і не заўважыў у гэтым ніякай праблемы, «не кажучы ўжо пра тое, што за такія грубыя дзеянні па-чалавечы трэба было б папрасіць прабачэння», піша «Радыё Свабода».
Айцец Георгі Рой

Айцец Георгі Рой


Настаяцель гродзенскага праваслаўнага Свята-Пакроўскага сабору айцец Георгі Рой выказаўся пра курапацкія крыжы на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Ён мяркуе, што чыноўнікі за знос крыжоў маюць папрасіць прабачэння.

Святар заўважыў, што праз некалі дзён з моманту зносу крыжоў у Курапатах сціхлі першыя эмоцыі, але засталіся пытанні і «пачуццё глыбока непаразумення». На ягоную думку, сітуацыю можна было б прыняць, як перагіб канкрэтных выканаўцаў «праграмы добраўпарадкавання», калі б не далейшыя абставіны пасля зносу.

«На наступны дзень пасля выдзірання крыжоў галоўная дзяржаўная газета размяшчае публікацыю свайго карэспандэнта, які чорным па белым піша пра тое, што адзінае, пра што можна шкадаваць, — дрэва, якое пайшло на крыжы, а не на нешта карыснае. Як гэта разумець нам — хрысціянам?» — пытаецца айцец Рой.

Ён абураецца, што з курапацкімі крыжамі не толькі абышліся, як з нікчэмным смеццем, але ў дадатак і дзяржаўная газета піша пра крыж — галоўны сімвал хрысціянства, як пра нешта цалкам непатрэбнае і нягоднае.

«Калі сам знос і можна было б кваліфікаваць як перагіб выканаўцаў, то тут, напэўна, усвядомленая абраза крыжа як такога. І прэс-сакратар прэзідэнта, і адзін з вядомых сенатараў (маецца на ўвазе былы чалец Савету Рэспублікі і цяперашні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк. — рэд.) кажуць толькі аб добраўпарадкаванні, упарта не заўважаючы зусім недапушчальнага брутальнага і цынічнага стаўлення да святыні хрысціянскай веры», — піша святар.

Айцец Георгі Рой робіць выснову, што ні адзін з адказных чыноўнікаў так і не заўважыў у гэтым ніякай праблемы, «не кажучы ўжо пра тое, што за такія грубыя дзеянні па-чалавечы трэба было б папрасіць прабачэння».

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!