«Правяла адзіночны пікет без дазволу Мінрайвыканкама». На жыхарку Новай Баравой завялі справу за сьцяг у вакне кватэры

Маркетоляг адной з ІТ-кампаній Таццяна расказала «Свабодзе», што яшчэ да выбараў ў жніўні вывесіла бел-чырвона-белы сьцяг у вакне сваёй кватэры. Тыдні два таму супрацоўнікі міліцыі пачалі «аперацыю»: яны хадзілі вакол дамоў і перапісвалі кватэры, дзе вісяць сцягі.

«Камусьці спрабавалі ўручыць позвы, але ў мяне ў паштовай скрыні нічога не было; аднойчы хтосьці званіў у кватэру, але я не адчыніла, — кажа Таццяна. — То бок ніхто мне позвы не ўручаў. Але некалькі дзён таму я атрымала SMS-паведамленьне, што маю справу перадалі ў суд. У той жа дзень я атрымала копію пратакола, у якой напісана, што за сцяг у вакне на мяне заведзеная справа паводле ч. 1 артыкулу 23.34».

У пратаколе гаворыцца, што, вывесіўшы сцяг у вакне сваёй кватэры, Таццяна «наўмысна правяла адзіночны пікет без адпаведнага дазволу Менскага райвыканкаму». Разглядаць справу будзе Менскі раённы суд 14 снежня. Таццяна кажа, што некаторыя суседзі ўжо атрымалі штраф, хтосьці чакае суду, а некаму ўжо прыслалі пратакол. Таццяна кажа, што сьцяг з вакна яна не прымала, ён вісіць вэртыкальна, за шыбай, унутры кватэры.

«Я маю павагу да гэтага гістарычнага сьцяга, і ён асацыюецца з маімі дзіцячымі ўспамінамі: калі я пайшла ў першы клас, настаўніца апавядала нам легенду пра князя, які вёў войска. Для мяне гэта гісторыя, якая тлумачыла колер нашага дзяржаўнага сцяга, — кажа Таццяна. — Цяпер ён для мяне — сымбаль свабоды, аднаўлення, жадання іншай будучыні. У пэўным сэнсе гэта і нязгода з афіцыйнай пазыцыяй уладаў».

Таццяна кажа, што сцяг у вакне яе кватэры — гэта не вулічная акцыя, не нейкае пікетаваньне.

«Гэтыя колеры мне падабаюцца таксама ў эстэтычным сэнсе. Я нікога не заклікаю да нечага, ніякіх лёзунгаў не выкрыкваю і не вывешваю. Для мяне гэта праява павагі да гістарычных дзяржаўных сымбаляў. Я лічу гэта толькі маёй пазыцыяй і нікога ні да чога не заклікаю».

Таццяна кажа, што ў таварыстве ўласьнікаў прасілі прыбраць бел-чырвона-белую сымболіку з месцаў агульнага карыстаньня, каб пазбегнуць штрафаў. Але што да асобных кватэраў, то з боку таварыства ніякіх просьбаў не было.

Як Таццяна ставіцца да распачатага ўладамі паляваньня на гістарычную сымболіку?

«Яны любымі спосабамі спрабуюць задушыць праявы вальнадумства і стварыць карцінку таго, што ў нас усё ў краіне так, як і было раней, — кажа Таццяна. — Сцягі — гэта праява салідарнасьці з тымі, хто пацярпеў. Улады таксама змагаюцца з гэтай салідарнасьцю. Але калі нават сцягі знікнуць, то будзе нейкі іншы сымбаль салідарнасьці. Таму гэта марная праца, гэта тое ж самае, што змагацца з ветракамі».

Паводле Таццяны, яе бацька, які дапамагаў з рамонтам, і сястра, якая жыве з ёю, падтрымліваюць яе пазыцыю.

«Усе мы лічым, што нічога злачыннага ў тым, што ў вакне вісіць бел-чырвона-белы сцяг, няма, і нам няма чаго баяцца. У маці толькі ёсьць нейкі страх, што могуць пакараць. Але ўсе яны мяне падтрымліваюць».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: