«Правёў адзіночны пікет». Жыхара Новай Баравой судзілі за сцяг унутры лоджыі

Жыхара Новай Баравой судзілі за сцяг на лоджыі. Бел-чырвона-белае палатно, па яго словах, не вісіць звонку памяшкання, а за шклом, з боку кватэры. У судзе палічылі сітуацыю адзіночным пікетам.
Ілюстрацыйнае фота, аўтар Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота, аўтар Дзмітрый Дзмітрыеў


Нагадаем, нядаўна жыхарам Новай Баравой кідалі позвы ў паштовыя скрыні.

Людзей выклікалі ў міліцыю — пагражалі адміністрацыйнай адказнасцю па арт. 21.13 Каап РБ (Парушэнне архітэктурнага рашэння фасада будынка або збудавання) і арт. 21. 14 Каап (Парушэнне правілаў добраўпарадкавання). Усё гэта звязвалі з сцягамі, якія вісяць на балконах і вокнах у многіх кватэрах.

Сцяг на балконе — адзіночны пікет

У жыхара дома па Авіяцыйнай, 3 Арцёма ёсць гісторыя яшчэ цікавей. Днямі яго асудзілі за сцяг унутры лоджыі.

22 лістапада жыхару квартала патэлефанавалі з міліцыі, папрасілі праверыць паштовую скрыню. Там апынулася позва — запрашалі на адміністрацыйны працэс паводле арт 23.34. На гэты раз былі пазначаны прозвішча, імя і імя па бацьку адрасата.

На наступны дзень мянчук прыйшоў у міліцыю, там на яго склалі пратакол.

У пратаколе пазначана, што мужчына 21 лістапада ў 15.20 вывесіў "для публічнай дэманстрацыі на ўсеагульны агляд не зарэгістраваны ў адпаведнасці з палажэннямі Закона Рэспублікі Беларусь ад 26.05.2012 "Аб афіцыйных геральнычных сімвалах" бел-чырвона-белы сцяг, у цэнтры якога размешчаны герб Пагоня".

У міліцыі палічылі гэта "наўмысным правядзеннем адзіночнага пікету без дазволу Мінскага райвыканкама", а таксама "публічным выказваннем сваіх грамадска-палітычных настрояў".

На думку інспектара, Арцём парушыў арт. 10 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб масавых мерапрыемствах".

— Суд быў 26 лістапада. Я быў з адвакатам, яна адзначала, што лоджыя гэта не публічнае месца, што пікет мае на ўвазе прысутнасць хаця б аднаго чалавека. На балконе вісеў толькі сцяг — гэта бачна і на фота міліцыі, — распавёў Арцём. — А ў той час, які пазначаны ў пратаколе, я наогул ляжаў на канапе і глядзеў тэлевізар. Я не стаяў на балконе і не крычаў адтуль лозунгі. У мяне дома ёсць відэакамера, файлы з яе мы спрабавалі даць суду — там выразна відаць, дзе я знаходжуся. Але суддзя не стала нават глядзець гэта відэа.

Арцём кажа, што яму прысудзілі штраф — 20 базавых велічынь (540 рублёў) па артыкуле 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Пастанову суда паабяцалі даслаць па пошце.

— Вядома, мы будзем абскарджваць. Я не згодны з такім рашэннем, лічу, што ў сябе дома магу выказваць свае палітычныя погляды як хачу. Лоджыя — гэта мая тэрыторыя.

Пакуль невядома, ці асудзілі яшчэ кагосьці па 23.34 за сцягі ў вокнах дамоў Новай Баравой, але Арцём кажа, што позвы працягваюць раскідваць па паштовых скрынях.

Паводле news.tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: